На аднаго жыхара Беларусі прыходзіцца 0,31 легкавой машыны

Або 0,373 машыны з улікам аўто арганізацыяў, а таксама грузавікоў, аўтобусаў і іншага калёснага транспарту

Паводле зборніка Белстату «Транспарт і сувязь у Рэспубліцы Беларусь» (PDF), у Беларусі на канец 2017 году было 2 972 700 легкавых аўтамабіляў ва ўласнасьці грамадзянаў. То значыць, свой легкавік мелі толькі тры зь дзесяці беларусаў.

Яшчэ ў прыватнай уласнасьці беларусаў на канец 2017 году налічылі 137 291 грузавік і 11 102 аўтобуса.

Самы «матарызаваны» рэгіён — горад Менск з 634,4 тысячы прыватных легкавікоў (320 на 1000 чалавек), сьледам — Менская вобласьць з 473,8 тысячы прыватных легкавікоў (332 на 1000). Найменш легкавых машынаў ва ўласнасьці жыхароў Магілёўскай вобласьці — 302,4 тысячы (286 на 1000). У Гомельскай крыху больш машынаў, але найменш прыватных легкавікоў на душу насельніцтва — 271 на 1000 чалавек.

Арганізацыям належыць яшчэ 423 292 машыны (122 тысячы легкавоў, 269 тысячаў грузавіка, 32 тысячы аўтобусаў, 1,5 тысячы тралейбусаў, па тры сотні трамваяў і вагонаў мэтро).

Сумарна ў краіне 3,544 млн машынаў (калі ня ўлічваць не пазначаныя ў статыстыцы матацыклы, мапэды, трактары і іншую тэхніку такога кшталту) — прыблізна 373 машыны на 1000 чалавек.

Беларусь далёкая ад дзясяткі самых «матарызаваных» краінаў. Самая «матарызаваная» з буйных дзяржаваў — ЗША з 910 аўто на 1000 чалавек, Штаты абганяе толькі мікрадзяржава Сан Марына, дзе на 1000 чалавек амаль 1300 аўто. У Расеі на 2017 год было 324 аўто на 1000 чалавек, у Польшчы на 2017-ы — аж 539 на 1000, ва Ўкраіне на 2016-ы — толькі 202 на 1000.

Колькасьць машынаў у Беларусі пастаянна расьце. Так, з 2012 па 2017 год колькасьць легкавікоў у прыватнай уласнасьці вырасла на 12,6%. Зьмяншаецца толькі колькасьць тралейбусаў — іх за той жа час стала меней на 13,5%.

Таксама ў Беларусі зарэгістраваныя 34 пасажырскія і 31 грузавая паветраныя машыны (самалёты, верталёты і іншыя), 230 транспартных караблёў (у тым ліку буксіры і штурхачы), 206 дапаможных транспартных водных суднаў і 13 пасажырскіх караблёў агульнага карыстаньня.

Дарогаў агульнага карыстаньня ў Беларусі на 2017 год налічылі 102 400 км (у 2012-м было 100,4 тысячы км, у 2011-м — 86,5 тысячы км), зь іх 88,6 дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём. То значыць, на адну прыватную легкавую машыну прыходзіцца прыблізна 34,45 мэтраў дарогі.