Таваразварот Беларусі і Кітаю не расьце з 2015 году

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Фота: Shutterstock

Пік узаемнага гандлю паміж Беларусьсю і Кітаем прыпаў на 2015 год і з таго часу не павялічваецца.

За 20 хвілін да пачатку перамоваў паміж дэлегацыямі Нацыянальнага сходу Беларусі і Народнай палітычнай кансультатыўнай рады Кітаю госьці ўважліва аглядалі і фатаграфавалі Дом ураду і помнік Леніну. І ўвесь гэты час каля правага крыла будынка стаяў толькі адзін бліскучы чорны аўтамабіль — «Джылі».

Невыпадкова, бо намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, які ачольваў беларускую дэлегацыю, падчас сустрэчы назваў вытворчасьць «Джылі» пасьпяховым прыкладам супрацы абедзьвюх краін.

Яшчэ больш радасныя пэрспэктывы ў супольнага беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Пірштук сказаў, што тут ужо зарэгістраваліся 36 рэзыдэнтаў, прыкладна палова зь іх — кітайскія фірмы.

«Мы стварылі тут беспрэцэдэнтныя прэфэрэнцыі. І спадзяёмся, што гэты праект прыцягне замежных інвэстараў, і ня толькі кітайскіх», — падкрэсьліў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Афшор не для ўсіх. Колькі каштуе зямля і нерухомасьць у кітайска-беларускім парку «Вялікі камень»

Два гады бяз росту

Паводле Пірштука, пік узаемнага гандлю абедзьвюх краін прыпаў на 2015 год (4,1 мільярда даляраў. — РС). З таго часу таваразварот не расьце — летась ён склаў 3,1 мільярда даляраў. Асабліва занепакоены гэтым беларускі бок.

«Экспарт Беларусі ў Кітай нязначны (усяго 11,7 адсоткі ад агульнага таваразвароту. — РС). Імпарт значна яго перавышае», — падкрэсьлівалася падчас перамоваў.

Кітайцы абяцалі падумаць над гэтым пытаньнем. І прапанавалі шукаць для супольных праектаў найсучасныя тэхналёгіі.

Ці робіцца Кітай новым «старэйшым братам» Беларусі