Беларускі пэнсіянэр, які атрымаў грын-карту і 6 месяцаў на год жыве і працуе ў ЗША, падзяліўся сваім досьведам разбурэньня стэрэатыпаў аб гэтай краіне.
Уладзімер Рудзеў стала жыве ў мястэчку Наваельня Дзятлаўскага раёну. Былы інжынэр-цеплатэхнік, але працуе і на пэнсіі — езьдзіць вахтавым мэтадам за мяжу.
Езьдзіць ён не ў Расею ці Польшчу, як многія суайчыньнікі, а за акіян. Рудзеў працуе тэхнічным работнікам у гатэлі гораду Чарльстану, што ў Паўднёвай Караліне.
Паездкі і праца ў ЗША пачаліся з выйгрышу ў лятарэі Green Card, у якой Уладзімер нават не зьбіраўся ўдзельнічаць. Анкету запоўніў пляменьнік. І закон лятарэі (навічкам шанцуе) спрацаваў. Цяпер Рудзеў паўгода праводзіць у ЗША, а з красавіка па кастрычнік адпачывае на радзіме. З-за акіяну прывозіць, акрамя добрай зарплаты, новыя ўражаньні, з кожным годам разьвейваючы старыя савецкія стэрэатыпы.
Пра некаторыя зь іх Уладзімер Рудзеў расказаў Свабодзе.
Пра «тупых» амэрыканцаў
Амэрыканец з вышэйшай адукацыяй, які мае працу, ведае, дзе знаходзіцца Афрыка, а дзе Аўстралія. І ня трэба думаць, што яны ўсе «такія тупыя». Амэрыканец ведае, што ёсьць дзьве Карэі, але ён мае права ня ведаць, хто там прэзыдэнт. Яму гэта абсалютна ня трэба. Ён робіць сваю працу, ён плаціць падаткі, ён жыве для сябе. А гэтым хай займаецца Кангрэс і Дзярждэпартамэнт. У старажытным Рыме была такая прымаўка: «Хто паўсюль, той нідзе». Мы ўсё ведаем. Мы ведаем астраномію, палітыку, эканоміку. Але чамусьці цягнемся ў хвасьце. Яны «тупыя і абмежаваныя», але чамусьці ў іх эканоміка на першым месцы.
Пра «няшчырыя» амэрыканскія ўсьмешкі
Найбольш уразіла амэрыканская добразычлівасьць. Яны нашмат дабрэйшыя за нас. Гэта праяўляецца ў тым, што на працы яны цябе падтрымліваюць. Які б ты касяк не дапусьціў, ён ніколі на цябе не павысяць голас. Ці фарбу ты разьліў, ці нешта сапсаваў. Амэрыканцы вельмі стрыманыя. Яны цябе паважаюць як асобу. Любога. Нават работнікі аэрапорту цябе за руку прывядуць туды, куды табе патрэбна. У адрозьненьне ад нашых супрацоўнікаў у аэрапорце Менск. Па-другое, яны спачуваюць табе. Што вось, ты прыехаў працаваць за акіян, ты пакінуў сям’ю, табе цяжка. Сустракаюцца такія амэрыканцы, якія гатовыя табе даць даляраў пяцьдзясят. Прычым кажуць: «Мне не аддавай. Пабагацееш — аддай таму, хто прыедзе пасьля цябе». Я сустракаў такіх на працы сваёй.
Пра «закрытасьць» амэрыканскага грамадзтва
Беларусы ў ЗША працуюць праграмістамі, дальнабойшчыкамі. Я ня бачыў ніводнага беларуса, каб ён сядзеў з працягнутай рукой. Беларусы там падымаюцца вельмі высока. Беларус у Амэрыцы падымаецца вышэй, чым у Беларусі. Там цэняць тваю працу. Амэрыканцы за цябе радуюцца. Яны вельмі камунікабэльныя. Больш кампанейскія за эўрапейцаў. І за беларусаў. Але, калі ты ня ведаеш іхнай мовы, як ты завядзеш дружбу? А калі ты ведаеш мову, 90 адсоткаў тваіх праблем зьнікае. З мовай у цябе і сябры будуць. І запросяць цябе на ўік-энд, і на акіян, і на рыбалку. А бяз мовы каму ты патрэбен? Уявіце, што да нас прыяжджае чалавек зь якой Афрыкі, ня ведаючы нашай мовы. Хто ў яго сябар будзе?
Пра Амэрыку як «сусьветнага жандара»
Я лічу, што мусіць у гэтым сьвеце быць паліцыянт. Пастух, жандар. Я лічу, што гэта не павінен быць камуністычны Кітай, і не Расея. Амэрыканцы памяшаныя на законах. Для іх законы вышэйшыя за Біблію. Закон павінны выконваць усе. Ад валацугі, які абколаты валяецца на вуліцы, і да прэзыдэнта. Я не зьдзіўляўся, калі ў асабістага кіроўцы Абамы, калі той заехаў на пешаходны пераход, забралі правы. Дарэчы, там за п’янку лепш не пападацца. Загадаеш ня толькі ўнукам, але і прапраўнукам, каб не пілі. Мала таго, што забяруць правы. Але ты яшчэ будзеш хадзіць тры месяцы на курсы, дзе табе мэдыкі будуць чытаць лекцыі пра шкоду алькаголю. І ты за гэтыя курсы заплаціш 800 даляраў. І паспрабуй іх прапусьці! Забяруць правы пажыцьцёва. Я бачыў былых савецкіх хлопцаў, якія папаліся. «Лепей бы я ў той час кіслату піў, а не гарэлку», — казалі.
Пра фэрмэра, які замяняе цэлы калгас
У мяне ёсьць знаёмы фэрмэр у Паўднёвай Караліне. Дык вось у гэтага фэрмэра пасяўныя плошчы складаюць 3,5 тысячы гектараў. Апрацоўвае адна фэрмэрская сям’я. Ён наймае на ўборачную і на пасяўную тры-чатыры чалавекі. Колькі ў нас у калгасах эканамістаў абслугоўваюць тры з паловай тысячы гектараў?.. Там абслугоўвае адна сям’я. Ён, амэрыканец, жонка-расейка, якая там ужо 25 гадоў, сын і дачка. Яны і бухгальтары, і эканамісты. Як мага менш «рукавадзяшчых» (ад слова «рукой вадзіць»).