Звыш паўсотні подпісаў у абарону мэмарыялу ў Курапатах сабралі ва ўкраінскім Чарнігаве. Збор арганізаваны ў мясцовым культурным цэнтры «Інтэрмэца».
Пра гэта Свабодзе паведаміў каардынатар грамадзкай арганізацыі «Чарнігаўскі асяродак суполак сеткі „Вольныя людзі“», краязнаўца Аляксандар Ясянчук.
Арганізатарамі падрыхтаваны зварот з нагоды Курапатаў да грамадзянаў Украіны, у тым ліку ўкраінцаў беларускага паходжаньня.
«Мы з трывогаю дазналіся, — гаворыцца ў звароце, — пра сытуацыю вакол Курапатаў, зьвязаную з адкрыцьцём каля месца гібелі тысячаў ахвяраў сталінізму рэстарацыі „Поедем поедим“. Гэта непрымальна для нас — людзей, чые продкі былі зьнішчаныя ў гады сталінізму альбо прайшлі праз ГУЛАГ.
Заклікаем беларускую грамаду абараніць Курапаты ад гэтай навалачы. Заклікаем бізнэсоўцаў і чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да пабудовы і адкрыцьця рэстарацыі каля Курапатаў, пакінуць гэтае месца, сьвятое для кожнага сумленнага чалавека».
У звароце зьмяшчаецца заклік да беларускага ўраду «спыніць зьдзек з памяці нявінных ахвяраў».
Пад зваротам падпісаліся дэпутат Дзясьнянскай раённай рады Чарнігава Юніс Аскераў, доктар гістарычных навук Сяргей Ліп’яўка, праваабаронца Яўген Малецкі, кіраўніца курсаў украінскай мовы Людміла Зіневіч, галоўны рэдактар газэты «Світ-інфо» Пятро Антоненка.
У апошняга зь іх дзед расстраляны ў чарнігаўскім Халявіне, месцы масавага зьнішчэньня энкавэдыстамі мірных людзей, падобным да менскіх Курапатаў.
«Зьбіраць подпісы мы будзем яшчэ тыдні два, — кажа Аляксандар Ясянчук. — Перадамо іх у Менск журналісту „Новага часу“ Марату Гаравому, які, па сутнасьці, быў ініцыятару збору. Ён і накіруе подпісы беларускаму ўраду».
Ідэя збору подпісаў нарадзілася ў Чарнігаве ў чэрвені падчас дакумэнтальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні», падрыхтаванай беларускай грамадзянскай ініцыятывай «Экспэрты ў абарону Курапатаў» разам з Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці.
Што важна ведаць пра пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.