Па Беларусі цягам ліпеня пройдуць плянавыя адключэньні электрычнасьці на 6–8 гадзінаў. Сьпіс дамоў, якія застануцца безь сьвятла, даволі доўгі, але ў «Белэнэрга» запэўніваюць: гэта звычайная справа.
Як расказаў Свабодзе начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзелу кампаніі «Белэнэрга» Аляксандар Малькоў, з электрасеткамі не адбылося нічога надзвычайнага. Такія адключэньні былі і ў папярэднія гады, але раней пра іх іначай інфармавалі.
«Дагэтуль дыспэтчары паведамлялі аб плянавых адключэньнях ЖЭСам, тыя разьлеплівалі абвесткі на пад’ездах, так жыхары пра гэта і даведваліся, — кажа Малькоў. — Цяпер, разумееце час ужо ня той, таму прынялі рашэньне інфармаваць праз сайты і сацсеткі пра тыя ж работы, якія і год, і пяць, і дзесяць год таму вяліся летам, калі ідзе падрыхтоўка да восеньска-зімовага пэрыяду. Заўсёды такія працы былі, колькі існавалі электрасеткі».
Гарады не адключаюцца ад электрасетак цалкам — хіба могуць цалкам адключыць цэлую вёску, «завязаную» на адну паніжальную падстанцыю, а ў гарадах адключаюць адначасова толькі некалькі дамоў (да адной падстанцыі могуць падключаць некалькі дамоў у розных раёнах), ня цэлыя населеныя пункты. Адключаюць сьвятло на 6–8 гадзінаў, максымум работы могуць зацягнуцца на дзень-два.
Летам, дадае Малькоў, работы праводзяцца з разьліку на тры астатнія сэзоны, паводле прынцыпу «рыхтуй сані летам». Узіму дзеля капітальнага рэмонту абсталяваньня праблематычна адключаць электрычнасьць праз большую нагрузку на электрасеткі, праз неабходнасьць у ацяпленьні.
Асноўная маса адключэньняў прыйдзецца на бліжэйшыя два тыдні. Паглядзець, калі якія дамы будуць адключаць, можна на сайтах абласных энэргетычных кампаніяў:
- Менск і Менская вобласьць
- Берасьцейская вобласьць (сайт функцыянуе з памылкамі)
- Віцебская вобласьць
- Гомельская вобласьць
- Горадзенская вобласьць
- Магілёўская вобласьць