У Вярхоўны суд накіравана крымінальная справа па факце сьмерці радавога Аляксандра Коржыча.
Генпракуратура вывучыла і 4 ліпеня накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі для вызначэньня падсуднасьці крымінальную справу па абвінавачаньні трох вайскоўцаў 72-га Аб’яднанага вучэбнага цэнтру Ўзброеных сіл ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж), ч. 1 і ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару і паўторнае атрыманьне хабару), ч. 3 арт. 455 КК (перавышэньне ўлады, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы).
Справу салдата Коржыча, які загінуў у войску, перадалі ў Генпракуратуру
Генпракуратура паведамляе, што пасьля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы пракурор прыйшоў да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня, наяўнасьці дастатковых, датычных да справы і дапушчальных доказаў вінаватасьці абвінавачаных, поўным, усебаковым і абʼектыўным дасьледаваньні акалічнасьцяў злачынства.
Пракурор пагадзіўся з крымінальна-прававой кваліфікацыяй дзеяньняў абвінавачаных. Ужытая раней у дачыненьні да абвінавачаных мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту пакінутая пракурорам бязь зьмены. Папярэдняе расьсьледаваньне праводзілася галоўным сьледчым упраўленьнем СК Беларусі.
Тры сяржанты часткі, дзе служыў загінулы 21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандар Коржыч, абвінавачваюцца ў давядзеньні яго да самагубства.
Радавога Коржыча 3 кастрычніка 2017 году знайшлі павешаным у падвале мэдычнай роты.
Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці
Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў, каб прадухіліць гібель Коржыча, з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.
«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына
Адбыўся таксама шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча. З пачатку 2018 году, паводле Генпракуратуры, 23 салдатаў тэрміновай службы асудзілі за гвалт у войску.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).
Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.
72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.
Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.