Аляксея Туровіча затрымалі 4 ліпеня. Працэс адбыўся ў судзе Менскага раёну. Абвінавацілі Туровіча па артыкулах 17.1 («Хуліганства») і 23.34 ч. 1 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»). Гэта тычыцца падзеяў 6, 7 і 9 чэрвеня каля рэстарана «Поедем поедим».
У пратаколах гаворыцца, што Туровіч 7 чэрвеня ўступіў у бойку з грамадзянінам С. (супрацоўнікам рэстарана. — РС); 6 чэрвеня парушыў парадак правядзеньня пікетаваньня; 9 чэрвеня наўмысна перашкаджаў праходу наведнікаў і праезду транспарту на тэрыторыю рэстарана, патрабаваў закрыць рэстаран.
Туровіч віны не прызнаў. Засьведчыў, што 7 чэрвеня супрацоўнік рэстарана напаў на людзей, якія абараняюць Курапаты, парваў буклеты з інфармацыяй, у тым ліку ўдарыў Туровіча. Праезду транспарту, паводле рэжысэра, ён перашкаджаў, але не замінаў людзям праходзіць пешкі.
У якасьці доказаў у судзе былі прагледжаныя відэазапісы, аднак відэафіксацыі магчымай бойкі паміж Туровічам і супрацоўнікам рэстарана ў судзе не паказалі.
Аляксей Туровіч прызнаў, што браў удзел у пікетаваньні, але лічыць, што дазвол на такія дзеяньні ня быў патрэбны. Ён прасіў суд яго апраўдаць і параіў судзьдзю Аляксею Крапачову паглядзець ягоны фільм «Жоўты пясочак».
Заяўнікамі ў справах Аляксея Туровіча і Максіма Вінярскага выступілі супрацоўнікі рэстарана.
За пікетаваньне рэстарацыі каля Курапатаў на Туровіча было складзена 8 пратаколаў.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.