Ва Ўкраіне міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю адкрыла антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні ў сувязі зь «нядобрасумленнымі» пастаўкамі зь Беларусі цэмэнту ды пруткоў з вугляродзістай і легіраванай сталі.
«Падчас расьсьледаваньняў будуць вывучацца інфармацыя і доказы наяўнасьці дэмпінгу, шкоды і прычынна-выніковай сувязі паміж імі. Паводле вынікаў будзе прынята рашэньне аб мэтазгоднасьці або немэтазгоднасьці прымяненьня адпаведных антыдэмпінгавых захадаў», — паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны.
Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а пры надзвычайных абставінах ён можа быць падоўжаны да 330 дзён.
«Калі павелічэньне аб’ёму імпарту ва Ўкраіну адбываецца ў такіх памерах ці на такіх умовах, што прычыняецца або існуе пагроза прычыненьня значнай шкоды, то ў мэтах абароны рынку камісія можа ўхваліць рашэньне аб прымяненьні спэцыяльных захадаў у выглядзе ўвядзеньня рэжыму кватаваньня імпарту або шляхам устанаўленьня спэцыяльнага мыта на тавар, які ёсьць абʼектам гэтага расьсьледаваньня», — падкрэсьлілі ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны.
Асацыяцыя вытворцаў цэмэнту «Укрцэмэнт» напрыканцы мінулага году зьвярнулася ў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю з заявай аб парушэньні прынцыпаў добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку Ўкраіны з боку беларускіх вытворцаў цэмэнту.
Галоўным аргумэнтам неабходнасьці абароны ўнутранага рынку было павелічэньне ўвозу беларускага цэмэнту ва Ўкраіну ў 170 разоў да больш як 255 тысяч тон.
«У той час, як Украіна на беларускім рынку мае падзеньне нават пры тых невялікіх аб’ёмах, якія пастаўляюцца ў Беларусь, украінскі цэмэнт не дапускаецца на беларускі рынак», — тлумачыў Свабодзе старшыня Асацыяцыі вытворцаў цэмэнту «Укрцэмэнт» Паўло Качур.
Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, аналягічныя тэндэнцыі адзначаюцца і сёлета: за чатыры месяцы 2018 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну вырабаў з каменю, гіпсу ды цэмэнту на 5,8 мільёна даляраў, што на 56 адсоткаў перавышае аналягічныя леташнія аб’ёмы ў гэты ж пэрыяд і складае 0,6 % ад агульнага таваразвароту між краінамі.
У студзені—красавіку Беларусь паставіла ва Ўкраіну вырабаў з чорных мэталаў на 7,3 мільёна даляраў (на 24,2 % больш, чым у гэты ж пэрыяд летась), а аб’ёмы паставак вырабаў зь медзі, нікелю і алюмінію нават не дасягнулі леташняга аб’ёму.
Паводле беларускай статыстыкі, Беларусь паставіла ва Ўкраіну прутоў з вугляродзістай сталі на 13,54 мільёна даляраў, зь легіраванай сталі — на 1,1 мільёна, а цэмэнту — на тры мільёны даляраў. Розьніцу ў дадзеных можна патлумачыць толькі тым, што ва ўкраінскай статыстыцы гэтыя таварныя пазыцыі прадстаўленыя не асобна, а ў групе тавараў.