З Першамайскага РУУС Менску спачатку былі адпушчаныя праваабаронцы і журналіст Ільля Дабратвор, якіх затрымалі на бульвары Талбухіна.
Як распавёў Ільля Дабратвор БелаПАН, папярэдне зь іх узялі тлумачэньні. Дабратвор расказаў, што зьбіраўся рабіць журналісцкі рэпартаж з акцыі, а праваабаронцы заявілі, што яны прыйшлі ў сквэр ня ўдзельнічаць у акцыі, а назіраць за ёй.
Пасьля гэтага ў Першамайскім РУУС заставалася 21 чалавек. На некаторых зь іх склалі пратаколы аб правапарушэньні.
Пазьней іх пачалі адпускаць.
3 ліпеня на бульвары Талбухіна было затрымана каля 30 чалавек. Яны прыйшлі на «Акцыю вызваленьня і салідарнасьці», якую ініцыяваў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч і якая мелася пачацца ў 13.00. Статкевіч у «Фэйсбуку» заклікаў людзей сабрацца 3 ліпеня ў сквэры на бульвары, каб «выказаць сваю салідарнасьць з пакаленьнем, якое вызваліла сьвет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленьне краіны ад улады яго прыхільніка».
Несанкцыянаваная акцыя была спыненая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.
Мікалая Статкевіча затрымалі прыкладна ў 11.30 на выхадзе з дому. Пры такіх жа абставінах быў затрыманы яшчэ адзін апазыцыйны палітык — Вячаслаў Сіўчык.
Жонцы Статкевіча ў міліцыі паведамілі, што да суду яе мужа адправілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Паводле ўдзельніцы Руху Салідарнасьці «Разам» Алены Талстой, на Акрэсьціна адвезьлі таксама Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага.
Напярэдадні ў Менску былі затрыманыя актыўныя абаронцы Курапатаў Павал Севярынец, Вольга Нікалайчык, Натальля Гарачка і Дзяніс Урбановіч. Севярынца і Нікалайчык асудзілі на 10 сутак арышту.