Парад на Дзень Рэспублікі. ФОТАРЭПАРТАЖ
Сьвяточны парад 3 ліпеня ў Менску прымаў Аляксандар Лукашэнка. Ад 2011 да 2015 году ён прымаў парады 3 ліпеня з сынам Мікалаем, але сёлета на пляцы ён быў бяз сына
У прамове Лукашэнка казаў, што Беларусь «робіць самыя рашучыя захады па ўмацаваньні вайсковай бясьпекі», бо хоць краіна «дэманструе міралюбную палітыку», ёй «нельга расслабляцца», нагадаў пра «ініцыятыву маштабнага міжнароднага дыялёгу па ўмацаваньні бясьпекі»
Парад сёлета быў амаль цалкам вайсковы — цывільны складнік абмежаваўся групавым танцам пад беларускамоўныя песьні
Летась на парадзе паказвалі трактары ў капелюшах, пральныя машыны, каўбасы і ўнітазы. Цяпер толькі танцы
На парадзе акрамя беларускіх войскаў былі таксама вайскоўцы з Расеі і Кітаю (таксама беларускія вайскоўцы выносілі сьцягі СССР), упершыню на парад выйшлі беларускія вайскоўцы-жанчыны і курсанты вайсковых вучэльняў
Напярэдадні параду Міністэрства абароны адказала крытыкам, якія наракалі, што парад дарагі і псуе асфальт: парад параўналі зь вясельлем, падчас якога «б’юць фужэры на шчасьце»
Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару»
Папярэдне сьцьвярджалася, што парадам па Менску пройдуць каля 4 тысячаў вайскоўцаў і больш за 250 адзінак баявой тэхнікі
Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні)
Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і разьбітымі дарогамі пасьля праезду цяжкай тэхнікі
Неўзабаве па завяршэньні афіцыйнага параду мелася адбыцца несанкцыянаваная «Акцыя вызваленьня і салідарнасьці» апазыцыйнага лідэра Міколы Статкевіча, зы замест пікету здарыўся хапун, затрыманыя каля дваццаці чалавек