Самае цікавае ў дзёньніках — водгукі чытачоў. Калі асабістае адбіваецца ў асабістым, як у бясконцай люстраной галерэі.
Пра кнігу Анкі Ўпалы «На засьнежаны востраў» пісалі рознае. Адныя — пра магічную мову, якая перадае холад і засьнежанасьць сьвету аўтаркі. Іншыя — пра скупасьць мовы, што дазваляе засяродзіцца на праблемах, паднятых Аленай (сапраўднае імя пісьменьніцы, пад ім жа фігуруе ў кнізе).
Гэта літаратура, бо прымушае задумацца.
Гэта не літаратура. Так, апісаньне побыту.
Як высьвятляецца, нацыянальнасьць – вялікая ўмоўнасьць
Нехта падкрэсьлівае мультыкультурнасьць, у якой апынулася аўтарка: столькі пэрсанажаў, столькі нацыянальнасьцяў і моў!.. Іншыя нівэлююць гэты складнік. Як высьвятляецца, нацыянальнасьць — вялікая ўмоўнасьць. Па вялікім рахунку, яна нічога ня значыць. Хіба адценьне цэглы, зь якой складзеная вежа, у якой замкнёны пэрсанаж.
Насамрэч, размову пра стракаты нацыянальны складнік у гэтай кнізе я б нават не пачынала заводзіць. Бо тут зусім не пра тое, якія мы розныя і як гэта прыўкрасна. Тут пра адзіноту, якая ня мае пашпарту. Пра беспрытульнасьць, пачуваньне сябе чужым. Усе мы людзі, кажучы ўтрыравана.
Карыстаючыся галоўнай мэтафарай кнігі, можна сказаць інакш: як ні назаві купку астравоў у акіяне, астравы ўсё роўна будуць адасобленыя. І непаўторныя.
Усякае меркаваньне пра кнігу будзе слушным
Пацеха ў тым, што ўсякае меркаваньне пра кнігу будзе слушным. Тым самым здымаецца пытаньне «ці мастацкі гэта твор?». Чым больш свабоды ў трактоўках дае тэкст, тым вышэйшы градус мастацтва.
Хто верыць лозунгам з шэрагу «сапраўдны беларус — гэта…», убачыць у галерэі партрэтаў мультыкультурнасьць. Такі сабе зрэз жыцьця сучаснага грамадзтва. Згадваецца таксама хрэстаматыйны прыкалад, дзе ў якасьці паменшанай копіі глябальнай чалавечай цывілізацыі прыводзіцца вёска: столькі-та ў ёй жыве эўрапецаў, столькі-та афрыканцаў, зь іх столькі-та жанчын, і палова іх усіх ня мае даху над галавой…
Але мне такі расклад бачыцца наіўным. Анка Ўпала не ілюстратарка. Яна назіральніца.
Для тых, хто, напрыклад, згодны з Айнштайнам у поглядах на нацыяналізм (дзіцячая хвароба чалавецтва), разуменьне кнігі «На засьнежаны востраў» вельмі спрашчаецца. І ўскладняецца разам з тым. Спрашчаецца, бо кніга робіцца гісторыяй пра людзей. Ускладняецца, бо гісторыі пра людзей не бываюць простыя.
Што не адмяняе тых праблемаў, пра якія пісьменьніца змушаная казаць. Змушаная — бо сутыкаецца зь імі так, што «не аб’едзеш». Напрыклад, досьвед іншасьці.
“На засьнежаны востраў” поўніцца адзінотай
«На засьнежаны востраў» поўніцца адзінотай. Сумневы. Цягнікі, празь якія назіраеш за жыцьцём, але ўдзельнічаць у ім не пасьпяваеш. Натоўпы чужынцаў. Замерзлае возера. Зашклёны пэйзаж. Адзінота асабліва цяжкая, бо ўвесь час аўтарка знаходзіцца між людзей.
Цікавая штука — тлумачэнне гэтай адзіноты. Аўтарка бярэ за адказ інтравэртнасьць. Але ці толькі ў гэтым справа? Для пачатку прызнаем, што мы ўсе падуладныя стэрэатыпам. Потым прызнаем, што на пытаньне, з кім у нас больш агульнага — са швэдамі ці самалійцамі? — мы выберам першы варыянт.
Магу дапусьціць, што аўтарка-гераіня кіравалася той жа лёгікай, а хутчэй нават пачуцьцем.
І вось швэды не прымаюць яе
І вось швэды не прымаюць яе. А навучэнцы школы, збольшага — эмігранты з краін, не падобных да Беларусі, — прымаюць. Маем клясычную драму «чужы сярод сваіх, свой сярод чужых». Яшчэ вастрэйшым канфлікт робіцца, калі аўтарка-гераіня згадвае жыцьцё ў родненькім беларускім грамадзтве.
«На засьнежаны востраў» — кніга, якая прыкметна вылучаецца ў сучбелліце. Былі падарожныя дзёньнікі. Былі дзёньнікі кшалту «Я і Вялікія» (альбо «Я і Мая Каза»). У эсэ, публіцыстыцы і пад. маем проціпастаўленьні кшталту «мы і чужынцы», «мы і здраднікі», «мы і Эўропа». Колькі ні вазьмі такіх тэкстаў, паўсюль апавядальнік ці галоўны герой будзе на пазыцыі моцнага. У тым сэнсе, што нават няшчасны, пакрыўджаны, абылганы, ён на сваёй зямлі, ён «права мае». Правы могуць прыцясьняць, але ж мы з вамі ведаем, што яны ў нас ёсьць.
Алена Казлова неяк неўпрыкмет узяла ды перапыніла гэтую традыцыю пакутніцтва. Пераступіла мяжу дзіцячага «я», увайшла ў сьвет, дзе ніхто нікому ня вінны, дзе твае правы — правы чужынца. Гэта ўжо не раскіданае гняздо. Гэта гняздо пакінутае, пакінутыя звыклыя ўтульныя крыўды, балячкі, комплексы.
І аказалася, што ёсьць яшчэ птушкі на гэтай зямлі. І ты між іх ня самая гаротная.
Ёсьць рэчы важнейшыя за сваркі адной маленькай краіны
Ёсьць рэчы важнейшыя за сваркі і звадкі адной маленькай асобна ўзятай краіны. Неабароненасьць слабых (жанчына, дзіця, нацыянальная меншасьць — прыватныя выпадкі агульнай несправядлівасьці). Расізм — туды ж. Голад і гвалтоўная сьмерць. Вайна як канцэнтрат усемагчымых злачынстваў.
Абагульнена ўсё гэта гучыць бессэнсоўна і безаблічна. Што вайна, што Дзед Мароз — ступень рэальнасьці аднолькавая. Алена наблізіла гэтыя рэчы на адлегласьць выцягнутай рукі. Дотык да чалавека — як да чужога болю. Чалавечы боль набыў пазнавальныя твары.
Што да Беларусі… Пра яе ў кантэксце судачыненьняў зь іншымі народамі пішуць мала (адыёзныя творы Станкевіча ня ў лік). Мы надта засяроджаныя на сабе: не раўнуючы падлеткі ў пэрыяд бурных душэўных драм. Але міт пра талерантнасьць рассыпаецца на вачах. І гэта добра. Ня тое, што мы нецярпімыя. Што самападман ужо не трывае.
Мо й да іншага дойдзе.
Наста Грышчук
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.