У цэнтры Менску пасьля доўгага рамонту адкрылі стадыён «Дынама». Яго рэканструявалі шэсьць гадоў і шэсьць разоў пераносілі запуск. Стадыён пабудавалі яшчэ ў 1934 годзе, апошні раз рамантавалі да Алімпіяды-80. Легендарны беларускі спартовы камэнтатар Леанід Бандаровіч распавёў, якімі былі іх жыцьці — яго і стадыёну.
У Беларусі кожны вопытны заўзятар пазнае голас камэнтатара Леаніда Бандаровіч — менавіта ён ад пачатку 1990-х вёў усе футбольныя матчы на менскім «Дынама».
«Людзі, якія да спорту прывязаныя, якія яго любяць, безумоўна ведаюць, што гэтая кропка на плянэце для нас, беларусаў, мае грандыёзнае значэньне», — кажа ён пра стадыён «Дынама».
Першыя 25 гадоў свайго жыцьця легендарны дыктар правёў у доме праз дарогу ад стадыёну. З акна яго кватэры бачныя галоўная брама, з гарышча — гульнявое поле.
«Ад пад’езда майго дома да аркі, да ўваходу — 45 крокаў. Я палічыў. Магло апынуцца больш, 47, 49, усё роўна, 43... У мяне атрымалася 45. Я спыніўся на гэтай лічбы і знайшоў гэтаму тлумачэньне. 45 крокаў — гэта 45 хвілін аднаго футбольнага тайма. А туды і назад — гэта футбольны матч», — цешыцца такім супадзеньням Бандаровіч.
Успамінаючы пра «Дынама» свайго дзяцінства, Леанід Георгіевіч кажа ня толькі пра футбол.
«Узімку тут быў надзвычайны каток. Я, ня пераадзяваючыся, на каньках спускаўся з дому, без чахлоў, па прыступках грукочучы, і ішоў на каток. Перайсьці вуліцу Кірава — і я на катку. Пад музыку, пад гэтыя сьняжынкі, што падалі... — успамінае Бандаровіч. — Ведаеце, стадыён „Дынама“ — гэта было ўсё: і адпачынак, і спорт, і асалода, і заўзеньне».
Моманту, калі ён зможа выйсьці на газон стадыёну пасьля рэканструкцыі, Леанід Бандаровіч чакаў гадамі. 22 лістападу 2012 году ў апошні раз ён адпрацаваў ля стадыённага мікрафону. Вярнуцца сюды зноў для яго вялікая радасьць.
«Я памятаю стадыён, калі таблё тут былі, як у мультфільмах, ведаеце, калі кругі перагортваюцца. Калі тут былі драўляныя лавы, успамінае ён. — Мы кожную вясну набівалі нумары на 40 тысяч месцаў, таму што яны былі драўляныя, а нумары за зіму змываліся».
Праз год пасьля адкрыцьця абноўленай арэны менскага «Дынама» тут пройдзе цырымонія адкрыцьця II Эўрапейскіх гульняў і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.