Пацярпелыя 1 ліпеня ў ДТЗ на Гомбарскім перавале ў Грузіі беларускія турысты дастаўленыя ў шпіталь у Тэлаві, паведамляе мясцовы тэлеканал «Руставі 2».
У аўтобусе знаходзілася 27 пасажыраў, 25 зь іх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. Стан пацярпелых здавальняючы, аднаму чалавеку патрабуецца апэрацыя, у некаторых страсеньне мозгу, паведаміла каналу ўрач шпіталя. Параненых наведаў прадстаўнік уладаў Тэлаві.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аварыя адбылася з-за адмовы тармазоў. Уладальнік турфірмы, якой належыць аўтобус, заявіў, што ён прайшоў тэхагляд і быў спраўным. Як заявіў «Руставі 2» адзін з пацярпелых, заслуга кіроўцы ў тым, што аўтобус не зваліўся ў цясьніну.