«Падчас свайго старшынства Аўстрыя мае намер узяць на сябе аб’яднаўчую ролю ў Эўропе і паменшыць напружанасьць, што ўзьнікла апошнім часам. Нам важна ўмацаваць давер да ЭЗ і каб Эўрапейскі зьвяз мог выконваць свае вялікія задачы», — заявіў фэдэральны канцлер Курц з нагоды ўступленьня Аўстрыі на пасаду старшыні Рады Эўрапейскага зьвязу.
Пад лёзунгам «Эўропа, якая абараняе», аўстрыйскі ўрад за час свайго старшынства мае намер засяродзіць увагу на наступных галінах: бясьпека і барацьба зь незаконнай міграцыяй, забесьпячэньне росквіту і канкурэнтаздольнасьці празь лічбавую эканоміку і стабільнасьць у рэгіёне. Апошняе таксама прадугледжвае падтрымку намаганьняў краін Заходніх Бальканаў па збліжэньні з ЭЗ.
Старшынства ў ЭЗ будзе для Аўстрыі трэцім у гісторыі ад моманту ўступленьня краіны ў Зьвяз у 1995 годзе. Яно будзе доўжыцца паўгоду — да 1 студзеня 2019, дагэтуль у ЭЗ старшынявала Баўгарыя.
Бліжэйшым часам наведаць Вену зьбіраецца кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Пра тое, што Лукашэнку запрасілі ў Вену, стала вядома ў канцы траўня пасьля тэлефоннай размовы з канцлерам Аўстрыі Сэбастыянам Курцам.