Адна раніца з жыцьця Ўладзя, які за сэзон вырошчвае 50 тон элітнай гародніны на Браслаўшчыне

31-гадовы Ўладзь збудаваў аграбізнэс на ўласнай зямлі — у Лявошках жылі і працавалі некалькі пакаленьняў сям’і Каралёў. Яго першымі пакупнікамі сталі турысты, балазе вёска ляжыць каля аднаго з самых чыстых азёр Браслаўшчыны. У ваколіцах гародніну, што расьце і дужэе на вадзе з бабулінай студні, называюць «каралеўскай». Як вырошчваць гуркі і ня страціць прагі да падарожжаў — у рэпартажы Свабоды.

«Сёньня ў вас будзе доўгі дзень», — кажа Ўладзь, як толькі мы сядаем у кампактны Volkswagen Caddy і выяжджаем на дарогу, што вядзе з Браслава ў Лявошкі. На гадзіньніку 3.45 раніцы. Нам трэба назьбіраць гуркоў, памідораў, кабачкоў і клубніц ды вярнуцца а дзявятай раніцы на браслаўскі рынак.

Гандлёвыя рады працуюць у Браславе штодзень, акрамя панядзелка. Штораніцы, як дазваляе надвор’е, Уладзь зьбірае сьвежы ўраджай і вязе за 20 кілямэтраў у мястэчка на продаж.

Малады гаспадар нарадзіўся ў вёсцы і звык падымацца рана. У шэсьць гадоў Уладзь атрымаў ад бацькі два квадратныя мэтры свайго гароду. У дзесяцігадовым узросьце гаспадарыў на дзьвюх сотках, на якіх вырошчваў бульбу, моркву, гуркі і капусту. Цяпер, у 31, ён мае 6 цяпліц агульнай плошчай 55 сотак, зь якіх за сэзон прадае больш за пяцьдзясят тонаў гародніны. Першыя гуркі вырастаюць да Вялікадня, апошнія памідоры гаспадар здымае на пачатку кастрычніка.

«Па гурку я магу сказаць, хто яго зрываў»

Машына спыняецца ў шырокім праходзе паміж цяпліцамі.

Уладзь скіроўвае нас у павільён, дзе на 80-мэтровых градах растуць агуркі «Амур».

«Мы доўга шукалі гэты гатунак, — зрываючы цьвёрды зялёны плод, кажа Ўладзь. — Ён салодкі і выдатна захоўваецца».

Найлепшы час, каб зьбіраць агуркі, — раніца, ад паловы на шостую да сёмай. У гэты час яны пакрываюцца расою і доўга застаюцца цьвёрдымі. Зьняць гурок — сапраўднае майстэрства. Трэба адламаць ножку так, каб не пашкодзіць ні куст, ні гурок. Хаваць сапсаваны гурок на донца вядра няма сэнсу. «Па гурку я магу сказаць, хто яго зрываў», — усьміхаецца гаспадар.

За дзевяць гадоў прафэсійнае працы з гуркамі Ўладзь засвоіў галоўнае — колькасьць не павінна дамінаваць над якасьцю. Тэарэтычна ён мог бы стаць перакупшчыкам, па сабекошце набываць альшанскія гуркі і з выгадай для сябе прадаваць на рынку. Але гэта не ягоны падыход. Сярод пакупнікоў Караля ёсьць сапраўдныя гурманы, здольныя па смаку адрозьніць «Машу» ад «Амура».

Здымаць трэба гуркі сярэдняга памеру. Менавіта такім аддаюць перавагу пакупнікі. На рынак гуркі паедуць у скрынях для бананаў — у іх аказалася надзвычай зручна транспартаваць гародніну. У кузаў фольксвагена зьмяшчаецца прыкладна 35 «бананак» — гэта больш за 300 кіляграмаў.

«Калі я раніцай перастаю надзяваць зімовую шапку, значыць, прыйшло цяпло»

Незадоўга да пятай устае сонца. Яго ўзыход мы сустракаем падчас прабежкі ў «расадніцу» — цяпліцу, дзе насеньне становіцца расадай і ў сярэдзіне зімы пераяжджае ў астатнія цяпліцы.

Тут стаіць печка, набытая Ўладзем у Альшанах, куды ён езьдзіў раней па досьвед, а цяпер — па рыштунак. Печка грэе расаду, а ўзімку падтрымлівае аптымальную тэмпэратуру глебы ў іншых цяпліцах. Каб зямля заставалася цёплай, паліць у ёй трэба і днём, і ноччу, падкідаючы дровы кожныя дзьве гадзіны. Арыентуецца Ўладзь па надвор’і, тэрмомэтры і ўласнай шапцы.

«Калі я раніцай перастаю надзяваць зімовую шапку, значыць, прыйшло цяпло», — запэўнівае нас гаспадар.

Насеньне, сотні квадратных мэтраў плёнкі, трубы для ацяпленьня і палівальныя шлянгі Ўладзь набывае ў Берасьці, дзе гаспадарчыя матэрыялы таньнейшыя за мясцовыя. Цяпер у «расадніцы» засталіся кабачкі і перцы, якія сёлета адмаўляюцца хутка расьці. Адкручаныя ад ножкі кабачкі мы складаем на пустыя насьцілы з дошак, дзе яшчэ колькі тыдняў таму стаялі чатыры тысячы гаршчэчкаў з «каралеўскімі» пэтуніямі.

Перад чырванашчокай Сыльвіяй ня можа ўтрымацца нават гаспадар

Уладзь паглядае на гадзіньнік — наперадзе далікатная праца: зьбіраць клубніцы, што гадуюцца адразу ў дзьвюх цяпліцах.

У першай роўнымі шэрагамі, абкладзенымі саломай, каб ня брудзілася, расьце буйная чырвоная «Сыльвія». У другой — драбнейшая, бардовая і салодкая «Віма Занта». У празрыстыя плястыкавыя кантэйнэры трапляюць сьпелыя і чыстыя ягады, зь якіх мы старанна зьдзімаем рэдкія крошкі чорнай зямлі. Такія клубніцы, трымаючы за пругкі хвосьцік, прыемна есьці за ранішняй кавай, але мы робім гэта проста ў градах.

«На продаж бярыце толькі сьпелыя і прыгожыя ягады. Пашкоджаныя — вашы», — ласкава дазваляе Ўладзь, якога зьдзіўляе, як мурашам удаецца адшукаць і прагрызьці самыя смачныя ягады. Звычайна ён ня любіць есьці падчас працы, аднак перад чырванашчокай «Сыльвіяй» ня можа ўтрымацца нават гаспадар.

«Пасьля паходу добра прыехаць і адпачыць, а мы з аўтобуснага прыпынку адразу бяжым у цяпліцы»

Мы позьнімся, таму да нас далучаецца Ўладзева жонка — Юля. Яна спрытна рве ягады і ахвотна падтрымлівае размову.

Яны разам ужо дзесяць гадоў. Зь велапаходу, дзе Ўладзь паабяцаў ажаніцца, калі Юля даедзе да Адэсы. «У мяне адчуваньне, што я да гэтай пары кручу пэдалі», — жартуе гаспадыня.

Працы па гаспадарцы шмат, і Каралі часта забываюцца на гадавіну вясельля.

«Часам я заўважаю, што нашыя размовы зводзяцца да цяпліц і расады, тады патрэбная перадышка», — прызнаецца Юля.

Турызм прымушае абаіх часова забыцца на хатнія клопаты. Выбіраюцца нячаста. Увесну, калі ў цяпліцах было ўсё наладжана і амаль гатова да збору ўраджаю, наважыліся на дзевяцідзённы паход у Карпаты.

«Пасьля паходу добра прыехаць і адпачыць, — працягвае Юля. — А мы з аўтобуснага прыпынку адразу бяжым у цяпліцы. Аднаго разу як стала ад раніцы ссохлыя кветкі паліваць, толькі пад вечар вызвалілася».

Дарэчы, прадаваць расаду кветак — Юліна ініцыятыва. Пачынала яна з аксамітак, але попыт на іх зьнік. Чырвоныя, белыя, фіялетавыя, падобныя да грамафонікаў пэтуніі сёлета аказаліся самымі запатрабаванымі. Наступнай вясною Юля плянуе выгадаваць пэляргоніі.

Лепш рабіць на зямлі і разьлічваць на ўласныя сілы

У гэтым Уладзь пераканаўся, спрабуючы адарвацца ад зямлі. Ён скончыў гімназію ў Браславе, паехаў вучыць гісторыю ў Полацак, пасьля вучобы ўладкаваўся ў вясковую школу ў Слабодцы. Цярпеньня маладому настаўніку хапіла на паўтара года. Выкладаць падабалася, аднак не задавальнялі заробкі. Рашэньне Ўладзя пакінуць дзяржаўную працу і стаць прадпрымальнікам ахвотна падтрымала і Юля — у вясковай бібліятэцы, куды яна пайшла пасьля вучобы ў Менску, таксама плацілі мала. Так пара вярнулася на бацькоўскую зямлю, дзе ў дванаццаць гадоў Уладзь прадбачліва пасадзіў сад, бы ведаў, што вернецца сюды з жонкай.

Першыя гады жылі разам з бацькамі ў вялікім цагляным доме, але гаспадарку вялі асобна. Уладзевы бацькі трымаюць трох кароў, з малака робяць масла, сыр, тварог і вырошчваюць бульбу, якую мясцовыя рэстараны купляюць на дранікі. Бацькі падтрымліваюць маладую сям’ю, але перасьцерагалі, што будзе складана. Ні Ўладзева адзіная сястра, ні тры Юліны на зямлі працаваць ня сталі.

Уладзь цалкам не адмовіўся ад выкладаньня. Зь юнацтва апантаны падарожжамі, ён вядзе турыстычны гурток, дзе займаюцца дзеці з Браслава і Слабодкі. І ў гэтай справе Ўладзь аддае перавагу ня колькасьці, а якасьці.

«У мяне няма выпадковых вучняў, — кажа Ўладзь, які аб’ехаў на ровары ўсю Беларусь і скарае горныя вяршыні Хібінаў і Карпат, не забыўшыся пакласьці ў заплечнік бел-чырвона-белы сьцяг. — Гэта не забава, а сапраўдная праца».

Заняткі праходзяць у Лявошках — на зямлі Караля дзеці вучацца вязаць вузлы, разводзіць вогнішча, спасьцігаюць асновы альпінізму. А Ўладзь мае магчымасьць прыглядаць за цяпліцамі. Далучаюцца і ўласныя дзеці, якіх у сям’і Ўладзя і Юлі ўжо трое.

«Янка ўпершыню пайшла з намі ў зімовы лыжны паход, калі яшчэ ня ўмела хадзіць», — узгадвае Ўладзь. Трохмесячную дачку ён усю вандроўку нёс на плячах. У непрацяглыя паходы па браслаўскіх ваколіцах Уладзю ўдаецца выбірацца некалькі разоў за лета. Здараюцца і сур’ёзныя падарожжы: неўзабаве павядзе групу настаўнікаў па Нарачанцы.

«Каб памідоры заставаліся чыстымі, мы зьбіраем іх зьвечара»

Засталася самая брудная частка працы — памідоры. Рукі і вопратка пасьля зьбіраньня таматаў становяцца жоўта-зялёнымі, таму мы надзяем пальчаткі. Уладзь такой звычкі ня мае. У цяпліцы становіцца вільготна, і на пладах зьяўляецца першая раса. Ад пальчатак на памідорах застаюцца брыдкія сьляды.

«Каб гэтага пазьбегнуць, памідоры мы зьбіраем зьвечара», — абціраючы плады, тлумачыць Уладзь.

У цяпліцы растуць чырвоныя, жоўтыя, чорныя памідоры. Гатункі розьняцца ня толькі выглядам і смакам. Буйны і круглы «Прэзыдэнт», напрыклад, моцна трымаецца за куст, і ў яго цяжка адрываецца хвосьцік.

Зьбіраць памідоры нам дапамагаюць старэйшыя дзеці. Яны спрытна бягуць між радамі, зрываючы зялёныя таматы, бачкі якіх хаця б трошкі пачырванелі ці пажаўцелі.

Пагодкі Яна і Марк ходзяць у школу, пяцігадовы Данік — у садок. Бліжэйшыя школа і сад — у суседняй вёсцы за сем кілямэтраў. «А восьмай школьны аўтобус забірае ўсіх дзяцей і вязе ў Слабодку, — кажа Юля. — І пасьля трэцяй прывозіць дахаты».

Па магчымасьці бацькі забіраюць дзяцей дадому раней. Тут іх чакае драўляны дамок на дрэве і сакрэтны штаб каля «расадніцы». Ёсьць у дзяцей і сэзонныя абавязкі па гаспадарцы — апыляць пэндзлем кветкі клубніц ці напаўняць зямлёю кубачкі для расады.

«Старэйшыя дзеці ўжо ў такім узросьце, калі іх дапамога адчувальная», — кажа Ўладзь, які разам зь Юляй, нягледзячы на цяжкасьці, ня супраць, каб дзеці засталіся жыць у вёсцы і працягвалі сямейную справу. Сямігадовы Марк ужо цягнецца да зямлі — вокны сакрэтнага штабу аздобленыя вазонамі з кветкамі, якія малы пасадзіў сам.

«Да наступнага лета перажываю, ці ўдаліся марынады»

Сапраўдны памідорны сэзон ва Ўладзевых цяпліцах пачнецца ў ліпені.

Ёсьць у гаспадарцы і цяпліца з восеньскімі памідорамі, куды мы заходзім толькі на экскурсію — ураджай тут будуць зьбіраць у верасьні і кастрычніку. Гэты гатунак дробных памідораў ідэальна пасуе для марынадаў. Увосень падлога кухні і гасьцёўні застаўляецца так, што не прайсьці: у мінулым годзе Юля налічыла 400 слоікаў. Марынаваныя гуркі, памідоры, перцы, кетчуп і таматны сок разьбіраюць турысты.

«Да наступнага лета перажываю, ці ўдаліся марынады, — кажа гаспадыня. — Пакуль не прыедуць турысты і ня скажуць, што было смачна».

Грузіць машыну — ня менш адказны занятак, чым зьбіраць ураджай: гародніна па дарозе на рынак павінна ня страціць прывабнасьці. У глыбіні кузава едуць скрыні з гуркамі, памідорамі і кабачкамі. Бліжэй да выхаду — «Сільвія» і «Віма Занта». Пузатыя і лёгкія перцы, калі падрастуць, паедуць у прычэпе.

З прыездам гасьцей надыходзіць пара прысмакаў

Пакуль Уладзь у горадзе, Юля займаецца хатнімі справамі. У мінулым годзе сям’я Каралёў пераехала ў дом, дзе да 90 гадоў жыла Ўладзева бабуля. Унук адрэстаўраваў дубовую мэблю і старую бабуліну печ, дзе Юля запякае гуску, бульбу з гароднінай і мясам — для сябе, а пры добрай нагодзе — для турыстаў. У свой час Уладзь з бацькам пабудавалі на сваёй зямлі драўляны дом для гасьцей і лазьню. Сядзіба, вядома, Каралеўская, можа прыняць сям’ю да дзесяці чалавек.

Харчаваньне, якое прапануюць гаспадары, часам прываблівае турыстаў мацней за возера Воласа. Гатуе Юля. З свойскіх прадуктаў, па простых сямейных рэцэптах. На плеценых з лазы падносах гаспадыня носіць гасьцям сьвежую гародніну і садавіну, бульбу і мяса, яечню, фасолевы суп, хатні сыр і тварог, на дэсэрт — мёд, бісквітныя тарты з клубніцамі і садовымі суніцамі, што растуць адразу пры хаце.

«Турысты асабліва любяць суп з кавалкамі цяляціны і вяршкамі. Я гатую яго паводле рэцэпту Ўладзевай мамы», — кажа Юля.

Калі прыяжджаюць госьці — надыходзіць пара прысмакаў: на радасьць турыстам, гаспадыня ня любіць паўтарацца. Сёлета Ўладзь пачаў будаваць для жонкі летнюю кухню са сталовай зонай, дзе Юля зьбіраецца гаспадарыць ужо наступным летам.

На гадзіньніку 8.30. Можна ехаць. Звычайна Ўладзь ня сьнедае дома — Юля кладзе ў харчовы кантэйнэр некалькі лустаў сала і гуркі, перакусвае ён па дарозе ў Браслаў. Манэты і панама — апошняе, што гаспадар кладзе ў машыну. Дробязь — для рэшты. Панама — арыенцір для прыежджых турыстаў, што ня ведаюць Уладзя ў твар.

«Сям’я, праца, рэлігія і турызм — для мяне гэтыя рэчы аднолькава важныя»

Уладзь упэўнена вядзе машыну, у якой прыемна пахне клубніцамі, па знаёмым маршруце. «Два разы ў дзень зьезьдзіць у Браслаў — гэта норма», — кажа кіроўца.

Акрамя рынкавых спраў, Уладзь возіць у горад дзяцей на гурткі. Янку — на фартэпіяна ў музычную школу, Марка — на маляваньне, Даньку — да лягапэда. Перад Вялікаднем — усіх у музэй, вучыцца фарбаваць яйкі традыцыйнымі ўзорамі. Уладзю хочацца больш часу праводзіць зь дзецьмі і блізкімі, аднак догляд за цяпліцамі можа ў любы момант зьмяніць пляны.

«У дзень народзінаў маці стала вядома, што ўначы будзе мароз, і мы замест сьвята паехалі здымаць памідоры. А як інакш, калі за ноч можа зьмерзнуць твой гадавы заробак?» — кажа Ўладзь.

Тым ня менш па выходных і радзей у будні сям’ю Каралёў можна сустрэць у Слабодкаўскім касьцёле.

«Сям’я, праца, рэлігія і турызм — для мяне гэтыя рэчы аднолькава важныя», — перасякаючы гарадзкую мяжу, падсумоўвае Ўладзь.

«Калі б вы так у нас працавалі, даўно сядзелі б на залатой гары»

Першы прыпынак мы робім каля «Віталіча» — адной з самых вялікіх прадуктовых крамаў мястэчка — каб пакінуць некалькі скрынь з гуркамі. Тут адсочваюць попыт, таму набываюць Уладзеву элітную гародніну: нягледзячы на высокі кошт, яе разьбіраюць. Для новых пакупнікоў Уладзь просіць падпісваць яе — «зь Лявошак».

На рынку пад позіркі першых пакупнікоў Уладзь спрытна раскладвае тавар. Гуркі ў плеценых кошыках і памідоры — справа, зьлева — клубніцы, ніжэй — буйныя кабачкі. «У вас гуркі нібы навошчаныя», — дзівіцца пакупніца і набывае два кіляграмы.

Побач пара бойка гандлюе ў тры разы таньнейшымі берасьцейскімі клубніцамі. Іх бяруць на сочыва, Уладзевы — есьці сьвежымі. «Мушу ўтрымліваць цэны, — спакойна кажа Ўладзь. — Для прадуктаў такой якасьці яны не высокія. Гэта заробкі ў нас нізкія». Уладзь упарта працуе ўжо дзевяць гадоў, здабыў славу, але стабільнага заробку так і не дачакаўся. «Калі б вы так у нас працавалі, даўно сядзелі б на залатой гары», — аднойчы сказаў Уладзю турыст з Бэльгіі. Ён разумее, што справа ў краіне, дзе людзі развучыліся працаваць на зямлі, а дзяржава — іх падтрымліваць. Часамі ўсьведамленьне гэтага псуе Ўладзю настрой.

Уладзь прызнаецца, што калі задумваў свой аграбізнэс, арыентаваўся на заможных кліентаў. Але памыліўся — сярод ягоных пакупнікоў шмат людзей сталага веку і сьціплага дастатку, якія ведаюць цану працы, што стаіць за якасным прадуктам. Большасьць пакупнікоў Уладзь ведае ў твар. Ягоная чарга — з пастаянных кліентаў.

«Еду дадому. Усё прадаў»

Разьвітваемся. Перад Уладзем — цэлы працоўны дзень. Да 12 на рынку, пасьля трох — на Юдаўцы, у шматпавярховым і далёкім ад зямлі раёне Браслава.

«Еду дадому. Усё прадаў. Вы недарэмна працавалі», — тэлефануе Ўладзь, каб ляканічна адсправаздачыцца. Голас гэткі ж бадзёры, як і да ўзыходу сонца. На гадзіньніку 18.10.

«Людзі сэзон чакаюць як бога». Як палешукі выжываюць на чарніцах і лісічках

Маліны на Маскву. За некалькі ягадных сэзонаў вяскоўцы будуюць дамы і набываюць аўтамабілі

Палескі лясгас будуе дарогу праз Альманы — самы вялікі ў Эўропе комплекс некранутых балотаў