Дзяржаўны доўг Беларусі перавысіў 20 мільярдаў даляраў — гэта ўдвая больш за паступленьні бюджэту

Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны доўг Беларусі паводле дадзеных на 1 чэрвеня склаў 42,5 млрд рублёў (больш за 20 млрд даляраў) і павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2018 году на 292,5 млн рублёў (на 0,7%).
Пра гэта паведамляе сайт Міністэрства фінансаў.

Згодна са справаздачай фінансавага ведамства, зьнешні дзяржаўны доўг па стане на 1 чэрвеня склаў 16,4 млрд даляраў. Сёлета, цягам студзеня-траўня 2018 году, яшчэ прыцягнутыя зьнешнія дзяржаўныя пазыкі на суму крыху больш за 1 млрд даляраў з наступных крыніц:

  • 600 млн даляраў — эўрааблігацыі;
  • 377 млн даляраў — урад і банкі Расеі;
  • 52,7 млн даляраў — МБРР;
  • 33,1 млн даляраў — банкі Кітаю;
  • 2,1 млн даляраў — ЭБРР.

Сума пагашэньня зьнешняга дзяржаўнага доўгу ад пачатку 2018 году перавысіла 1 млрд 309 млн даляраў.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 чэрвеня склаў 9 млрд 300 млн рублёў, павялічыўшыся ад пачатку году больш як на 130 млн рублёў (на 1,4%).

За студзень-травень разьмешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізычных асобаў на суму 205 млн даляраў. Кампэнсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый на 171,5 млн даляраў і 23 млн рублёў.

27 чэрвеня намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандар Курлыпа, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў з дакладам аб выкананьні бюджэту ў 2017 годзе, заявіў, што дзярждоўг становіцца невыносным цяжарам для рэспубліканскага бюджэту.

«Сума доўгу перавысіла 42 млрд рублёў — удвая больш за паступленьні рэспубліканскага бюджэту. Нягледзячы на тое, што дзяржаўная запазычанасьць на пачатак году склала 39% да ВУП і не перавысіла парогавага значэньня (45%), выдаткі на абслугоўваньне дзярждоўгу павялічваюцца і цяжкім грузам кладуцца на бюджэт», — цытуе чыноўніка БелаПАН.

Згодна зь фінансавымі абавязаньнямі ўраду цягам 2019–2025 гадоў Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў.