Міжнародныя арганізацыі заклікалі спыніць ціск на беларускіх адвакатаў. Самае важнае з дакладу

Падчас прэзэнтацыі дакладу. Зьлева направа: Ан Сулельяк, Юля Ўанон, Валянцін Стэфановіч, Тамара Сідарэнка і Ільля Нузаў

29 чэрвеня ў Менску прадставілі даклад пра абмежаваньне дзейнасьці адвакатаў у Беларусі, падрыхтаваны Абсэрваторыяй абароны праваабаронцаў (FIDH-OMST) разам з Парыскай калегіяй адвакатаў і праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Даклад «Кантроль над адвакатамі — пагроза правам чалавека» быў падрыхтаваны па выніках візыту ў Беларусь замежных экспэртаў. У студзені 2018 году Менск наведалі віцэ-прэзыдэнт Парыскай калегіі адвакатаў Базыль Адэр, сябра рады Парыскай калегіі Бэнўа Дэньё, супрацоўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Юля Ўанон, намесьнік начальніка Абсэрваторыі абароны праваабаронцаў Юго Габэро. Яны сустракаліся зь беларускімі адвакатамі, з кіраўніцтвам калегіі адвакатаў, з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі.

Па выніках іх працы было зробленая выснова, што агульная рэпрэсіўная палітыка, якая існуе ў Беларусі і ўціскае крытыкаў улады, ставіць адвакатаў у супярэчнасьць з прафэсійнай этыкай, парушае іхную незалежнасьць і замінае выкананьню імі іхных абавязкаў.

7 адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзіі, 10 пад пагрозай

Даклад «Кантроль над адвакатамі – пагроза правам чалавека»

Аўтары дакладу сьцьвярджаюць, што ціск на адвакатаў, якія займаюцца «нязручнымі» для ўлады судовымі справамі, можа прывесьці да пазбаўленьня іх ліцэнзіі, паколькі заканадаўчая база дае Міністэрству юстыцыі паўнамоцтвы кантраляваць адвакатаў, рэгуляваць дзейнасьць саміх адвакацкіх калегій.

Адвакаты, якія спэцыялізуюцца на абароне правоў чалавека, увогуле знаходзяцца пад пагрозай пазбаўленьня ліцэнзіі. Напрыклад, пасьля пратэстаў 2010 году 6 адвакатаў, якія абаранялі ў судах лідэраў апазыцыі і кандыдатаў у прэзыдэнты, былі пазбаўленыя ліцэнзій. Гэта Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Тоўсьцік, Тамара Гараева, Павал Сапелка і Тамара Сідарэнка.

Новая хваля нападак на адвакатаў адбылася ўвесну 2017 году. Восем адвакатаў з 16, якія абаранялі абвінавачаных у справе «Белага легіёну», былі выкліканыя на пазачарговую атэстацыю, арганізаваную Міністэрствам юстыцыі. Адвакатку Ганну Бахціну, якая мела больш за 30 гадоў стажу, пазбавілі ліцэнзіі. Астатніх сямёра атэставалі ўмоўна.

Цяпер ліцэнзіі яшчэ 10 адвакатаў пад пагрозай, яны таксама ўмоўна атэставаныя.

Адвакатамі ў Беларусі кіруе Мінюст, а не калегія

Адвакатка Парыскай калегіі адвакатаў, супрацоўніца аддзелу міжнародных дачыненьняў Ан Сулельяк прапанавала ўнесьці зьмены ў Закон аб адвакатуры, які дазваляе Міністэрству юстыцыі ўмешвацца ў справы адвакатуры, надаць адвакатам больш незалежнасьці.

«Міністэрства юстыцыі, якое выдае ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці, само можа ініцыяваць дысцыплінарную вытворчасьць у дачыненьні адвакатаў. Мінюст кантралюе выбары старшыняў калегій адвакатаў — так не павінна быць!», — перакананая адвакатка Парыскай калегіі.

Ан Сулельяк (зьлева) і Юля Ўанон

Яе вельмі зьдзівіла яшчэ адна акалічнасьць. Хоць адвакацкая ліцэнзія выдаецца пажыцьцёва, кожныя 5 гадоў чамусьці праводзяцца атэстацыі. Да таго ж ёсьць яшчэ і пазачарговыя атэстацыі, калі Міністэрства юстыцыі ў любы момант можа праверыць працу адваката, ягоныя веды.

«Мы вельмі заклапочаныя, што працэдуру атэстацыі кантралюе Мінюст, а ня самі адвакаты, не калегіі адвакатаў. Адвакаты, якія разглядаюць палітычныя справы, пастаянна знаходзяцца пад пагрозай пазбаўленьня ліцэнзіі», — канстатавала Ан Сулельяк.

Атэстацыі — рычаг ціску на адвакатаў

Супрацоўніца Міжнароднай Фэдэрацыі за правы чалавека Юля Ўанон выказала зьдзіўленьне складам кваліфікацыйнай камісіі, якая праводзіць атэстацыю адвакатаў. З 17 чальцоў камісіі толькі 8 — прадстаўнікі адвакатуры, астатнія — дзяржаўныя службоўцы, чыноўнікі Мінюсту. Мінімальная колькасьць сяброў камісіі прапісаная (9 чалавек), максымальная — не, у любы момант яшчэ могуць дадацца міністэрскія чыноўнікі. Складу камісіі няма ў адкрытым доступе.

«Летась было ініцыявана 8 праверак адвакатаў, якія абаранялі „Белы легіён“. Працэдура атэстацыі прапісана вельмі шырока. На вусным экзамэне можна задаваць любыя пытаньні зь любой сфэры, няма абмежаваньня па часе іспыту. На атэстацыі Ганьне Бахцінай стала блага. Такія атэстацыі, асабліва пазачарговыя — гэта рычаг ціску на адвакатаў», — лічыць Юля Ўанон.

«Мэтавы перасьлед шляхам атэстацыі ня толькі адмоўна ўплывае на свабоднае ажыцьцяўленьне прафэсіі адваката, але і падрывае само права на абарону і права на справядлівы судовы разбор у Беларусі», — робяць выснову аўтары дакладу.

Адвакат Нью-Ёрскай калегіі адвакатаў, кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ільля Нузаў быў зьдзіўлены тым, што часьцяком беларускіх адвакатаў прымушаюць даваць падпіскі аб невыдаваньні, а таксама тое, што ўлады «рэкамэндуюць» адвакатам не кантактаваць са СМІ без узгадненьня са старшынёй Калегіі адвакатаў.

Ільля Нузаў

«Пастаянны ціск з боку Міністэрства юстыцыі, з боку свайго кіраўніцтва прымушае адвакатаў пазьбягаць рэзанансных спраў, бо іх лёгка можна пазбавіць ліцэнзіі, як паказвае практыка», — падсумаваў Ільля Нузаў.

Адвакаты ня могуць сябе абараніць

Праваабаронца Тамара Сідарэнка, у якой 33 гады адвакацкага стажу, у розныя часы абараняла многіх апазыцыянэраў (у справе «Партнэрства»; Асіпенку ў справе Мікалая Аўтуховіча; кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Ўладзімера Някляева), у 2011 годзе была пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі.

Тамара Сідарэнка

«У Беларусі няма адвакацкай салідарнасьці. Самі адвакаты сябе абараніць ня могуць. Часта адвакатам даводзіцца адмаўляцца ад цікавых спраў, бо спрацоўвае самацэнзура і жыцьцёвы разьлік. Бо лёгка можна пазбавіцца адвакацкай ліцэнзіі, працы. Самі адвакаты маўчаць», — заўважыла Тамара Сідарэнка.

Асноўныя высновы дакладу

Аўтары дакладу даюць шэраг рэкамэндацый беларускім уладам.

  • Пакласьці канец усім формам перасьледу праваабаронцаў у Беларусі, уключна з адвакатамі, якія спэцыялізуюцца на абароне правоў чалавека.
  • Даць магчымасьць калегіі адвакатаў дзейнічаць без умяшаньня з боку ўладаў.
  • Атэстацыя адвакатаў павінна разглядаць выключна прафэсійныя якасьці. Санкцыі могуць накладацца толькі прафэсійнымі органамі без умяшаньня дзяржаўных органаў, Міністэрства юстыцыі.
  • Забясьпечыць адвакатам магчымасьць выконваць свае прафэсійныя абавязкі безь ніякіх перашкод, запалохваньня, ціску.