У заяве Рада БНР выказала заклапочанасьць тым, што візыты прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны «будуць выкарыстаныя для легітымізацыі дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Пры гэтым Рада БНР вітае ўшанаваньне памяці ахвяраў нацысцкіх акупантаў з боку ўладаў Беларусі, але адзначае, што таксама чакае ад уладаў Беларусі (і Расеі як правапераемніцы СССР) ушанаваньня ахвяраў савецкага рэжыму на Беларусі, у тым ліку ў Курапатах.
У заяве сьцьвярджаецца, што «міжнародная легітымацыя рэжыму Лукашэнкі будзе мець выключна нэгатыўны эфэкт на стан правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі». Згадваецца, што «Лукашэнка прызнаваўся ў шанаваньні гітлераўскіх мэтадаў дзяржаўнага кіраваньня і пабудаваў у Беларусі сыстэму аўтарытарнай дзяржаўнай улады, якая супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям».
На цырымонію адкрыцьця мэмарыялу ў Трасьцянцы, што пачнецца 29 чэрвеня а 12-й гадзіне, маюць прыбыць прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны Аляксандар Ван дэр Бэлен і Франк-Вальтэр Штайнмаер, у іх заплянаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Чакалася, што жалобную цырымонію наведаюць таксама прэзыдэнты Ізраілю, Польшчы і Чэхіі, але іхныя візыты не былі афіцыйна анансаваныя, у іх на 29 чэрвеня іншыя пляны, іхныя дзяржавы прадаставяць іншыя чыноўнікі.
«Ніхто ня выжыў, ніводных уцёкаў». Благаўшчына была пеклам Галакосту
У Трасьцянцы нацыстамі былі забітыя прыблізна 206 500 чалавек з розных краінаў, пераважна габрэі, у тым ліку мірныя жыхары і ваеннапалонныя з СССР, людзі з Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхаславакіі. Перад адкрыцьцём новага мэмарыялу з Трасьцянца вывезьлі крыжы памяці ксяндза Гадлеўскага і ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Тым часам абаронцы Курапатаў — месца забойства дзясяткаў, калі ня соцень тысяч чалавек у часы сталінскіх рэпрэсіяў, папрасілі дэлегатаў у Трасьцянцы паўплываць на сытуацыю з канфліктам вакол рэстарацыі «Поедем поедим», збудаванай пад самым мэмарыялам.