Напярэдадні саміту Эўразьвязу пагадненьне падпісалі прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, прэм’еры Латвіі Марыс Кучынскас, Эстоніі Юры Ратас і Польшчы Матэвуш Маравецкі, а таксама старшыня Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер.
Пра гэта паведамляе партал Delfi.
Да гэтага часу краіны Балтыі дзейнічаюць у сынхронным рэжыме ў постсавецкім кальцы энэргетычнай сыстэмы БРЭЛЛ (Беларусь, Расея, Эстонія, Латвія, Літва), і залежаць ад дыспэтчарскай у Маскве, а таксама ад расейскай сеткі ЛЭП. Краіны імкнуцца скараціць гэтую залежнасьць.
Кіраўнік Эўракамісіі заявіў, што камісія з самага пачатку яе тэрміну паўнамоцтваў узяла на сябе абавязацельства поўнай інтэграцыі балтыйскіх краін у электрасеткі Эўропы.
«Гэта — наш абавязак, і гэта неабходна для дзяржаваў Балтыі і ЭЗ. Толькі што мы падпісалі пагадненьне, якое пастараемся рэалізаваць. У ім мы вызначылі імкненьне да поўнай сынхранізацыі сетак да 2025 году» — цытуюцца ў прэсавым рэлізе Эўракамісіі словы Жан-Клёда Юнкера.
«Гэта важны крок у забесьпячэньні адзінства і бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу» — адзначаецца ў рэлізе.
У 1995 годзе ў эўрапейскую зону сынхранізацыі перасунуліся Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славаччына, у 2002 годзе — Румынія і Баўгарыя.
Раней заяўлялася, што пасьля сынхранізацыі сетак Літвы з адзінай эўрапейскай энэргасыстэмай не застанецца ні тэхнічнага, ні камэрцыйнага патоку электраэнэргіі з Беларусьсю.
Літва ў 2020 годзе плянуе дэмантаваць наймагутнейшую ў Эўропе лінію электраперадачы ў кірунку Беларусі — ЛЭП на 750 кілявольт. Паводле міністра энэргетыкі Жыгімантаса Вайчунаса, гэта выразны сыгнал Менску, што рашэньне не дапускаць у Літву электраэнэргію зь Беларускай АЭС «пасьлядоўна ажыцьцяўляецца».
Пасьля дэмантажу гэтай ЛЭП у 2020 годзе астатнія 4 ЛЭП (дзьве магутнасьцю па 330 кілявольт і дзьве па 110 кілявольт) будуць дзейнічаць, пакуль Літва знаходзіцца ў агульнай сынхроннай зоне з Расеяй і Беларусьсю.
Літоўскі ўрад у верасьні мінулага году ўхваліў плян блякаваньня імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС, каб ускладніць яе будаўніцтва.
15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.