Турма, мужчына і жанчына. Зона сустрэч: раманы і спатканьні

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона сустрэч»: Турэмныя раманы. Турэмныя спатканьні. Гісторыі з турэмных гатэляў. На спатканьне ў жаночую калёнію. Спатканьне пад наглядам. «Гэта як сэкс на людзях». Нетактыльная эротыка. Паштовыя флірты.

Замовіць асобнік кнігі можна ТУТ.

ЗОНА СУСТРЭЧ

Што гэта — каханьне ды сэкс у няволі і наколькі дарэчы гаварыць пра мараль у гэтых стасунках? Як гэта бывала ў ранейшыя стагодзьдзі і як цяпер?

Вядомая расейская журналістка, у мінулым жонка асуджанага, кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Вольга Раманава называе каханьне за кратамі вельмі недасьледаванай ды шматплянавай тэмай. Турма — гэта такое дзіўнае месца, дзе няма паўтонаў, — лічыць праваабаронца. Тут шмат запалу ў стасунках. Ён і яна, яна і яна, ён і ён.

Турэмныя раманы


Алёна Красоўская, якая працавала ў турэмным шпіталі і перажыла бурны турэмны раман са зьняволеным, расказвае, што сэксуальныя сувязі паміж мужчынам ды жанчынай за кратамі здараюцца, напрыклад, у мужчынскіх калёніях, дзе ёсьць жаночы службовы пэрсанал.

Алёна Красоўская

Ад закаханай

Алёна Красоўская, удава асуджанага паводле артыкулу 139, неаднойчы суджанага Андрэя Касьпяровіча, пазнаёмілася з сваім будучым мужам у 2004 годзе, калі працавала ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі. Тады шпіталь разьмяшчаўся на тэрыторыі менскай папраўчай установы на Кальварыйскай. Андрэй, які адбываў пакараньне ў гэтай калёніі, меў пасаду заўгаса у «бальнічцы». Для Андрэя гэта было далёка ня першае турэмнае зьняволеньне. У канцы 1990-х ён належаў да арганізаванай злачыннай групоўкі, і ягоны апошні прысуд складаў васямнаццаць гадоў.

— Нам, супрацоўнікам, пэрыядычна паказвалі справы асуджаных, зь якімі мы мусілі сутыкацца штодня і папярэджвалі: вось з гэтымі ніколі. Справа Андрэя была першай, якую мне паказалі ў выхаваўчых мэтах. Калі азнаёмілася, мне стала кепска. Потым я ўбачыла гэтага чалавека і пачула ад яго нечаканае: за тое, што ён нарабіў, яго пакаралі занадта мякка. Гэта было вельмі дзіўна чуць на тле расповедаў астатніх, якія сьцьвярджалі, што яны не вінаватыя і ледзь не анёлы.

Мяне неяк зацікавіў гэты чалавек, які ўсьведамляў сваё мярзоцьце. Потым я зразумела, што зь ім мне лепш, чым безь яго. Паўстала пытаньне: а ўсё, што ён учыніў — гэта як? Калі я ўпушчу яго ў сваё жыцьцё, то як з гэтым мне жыць? Я паставіла Андрэю ўмову расказаць мне ўсё.

Размоваў на гэтую тэму было шмат, прычым вельмі цяжкіх. Аднойчы на пытаньне — чаму? — ён адказаў: «Бываюць пэўныя сытуацыі, калі забіць можа кожны. Ёсьць тыя, хто забівае, баронячы каханую жанчыну або дзіця, ёсьць забойства дзеля самаабароны, ёсьць — дзеля помсты або каб завалодаць чужой маёмасьцю. Яшчэ — існаваньне ці адсутнасьць пэўных табу. Калі гэтыя табу не закладзеныя ў дзяцінстве і для чалавека тыя самыя грошы важнейшыя за чалавечае жыцьцё, злачынства абавязкова здарыцца».Я не была ўпэўненая, што застануся з гэтым чалавекам пасьля таго, як буду ведаць усё. Гэтая размова цягнулася не адну гадзіну і не адзін дзень. Я не сышла. Пра гэты свой крок не шкадую.

Алёна Красоўская з мужaм. Фота з архіву Алёны Красоўскай

Пра іх турэмны раман стала вядома адміністрацыі ПК-1. Шлюб не пагасіў скандалу: Андрэя перавялі ў іншую папраўчую ўстанову, а Алёна была вымушаная звольніцца.

Мужа Алёны ня стала, калі яна ўжо працавала ў праваабарончай арганізацыі «Плятформа». Вясной 2012-га яго знайшлі павешаным у камэры ШЫЗА ў калёніі ў Навасадах. З васямнаццаці гадоў турэмнага тэрміну Андрэй пасьпеў адседзець толькі палову.

— Я ведаю некалькі гісторыяў, калі жанчыны самі звальняліся, як у маім выпадку, або іх звальнялі за нестатутную сувязь з асуджанымі. Калі я ўладкоўвалася на працу, са мной, як і з усімі, праводзілі «жэстачайшы» інструктаж. Напрыклад, нам было забаронена надзяваць спадніцу карацейшую, чым да калена або агаляць рукі. І калі нехта зь дзяўчат гэтага ня цяміў, то рэакцыя з боку апэратыўнай часткі была вельмі хуткая. Другі раз гэтага не паўтаралі. Але ж нават калі жанчына ў паранджы, яна ў турме ўсё роўна прадмет пажады.

Сэксуальнае жыцьцё там можна наладзіць у любым выпадку, было б жаданьне. Ёсьць, напрыклад, авантурныя жанчыны. Для такіх важны элемэнт рызыкі, і калі ім упадабаўся нейкі асуджаны, яны ідуць на парушэньне службовага статуту, адчуваюць сябе на мяжы звальненьня. Гэта для іх як дэтэктыў, бо ўвесь час трэба думаць, як сустрэцца, дзе схавацца і г. д. Гэта дадае вастрыні ў пачуцьцях.

А ёсьць жанчыны, якія ўбачылі — закахаліся і будуюць далейшыя стасункі, зыходзячы з таго, што будзе шлюб, сям’я, дзеці. Гэтак было ў мяне.

Андрэй Касьпяровіч на час знаёмства з будучай жонкай

​Таксама бываюць раманы па перапісцы. Напрыклад, маладая жанчына даўно і беспасьпяхова хоча стварыць сям’ю. І тут ад знаёмага даведваецца пра асуджанага, які марыць пра нешта сур’ёзнае з добрай жанчынай. Такіх жанчын на постсавецкай прасторы клічуць завочніцамі.
Алёна Красоўская кажа, што знаёмая са многімі такімі дзяўчатамі:

— Паводле беларускіх законаў, начальнік калёніі можа дазволіць спатканьне з завочным каханым — пару гадзін праз шкло — для абмеркаваньня будучага шлюбу. І пасьля гэтай размовы трэба вырашаць. Ня думаю, што гэта можа быць нейкі сур’ёзны выбар. Адна справа, калі ты працуеш у гэтай сыстэме і маеш магчымасьць размаўляць з чалавекам, ведаць яго больш. Іншая справа, калі ты перад тым, як прыняць рашэньне, бачыш яго толькі аднойчы, на гэтым самым кароткім спатканьні.

Найчасьцей мне шкада гэтых «завочніц», бо з боку ЗК да іх асаблівыя адносіны. Зразумела, пакуль мужчына сядзіць за кратамі, ён будзе дэманстраваць ёй сваё каханьне. За дзесяць гадоў майго знаёмства зь дзяўчатамі, якія ішлі на такі шлюб, сям’ю захавала толькі адна пара. Цяпер у іх нарадзілася другое дзіця. Астатнія, а кола маіх знаёмстваў вельмі шырокае, паразыходзіліся значна раней, чым праз дзесяць гадоў.

Турэмныя спатканьні

Спатканьне з блізкімі людзьмі з волі — яшчэ адзін спосаб для адміністрацыі ўплываць на вязьня.

З савецкіх часоў спатканьні ў беларускіх вязьніцах бываюць двух відаў — «кароткія», праз шкло ды тэлефон (ад 2016 году яго час працягнулі да чатырох гадзін) і «працяглыя» (максымум да трох дзён). Апошнія праходзяць хоць і на тэрыторыі калёніі, але ў асобным памяшканьні, так званым турэмным гатэлі. На працяглыя спатканьні дапускаюцца толькі самыя блізкія сваякі. На кароткіх, з дазволу начальніка папраўчай установы, могуць прысутнічаць і сябры. Спатканьне зьняволенага зь сямейнікамі — вельмі моцная эмацыйная падзея, яно сьведчыць, што чалавек некаму патрэбны на волі.

Колькасьць спатканьняў паводле беларускага заканадаўства залежыць ад рэжыму ўтрыманьня зьняволенага.

Так вязьню-пажыцьцёвіку ў Жодзіне дазволеныя два кароткія спатканьні (праз шкло ды тэлефон) працягласьцю да чатырох гадзін на год, а ў так званых палепшаных умовах установы ў Глыбокім — тры кароткія спатканьні на год. Асуджаным турмаў — ад аднаго да двух кароткіх спатканьняў. У калёніях, ва ўмовах строгага рэжыму — ад аднаго да двух кароткіх і ад аднаго да двух працяглых (ад адных да трох сутак у турэмным гатэлі), на ўзмоцненым — ад двух да трох кароткіх і два працяглыя спатканьні на год, ва ўмовах агульнага — ад двух да трох кароткіх і ад двух да трох працяглых спатканьняў на год.

Паводле апублікаванай некалькі гадоў таму статыстыкі, паказчык наведваньня сваякамі зьняволеных жанчын складае максымум 7–8%. У мужчынскіх калёніях ён разоў у 10 вышэйшы.

Дазвол на вясельны пацалунак. Шлюбныя пары пасьля рэгістрацыі ў калёніі строгага рэжыму ва Ўкраіне

Ня ўсім па сродках паездка дзеля некалькіх гадзін кароткай сустрэчы, асабліва калі турма на ладнай адлегласьці ад дому. Пакоі для тэлефонных перамоваў у калёніях, як правіла пустуюць. Затое, калі браць мужчынскія зоны, турэмныя гатэлі для працяглых спатканьняў заўсёды занятыя цалкам. Звычайна арыштантам прывозяць хатнія пачастункі, вольную вопратку, што стварае хай кароткае, але адчуваньне адрыву ад зоны.


Гісторыі з турэмных гатэляў

Алёна Красоўская ўзгадвае тыя часы, калі сама езьдзіла на сустрэчы з асуджаным мужам. Паводле жанчыны, абодва ўсьведамлялі, што «стаць на шлях выпраўленьня — гэта адзіная магчымасьць, каб атрымліваць дадатковыя спатканьні і каб час разлукі такім чынам праляцеў хутчэй».

Акрамя трох належных працяглых спатканьняў у іх было некалькі заахвочвальных (за добрую працу, вучобу, удзел у спартовым жыцьці), а таму Алёна Красоўская езьдзіла далёка не на ўсе «кароткія».

Ад Алёны Красоўскай

— Ехаць дзеля кароткай размовы шмат гадзінаў на аўтобусах, цягніках, бо сярод сваіх не было нікога з машынай — для мяне гэта было і цяжка, і вельмі накладна.

Трохдзённыя спатканьні адбываліся ў турэмных «гатэлях». Там агульны калідор, агульная кухня, агульны душ. Алёна Красоўская кажа, што была сьведкам самых розных дачыненьняў паміж сямейнікамі. Адны пары літаральна сьвяціліся ад шчасьця, але былі і такія, ад якіх сыходзіла шмат агрэсіі. Прычым ішла яна, як правіла, ад саміх вязьняў:

Ілюстрацыйнае фота

— Чуліся і маты, і розныя іншыя брыдкія абразы. Аднойчы быў выпадак, калі незадаволены чымсьці муж ударыў жонку. Гэта пры тым, што яна на сваім гарбу цягнула яму перадачу на 30 кг, з рознымі далікатэснымі прадуктамі. Тая жанчына зьехала ад яго, не дабыўшы дзень ці два з трох прызначаных... А акрамя мужа, які не працаваў, але меў вялікія запатрабаваньні, на ёй яшчэ віселі дзеці, сьвякроў. Але гэта зьвязана не з турмой, а з тым, што такія адносіны ў сям’і былі і на волі.

Таксама я была сьведкай, калі паміж некаторымі чужымі мужамі ды чужымі жонкамі адбываліся паходы «налева». Створаныя на кароткі час пары замыкаліся недзе ў душы, а іх сужэнцы шукалі іх на кухні, па ўсім гатэлі. У прынцыпе, усё як і на волі.


На спатканьне ў жаночую калёнію

Былы асуджаны Сяргей Л., які рэгулярна наведвае сваю жонку Аліну ў калёніі, кажа, што менавіта на жаночай зоне падчас спатканьняў, асабліва калі гэта тычыцца сямейных параў, няма ні скандалаў, ні адзюльтэраў. Калі мужчына прыяжджае туды на спатканьне, гэта знак вельмі вялікага каханьня, прынамсі зь ягонага боку.

На працяглае трохдзённае спатканьне з жонкай ён ужо закупіў усё, што трэба для трыццацікіляграмовай перадачы. Засталося набыць нейкіх прысмакаў — ягадаў, садавіны, марозіва. На сустрэчы ў калёнію Сяргей езьдзіць трэці год.

Яшчэ праз тры гады скончыцца і тэрмін пакараньня.

Прысуд, які атрымала Аліна, — дзевяць гадоў пазбаўленьня волі. Столькі ж атрымаў і яе першы муж, зь якім яны праходзілі па адной справе. На сёньня Аліна адседзела шэсьць гадоў. Першы яе шлюб даў расколіну яшчэ да арышту. Праз пару гадоў, калі сужэнцаў ужо разьмеркавалі па розных зонах, стала ясна, што ім нават і пісаць адно аднаму няма пра што.

Сяргей — другі Алінін муж. Пазнаёміліся на этапе. Малады мужчына атрымаў тады два гады няволі. Пачалі ліставацца. Калі лісты ідуць з зоны ў зону, гэта заўсёды праблематычна. Але наладзілі сувязь праз волю.

Пасьля адседкі Сяргей прыехаў да Аліны на кароткае спатканьне. Неўзабаве расьпісаліся. Муж імкнецца ўсяляк падтрымліваць жонку, як маральна, так і матэрыяльна. «Калі нашы блізкія за кратамі адчуваюць, што яны патрэбныя на волі, то і час у няволі ляціць нашмат хутчэй», — кажа ён. У сваю чаргу Аліна амаль у кожным лісьце да мужа піша, якая яна шчасьлівая, бо нарэшце зразумела, што значыць жыць.
Для людзей далёкіх ад турэмных рэаліяў гэтая кароткая гісторыя — нібыта з сэрыялу «Санта-Барбара». Аднак большасьць тых, хто знаёмы з жыцьцём за кратамі, скажуць вам, што ў вязьніцах здараецца і не такое.

«Калі жонкі часьцей за ўсё чакаюць мужоў, то мужчыны — нашмат менш цярплівыя, — шчыра кажа Сяргей. — Чым даўжэйшы тэрмін, тым менш шанцаў захаваць адносіны».

Сяргей перакананы, што працяглыя турэмныя спатканьні павінны быць усё ж значна часьцей, чым раз на паўгода, а таксама іх варта распаўсюдзіць і на тых, хто ня ў шлюбе.


Спатканьне пад наглядам

Палітвязьням, як кажуць іх родныя, «загадам адміністрацыі, у сувязі з рознымі надуманымі правінамі» нярэдка адмаўлялі як у кароткіх, так і ў працяглых спатканьнях, або істотна скарачалі час дазволеных сустрэч.

Паводле Марыны Адамовіч, жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча, які быў за кратамі ад сьнежня 2010 да верасьня 2015 году, сядзеў то ў Шклоўскай калёніі, то ў Магілёве, яны мелі толькі кароткія спатканьні. Калі не лічыць аднаго істотна скарочанага працяглага — яго адміністрацыя Шклоўскай калёніі дазволіла, калі яны бралі шлюб.


Ад жонкі палітвязьня

Як распавядала Марына Адамовіч, кароткія спатканьні цягнуліся сама болей дзьве гадзіны (супраць трох, якія лічыліся тады нормай). Турэмнікі цынічна тлумачылі гэта «тэхнічнымі магчымасьцямі, абмежаванай колькасьцю кабінак, апаратаў».

— Сустрэчы праходзілі праз падвойнае шкло, праз краты, са слухаўкай, якая пішчыць-вішчыць, у вельмі кепска ізаляваных загародках. Хоць што гэта за ізаляцыя — вельмі маленькія перагародачкі і пяць чалавек, якія адначасова спрабуюць дакрычацца да сваіх блізкіх.

На кароткіх спатканьнях, акрамя праслухоўваньняў былі і дэманстратыўныя праходкі аховы за Міколавай сьпінай. Адзін раз гэта была нават пэрсона ў масцы. Я ня ведаю, што гэта азначала. Але мне, даруйце, было напляваць, што яны мяне слухаюць, бо ў мяне быў усяго адзін ці максымум два шанцы на год пабачыць Міколу.

Магу сказаць, што калі спатканьне кароткатэрміновае, то лічыш ня толькі хвіліны, але і сэкунды. Я памятаю кожную хвіліну нашых спатканьняў і не адмовілася б нізавошта ад ніводнай, нягледзячы на тое, што, сапраўды, пасьля іх дужа ўзрушаесься. Але гэта адначасова і мацавала, і давала магчымасьць жыць далей да наступнай сустрэчы.


«Гэта як сэкс на людзях»

Былы палітвязень Мікола Аўтуховіч у 2014 годзе вызваліўся з горадзенскай турмы № 1. У гэтую ўстанову як злоснага парушальніка рэжыму яго этапавалі з ПК-5 у Івацэвічах. Аўтуховіч расказваў, што ягоныя кароткія спатканьні ў Горадні працягваліся нават меней за дзьве гадзіны. Тэлефон, празь які вялася размова, быў сапсаваны ўшчэнт.

Мікола Аўтуховіч, 2014

Ад Міколы Аўтуховіча

— Адрозна ад калёніі ў Івацэвічах, дзе, як я памятаю, можна было прагаварыць дзьве гадзіны, у турме ў Горадні я меў магчымасьць раз на паўгода схадзіць на кароткае спатканьне. Мне там гадзіну давалі, можа крыху болей, як яны самі захочуць.

Ведаю, што ў турме былі вольныя кабінкі. А ў Івацэвічах я хадзіў некалькі разоў на кароткае спатканьне, дык увогуле выходзіла, што сяджу я там толькі адзін. У калёніі да большасьці зьняволеных ніхто не прыяжджаў, тым больш на кароткае. Мне казалі, што на аднаго там прыпадала ў сярэднім шэсьць суджанасьцяў. Збольшага гэта людзі самотныя, бязь сем’яў.

Што яшчэ напружвала падчас кароткіх спатканьняў? У тэлефоне, па якім я размаўляў праз шкло ў Горадзенскай турме, нейкі сталы фон быў ды шум у слухаўцы. Каб зразумець добра, што кажа жонка, трэба ўслухоўвацца. Я там неяк раз казаў: «Што ў вас за тэлефон, што не чутно? Так, вы запісваеце, слухаеце — але навошта, каб гэта перашкаджала размаўляць?» Пасьля яны нешта там падкруцілі, і стала лепей. Там стары камутатар, калі «пальчыкі» ўстаўляюць.

Напачатку я вельмі няёмка сябе адчуваў, ведаючы, што тваю размову праслухоўваюць. Гэта як сэкс на людзях. Потым, разумеючы, што інакш не атрымліваецца, на гэта ўжо не зважаеш і размаўляеш пра ўсё.

Калі б ад мяне залежала палепшыць кароткія спатканьні ў турмах і калёніях, я б зрабіў больш пільны агляд тых, хто сустракаецца, але каб сустрэчы праводзіліся ў пакоях бяз шкла. Каб блізкія маглі абняць адно аднаго, пацалавацца. Для мяне гэта дзікунства, калі чалавек ня можа абняць сваю жонку, дзяцей, калі яны за мэтар сядзяць. Гэта зьдзекі зь людзей.


Нетактыльная эротыка

У магію пачуцьцяў, пяшчоты, любоўнай жарсьці можна акунуцца і пры адсутнасьці фізычных кантактаў.

Ігару М. за сорак. Большая частка жыцьця праведзеная за кратамі. Жанаты ніколі ня быў. Гэта значыць, што турэмныя спатканьні дазваляліся толькі маці. Такіх, як ён, да якіх ня езьдзяць на сустрэчы блізкія жанчыны, у зонах шмат. А таму асуджаныя спрабуюць знайсьці нейкую замену праз тэлефанаваньні ды ліставаньне. Колькасьць лістоў, адрозна ад спатканьняў, перадачаў ды тэлефонных званкоў, цяпер не абмежаваная. Так было не заўсёды.

Ліміты ліставаньня існавалі яшчэ ў першае дзесяцігодзьдзе незалежнай Беларусі. Іх зьнялі толькі ў 2000-я.

Ад Ігара М.

Ігар М. гэткае абмежаваньне зазнаў. Калі за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі ён быў пераведзены ў Горадзенскую турму, першыя паўгода яго трымалі на строгім рэжыме і дазвалялі пісаць толькі 2 лісты на месяц. Потым быў агульны рэжым і маленькае «паслабленьне»:

Гарадзенская турма

— Асуджаныя і цяпер называюць строгі рэжым «галодным» — за вялікую колькасьць абмежаваньняў. Ужо калі мяне перавялі на агульны, было дазволена пісаць чатыры лісты. Мусіў выбіраць, каму напісаць — маме або каханай дзяўчыне. Укласьціся ў гэтыя рамкі было складана.

Ігар адзначае, што абмежаваньні тычыліся тых лістоў, якія пісаў на волю сам вязень, але ня тых, якія маглі прыходзіць да яго за краты. Тым ня менш і адміністрацыя калёніі стварала штучныя перашкоды на шляху пошты з волі. Гэта працягваецца і ў наш час.

— Хіба ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ня ведаюць, наколькі псыхалягічна важнае ліставаньне для зьняволенага?! Таму нярэдка, каб стварыць стрэсавую сытуацыю для таго або іншага ЗК, яму цягам некалькіх тыдняў не даюць лісты. Чалавек толькі і думае пра допіс з волі, а яму проста не выдаюць пошту.

Апошнім часам, працягваў Ігар, многія пачалі рознымі шляхамі цягнуць у няволю мабільныя тэлефоны. У зоне ёсьць і таксафоны, але колькасьць званкоў абмежаваная. Мабільны тэлефон, хоць зь ім і зьвязаная вялікая рызыка, стварае адчуваньне, што ты напалову свабодны, бо дае сувязь з блізкімі. Але ж лістоў усё роўна нішто не заменіць.

— Калі я атрымліваў лісты ад каханай дзяўчыны, то чытаў паміж радкоў тое, што яна хацела б сказаць, але не напісала. Дык мне гэта нават цікавей. Я разумею яе. Я бачу ўсё па яе почырку. Лісты можна перачытваць, а тэлефонныя размовы — не. Многія вязьні бяруць самыя дарагія ім лісты з сабой на волю.

Што да мяне, то я і на волі захоўваю ўсе самыя дарагія мне допісы. Гэта дзесьці 500–600 паштовак. Ёсьць з горадзенскай «крыткі». Нават са «Свабоды» ёсьць. Па ўсіх гэтых лістах можна вывучаць гісторыю беларускіх турмаў. Напрыклад, калі дзень народзінаў у турме, то кожная з камэраў падпісвае табе паштоўку і ўпісвае свае імёны. Па гэтых паштоўках можна даведацца, хто на той момант сядзеў у вязьніцы.​


Паштовыя флірты

З часу вызваленьня палітвязьня, пэнсіянэра МУС Сяргея Парсюкевіча прайшло амаль дзесяць гадоў, але ён захоўвае сваю тагачасную перапіску. Для яго гэта разам з турэмнай алюмініевай конаўкай — «матэрыяльнае сьведчаньне непрацяглай адседкі».

Сяргей Парсюкевіч у судзе, 2008


Ад Сяргея Парсюкевіча

Усе лісты, якія ён дасылаў родным з-за кратаў, Сяргей абавязкова нумараваў. Ён вымае са стоса адзін з аркушаў:

— Вось тут лісты, які прыйшлі да мяне за краты, а тут — тое, што пісаў на волю я. Бачыце, ліст пад нумарам 8? Я заўсёды ставіў нумары. Каб мае родныя маглі ведаць, што нешта і не дайшло. Вы бачыце самі, ёсьць № 6 і № 8, а сёмага няма.

Былы палітвязень адзначае, што часу на ліставаньне за кратамі больш чым дастаткова. Можна хоць цэлы дзень пісаць. А на «Валадарцы» для гэтага яшчэ існуе і ноч.

— Ёсьць і такія, хто строчыць ня толькі за сябе, але і за іншых. Гэта свайго роду спэцы эпісталярнага жанру. На «зонах» яны вельмі запатрабаваныя. Асабліва тыя, хто ўмее рыфмаваць. Напрыклад, хоча ЗК павіншаваць кагосьці, дык спэцы заўсёды ў гэтым дапамогуць са сваімі вершамі. На любы густ. Сам я, праўда, ніколі не зьвяртаўся.

Некаторыя зачытвалі свае лісты іншым. Я належаў да тых, хто прыватнае пакідаў выключна сабе, а вось тыя лісты, якія прыходзілі мне ад цэлых калектываў (іх было шмат) і маглі быць цікавымі ўсім, я чытаў уголас. Гэтым можна было дзяліцца зь іншымі. Бо сярод зэкаў былі і вельмі самотныя людзі, якія нічога ні ад кога не атрымлівалі.

Ад Андрэя Пачобута

Іншаму былому палітвязьню, горадзенскаму журналісту Андрэю Пачобуту, асуджанаму за паклёп на кіраўніка дзяржавы, запомнілася, як зьняволеныя наладжваюць міжкамэрную паштовую сувязь і пішуць эратычныя лісты.

Андрэй Пачобут

— Мой сукамэрнік у сьледчым ізалятары актыўна перапісваўся з жаночай камэрай, што была пад намі. У яго гэта займала амаль увесь дзень. Ён пісаў лісты эратычнага характару, на дзьве старонкі расьпісваў, як яны сустрэнуцца зь дзяўчынай, якой, дарэчы, ня бачыў. Яна адказвала яму такімі самымі лістамі.

Тая дзяўчына была маладзейшая за яго гадоў на дваццаць. Калі яна выйшла пасьля арышту, ужо зь ім ніяк не кантактавала. Ён быў распалены: раптам яму перадачу прынясе, а для яе гэта было проста баўленьне часу. Але ўсё ж нейкія эмоцыі ў тваім шэрым жыцьці.

Як зазначае Андрэй Пачобут, паміж калёніямі перапісвацца нельга, а вось гэтая міжкамэрная сувязь — яна нелегальная, ажыцьцяўляецца з дапамогай «коней», значыць — вяровак.

— За дзесяцігодзьдзі выпрацавана сыстэма сувязі паміж камэрамі. Нягледзячы на ўсе спробы адміністрацыі спыніць яе, яна існуе, хоць увесь час ідзе змаганьне.

Што да ліставаньня паміж турмамі ды калёніямі, то гэта афіцыйна могуць рабіць толькі муж і жонка, значна радзей браты ці сёстры.

Папярэднія публікацыі

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў