Улады Туркмэністану ўвялі ўзроставае абмежаваньне на выезд з краіны для асобаў маладзейшых за 40 гадоў.
«25 чэрвеня жыхары гораду Дашагуз, які за 630 кілямэтраў ад Ашхабаду, даведаліся ў міграцыйнай службе гораду, што забарона на выезд для грамадзян краіны пашыраная з 30 да 40 гадоў», — паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода.
Паводле некалькіх жыхароў, якія зьвярнуліся ў міграцыйную службу па дазвол для атрыманьня турыстычнай візы, чыноўнікі адмовілі ім у выдачы даведкі, патлумачыўшы наяўнасьцю «распараджэньня зьверху» аб новым узроставым абмежаваньні да 40 гадоў.
«На пытаньне аб прычыне забароны сказалі, што ў вілаяце (вобласьці) не засталося нікога здольнага працаваць. Сказалі, калі вы ўсё паедзеце, хто ж працаваць будзе?» — расказаў 36-гадовы жыхар этрапу (раёну) імя Сапармурата Туркмэнбашы, які назваўся Шадурдыевым.
Радыё Свабода не ўдалося пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб чарговым абмежаваньні на выезд грамадзян за мяжу ў прадстаўнікоў міграцыйнай службы Туркмэністану.
Раней паведамлялася аб намеры ўладаў не дапускаць на міжнародныя рэйсы туркмэнаў, якія не дасягнулі 30-гадовага ўзросту.
Пра забарону на выезд з краіны ўлады Туркмэністану афіцыйна не абвяшчаюць.
Афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць людзей, якія выяжджаюць за межы Туркмэністану, недаступныя. Але, паводле мясцовых назіральнікаў, праз працяглы эканамічны крызіс, які суправаджаецца беспрацоўем, ростам цэнаў і дэфіцытам харчаваньня, міграцыя, у першую чаргу працоўная, набыла масавы характар.
Напярэдадні стала вядома пра арышты туркмэнскіх мігрантаў, якія вяртаюцца дадому.