Расейскі алігарх Алег Дзерыпаска пазычыў былому кіраўніку перадвыбарнага штабу прэзыдэнта ЗША Полу Манафорту 10 мільёнаў даляраў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на судовыя дакумэнты, зьвязаныя са справай Манафорта.
Паводле агенцтва, у заяве на атрыманьне ордэра на ператрус у кватэры падазраванага, апублікаванай 27 чэрвеня, гаворка ідзе пра тое, што пасьля вывучэньня падатковых дэклярацый кампаніі, якая належыць Манафорту і яго жонцы, стала вядома пра пазычаныя Дзерыпаскам грошы.
Расейскі мільярдэр мае сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і сёлета трапіў у санкцыйны сьпіс ЗША.
Агенты ФБР правялі ператрус дома ў Манафорта ў ліпені 2017 году, паводле ордэра, ухваленага судзьдзёй. Як паведамляецца, пасьля правядзеньня рэйду спэцпрокурор ЗША Роберт Мюлер, які расьсьледуе магчымае ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША, атрымаў ключавыя доказы фінансавых сувязяў Манафорта зь Дзерыпаскам.
Паводле Reuters, новыя апублікаваныя судовыя дакумэнты паказваюць, што Дзерыпаска яшчэ ў 2005-2006 гадах падтрымліваў кансультацыйныя паслугі Манафорта ва Ўкраіне.
15 чэрвеня былога кіраўніка кампаніі Дональда Трампа Пола Манафорта ўзялі пад варту паводле абвінавачаньня ў магчымым ўмяшаньні ў сьведчаньні. Сьледчыя заяўляюць, што ён і яго расейскі дзелавы партнэр Канстанцін Кілімнік, якому таксама выставіў абвінавачаньні Мюлер, спрабавалі паўплываць на сьведкаў у справе аб адмываньні грошай, утойваньні ад падаткаў, змове і адсутнасьці рэгістрацыі ў якасьці замежнага агента.
У рамках расьсьледаваньня Мюлера Манафорту выстаўленыя абвінавачаньні ў змове супраць Злучаных Штатаў. Пачатак судовага працэсу прызначылі на верасень. Яшчэ адна справа супраць Манафорта вядзецца ў штаце Вірджынія, разгляд у судзе прызначаны на 25 ліпеня. Манафорт не прызнае сябе вінаватым ні ў воднай з гэтых справаў.
Трамп называў расьсьледаваньне супраць былога кіраўніка ягонай перадвыбарчай кампаніі «паляваньнем на ведзьмаў».