Брытанская праваабарончая арганізацыя Article 19 заявіла пра пагрозу свабодзе інтэрнэту празь дзеяньні Расеі. Пад дакумэнтам, абнародаваным на сэсіі Рады ў пытаньнях правоў чалавека ААН у Жэнэве, паставілі свае подпісы прадстаўнікі 52 расейскіх і міжнародных арганізацый, у тым ліку Amnesty International, Human Rights Watch, «Рэпартэраў бязь межаў», «Сахараўскага цэнтру», Маскоўская Хэльсынская група, «Роскомсвобода», «Русь сидящая» і іншыя.
Апошнія шэсьць гадоў Расея стварае мэханізм, які, калі будзе цалкам рэалізаваным, ня толькі надзвычай абмяжуе свабоднае распаўсюджаньне інфармацыі ў інтэрнэце, але патэнцыйна дасьць расейскім уладам доступ да дадзеных асабістых камунікацый любога чалавека ў любым пункце сьвету, гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. Расейскія ўлады пашыраюць пералік падстаў для блякаваньня рэсурсаў, у тым ліку без рашэньняў суду, а карыстальнікі інтэрнэту цярпяць перасьлед проста за выказваньне думкі, адзначаюць аўтары заявы.
Гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб прыняцьці «законаў Яравой», блякаваньні Telegram, дасудовага блякаваньня сайтаў, а таксама разглядзе законапраектаў, якія абавяжуць інтэрнэт-кампаніі блякаваць недакладную інфармацыю і якія забараняюць ананімнасьць у інтэрнэце.
Праваабаронцы заклікалі ААН вывучыць і публічна аспрэчыць дзеяньні Расеі, «каб абараніць фундамэнтальныя правы на свабоду выказваньня думак і недатыкальнасьць прыватнага жыцьця як онлайн, так і офлайн».