За крадзяжы на будоўлі Беларускай АЭС асудзілі чатырох былых работнікаў «Гомельпрамбуду»

Ілюстрацыйнае фота. Будоўля Беларускай АЭС, 2017 год

27 чэрвеня суд Савецкага раёну ў Гомлі вынес прысуд па крымінальнай справе, фігуранты якой — былыя работнікі ААТ «Гомельпрамбуд». Прарабы і забесьпячэнец абвінавачваліся ў службовым падлогу, крадзяжах шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе БелаПАН.

Слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме паводле хадайніцтва адвакатаў. Абаронцы спасылаліся на тое, што будуць агучвацца матэрыялы, якія праходзяць з грыфам «для службовага карыстаньня» і не прызначаныя для апублікаваньня. Гаворка пра дакумэнтацыю, якая тычыцца Беларускай АЭС у Астраўцы. Будаўнічыя працы на аб’екце выконваў «Гомельпрамбуд».

Паводле вэрсіі сьледзтва, прарабы і забесьпячэнец сьпісвалі матэрыяльныя каштоўнасьці і раскрадалі будаўнічыя матэрыялы. Кошт стратаў перавысіў 36 тысяч рублёў. Махінацыі на аб’екце выявіў Камітэт дзяржкантролю.

Як стала вядома БелаПАН, суд прысудзіў абвінавачаных (чатыры чалавекі) да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі (ад 3 да 5 гадоў) з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом на Горадзеншчыне за расейскі крэдыт. Для Беларускай АЭС выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.

Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёка заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018-м), другога — на 2020 год.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС