У Польшчы запушчаны праект EdWork, які дапамагае студэнтам з Беларусі, Украіны, Расеі і Малдовы шукаць легальную працу ў гэтай краіне. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.
З дапамогай праекту можна знайсьці як часовую, гэтак і сталую працу для замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы, і для студэнтаў замежных ВНУ.
Сярод партнэраў праекту буйныя фірмы са сфэры паслуг, харчовай прамысловасьці і лягістыкі. Яны ўжо заявілі пра гатоўнасьць працаўладкаваць на пэрыяд летніх канікул 850 замежных студэнтаў.
Удзел у праграме бясплатны. Усе пытаньні па легалізацыі знаходжаньня ў Польшчы, уладкаваньні на працу, забесьпячэньню жытлом вырашаюць арганізатары праекта.
«На пачатковым этапе праект доўжыцца ад аднаго да трох месяцаў. Далей мы мяркуем даць магчымасьць моладзі з Усходняй Эўропы знайсьці працу ў Польшчы, сумяшчальную з навучаньнем у польскіх ВНУ» — сказаў Кірыл Салата, упаўнаважаны па інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі парлямэнту студэнтаў Польшчы, пад патранатам якога знаходзіцца праект EdWork.
Стратэгічным партнэрам праекту зьяўляецца Група EWL — адна з найбуйнейшых польскіх кампаній, якая займаецца працаўладкаваньнем іншаземцаў у Польшчы.
На пачатак 2018 году ў Польшчы навучалася больш за 72 тысяч замежных студэнтаў з прыкладна 160 краін, больш за ўсё — з Украіны і Беларусі.