Масавы хрост пратэстантаў у возеры на поўдні Беларусі. ФОТА
Хрышчэньне – адно з найгалоўнейшых сьвятаў для пратэстантаў. Сёлета ў вёсцы Альшаны абрад праходзіць першы раз.
Звычайна хросты адбываюцца адзін-два разы на год. Але часам, расказваюць мясцовыя вернікі, ахвотнікаў «пакаяцца» зьбіраецца так шмат, што могуць праходзіць і тры хросты на год. Самыя шматлюдныя — да 100 і больш чалавек — праходзяць улетку.
Царква хрысьціян веры эвангельскай сёлета адзначыла 90-годзьдзе. Першае хрышчэньне адбылося 28 траўня 1928 году. Тады першы хрост прынялі каля 100 чалавек.
Вопратка павінна быць белая і чыстая. Дзяўчаты, якія прымаюць хрост, апранаюць мэдыцынскія халаты, хлопцы –белыя кашулі і чорныя нагавіцы. Усе без абутку. «Так склалася ўжо традыцыйна, — кажуць пастыры. — Але вопратка нічога ня значыць».
У возеры хрысьцяць пяць пастыраў. «У савецкі час, калі рэлігія была пад забаронай, – расказвае пастар Міхаіл, – абрад праходзіў тайна ў пойме ракі Прыпяць».
Сёлета хрост прымае 91 чалавек. Самаму малодшаму 17 гадоў, найстарэйшаму – 80.
Уладзімеру 80 гадоў. Ён найстарэйшы ўдзельнік хросту. Раней наведваў праваслаўную царкву.
Перад хростам адбываецца служба на беразе.
Абавязковы рытуал – гэта апусканьне ў ваду. Летам – у мясцовае Альшанскае возера.
Хрост і акунаньне ў ваду праходзяць пры любым надвор’і. Гэтым разам тэмпэратура паветра была +16. Але на халодную ваду ня скардзіўся ніхто.
Пастар Міхаіл кажа, што ў савецкі час пратэстантаў ня бралі ў ВНУ і нават не давалі атрымаць залаты мэдаль у школе. «Аднаму з нашых братоў нават не далі магчымасьць атрымаць залаты мэдаль, хоць ён вельмі добра вучыўся. Яго прасілі: “Ты скажы, што чалавек паходзіць ад малпы, то будзе залаты, а калі не, то ня будзе”. Нават было, што вернікаў у калгас ня бралі».
Хрост можна прымаць толькі з 14 гадоў, але звычайна хрысьцяцца бліжэй да 18.
«Гэта маё сьвядомае самастойнае рашэньне, якое я прыняла цяпер сама, без уплыву родных і сяброў», – кажа 17-гадовая Марыя. (Марыя ў цэнтры)
Пасьля акунаньня ў ваду вернікі пераапранаюцца ў сухую вопратку ізьбіраюцца ў кола. Першымі іх віншуюць пастары і дораць кожнаму ружу.
Пасьля да віншаваньняў далучаюцца родныя і сябры.
У Альшанах жыве каля 8 тысяч чалавек. Зь іх больш за 3 тысячы наведваюць пратэстанцкую царкву. У нядзельную школу ходзяць 1100 дзяцей.