У новым рэйтынгу Freedom House Беларусь засталася ў катэгорыі несвабодных краінаў

Беларусь па-ранейшаму застаецца ў катэгорыі несвабодных краін, гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі Freedom House «Нацыі ў пераходным пэрыядзе». Пазыцыя Беларусі ў зводным рэйтынгу дэмакратыі за 2017 год не зьмянілася ў параўнаньні з папярэднім дакладам, піша БелаПАН.

Пад знакам сацыяльных пратэстаў

«Хоць агульны палітычны клімат у Беларусі крыху палепшыўся ў 2015 і 2016 гадах, 2017 год прынёс новыя праблемы для беларускага грамадзтва, — гаворыцца ў дакладзе. — Сацыяльныя пратэсты, які выбухнулі ў лютым і сакавіку, пабудзілі ўлады зноў абапірацца на рэпрэсіўныя захады, каб задушыць іншадумства. Улічваючы паляпшэньне адносін з Захадам, улады першапачаткова былі стрыманыя ў дачыненьні да пратэстоўцаў, а праваахоўныя органы не разганялі мітынгаў і не затрымлівалі многіх удзельнікаў дэманстрацый у лютым, нягледзячы на тое што гэтыя пратэсты не былі санкцыянаваныя».

Марш дармаедаў у Горадні, сакавік 2017

У сакавіку 2017 году ўлады зьмянілі тактыку і выкарыстоўвалі рэпрэсіўныя захады, уключаючы прэвэнтыўныя затрыманьні і арышты, ціск на СМІ і крымінальныя абвінавачваньні. Усяго ў сакавіку каля 900 чалавек зазналі розныя формы ціску, больш за 100 зь іх сутыкнуліся з адміністрацыйным арыштам. Практычна ўсе лідэры апазыцыі былі затрыманыя ці аштрафаваныя, і больш за 30 чалавек былі арыштаваныя праз падазрэньне ў падрыхтоўцы беспарадкаў і стварэньні ваенізаваных фармаваньняў (справа «Белага легіёну»), гаворыцца ў дакумэнце.

Адзначаецца таксама, што ўлады дасягнулі сваёй мэты — у красавіку 2017 году пратэсты пачалі слабець, а да чэрвеня ўзровень актыўнасьці зьнізіўся да мінімуму. Пры гэтым, нягледзячы на рэпрэсіі, Менску ўдалося захаваць адносіны з ЭЗ і ЗША.

Стасункі з Расіяй таксама стабілізаваліся. Нягледзячы на намаганьні Беларусі ў 2017 годзе ў дывэрсыфікацыі сваёй замежнай палітыкі і гандлю, краіна заставалася ў моцнай ступені залежнай ад Расеі, на долю якой прыпадае больш за 50% гандлёвага абароту Беларусі, гаворыцца ў дакладзе.

Пашырылася супраца паміж дзяржавай і грамадзянскім супольніцтвам

У 2017 годзе пашыралася супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і дзяржаўнымі ўстановамі. Дзяржаўныя органы на мясцовым і нацыянальным узроўні сталі больш адкрытымі да такога супрацоўніцтва, што прывяло да некаторых паляпшэньняў умоў працы НДА, адзначаецца ў дакумэнце.

Улады сталі больш актыўна падтрымліваць і лабіяваць праўладныя недзяржаўныя арганізацыі на міжнародным узроўні для атрыманьня імі фінансаваньня. Міжнародныя донары таксама сталі больш адкрытымі для супрацоўніцтва з такімі арганізацыямі.

Істотных інстытуцыйных зьменаў у судовай сыстэме Беларусі ў 2017 годзе не адбылося. Адзначаецца, што па выніках пазачарговай атэстацыі, якую Міністэрства юстыцыі правяло летась, былі адкліканы або прыпыненыя ліцэнзіі сямі адвакатаў. Беларускія праваабаронцы заяўлялі, што атэстацыя была спосабам ціску на адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў палітычна матываваных спраў.

У дакладзе таксама ўказана тое, што ў апошнія гады ў Беларусі рабіліся намаганьні ў барацьбе з карупцыяй на сярэднім і нізкім узроўні, што прывяло да значнага павелічэньня колькасьці спраў, заведзеных у дачыненьні чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. У той жа час Беларусь не выканала рэкамэндацый Групы дзяржаў супраць карупцыі і дазволіла апублікаваць справаздачу.

Сэсія Парлямэнцкай асамблея АБСЭ ў Менску, ліпень 2017

Што прагназуюць на 2018 год

У 2018 годзе, паводле прагнозаў Freedom House, беларускія ўлады будуць імкнуцца падтрымліваць палітычную стабільнасьць. «Спыненьне сацыяльных пратэстаў і слабасьць палітычнай апазыцыі азначае, што ўраду Лукашэнка не пагражае ніякіх істотных палітычных пагроз, — гаворыцца ў дакладзе. — У такіх умовах палітыка „мяккай лібэралізацыі“ і паляпшэньне палітычнага клімату могуць працягвацца. У той жа час істотныя палітычныя рэформы, у тым ліку перагляд выбарчай сыстэмы і пашырэньне прасторы для палітычнай канкурэнцыі, малаверагодныя. Значныя эканамічныя рэформы таксама малаверагодныя з-за патэнцыйных сацыяльных і палітычных рызыкаў».

Беларусь працягне балянсаваць паміж Захадам і Расеяй у спробе палепшыць дачыненьні з ЭЗ і ЗША і пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва без дадатковых палітычных абавязаньняў і саступак, гаворыцца ў дакумэнце. У стасунках з Расеяй Менск будзе імкнуцца да паляпшэньня двухбаковых адносін пры ўмове захаваньня палітычнай дыстанцыі і бяз новых інтэграцыйных ініцыятыў у галіне эканомікі і бясьпекі.

Як складалі рэйтынг

Аўтарам дакладу значыцца беларускі палітоляг Андрэй Казакевіч.

Пры складаньні рэйтынгу Freedom House выстаўляе ацэнкі краінам ад 1 да 7 (1 — найлепшы бал, 7 — найгоршы). Ацэнка краіны робіцца паводле сямі паказчыкаў — нацыянальнае кіраваньне, выбарчая сыстэма, грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ, мясцовае кіраваньне, незалежнасьць судоў і карупцыя. На падставе гэтых паказчыкаў атрымліваецца зводны рэйтынг дэмакратыі. Для Беларусі ў 2017 і 2016 гадах ён склаў 6,61, у 2015 годзе — 6,64.

Freedom House падкрэсьлівае, што выніковы рэйтынг краіны зьяўляецца вынікам адзнак, якія выстаўляюць Freedom House, навуковыя дарадцы (адмыслоўцы ў галіне паліталёгіі і правоў чалавека з унівэрсытэтаў, няўрадавых аналітычных цэнтраў) і аўтары дакладу.