Прэзыдэнт Македоніі Гёрге Іванаў адмовіўся падпісаць ухваленую парлямэнтам у сталіцы Скоп'е пагадненьне аб зьмене назвы краіны на Паўночную Македонію. Гэта рашэньне затрымае, але наўрад ці пацягне зрыў дамоўленасьцяў паміж урадамі ў Скопʼі і Атэнах.
У апублікаванай 26 чэрвеня заяве адміністрацыя Іванава сьцьвярджае, што неканстытуцыйным зьяўляецца пагадненьне з Грэцыяй, якое мае на мэце завяршэньне 27-гадовай спрэчкі паміж краінамі.
Македонскія заканадаўцы 20 чэрвеня прагаласавалі 69 галасамі за законапраект аб ратыфікацыі пагадненьня. Гэтае рашэньне патрабавала простай большасьці ў парлямэнце, які складаецца з 120 дэпутатаў.
Калі парлямэнт другі раз прыме зьмены, прэзыдэнт Іванаў ня зможа заблякаваць гэтае рашэньне. Сьпікер парлямэнту Талат Джафэр заявіў, што дэпутаты паўторна прагаласуюць на наступным тыдні.
У верасьні ў Македоніі адбудзецца агульнанацыянальны рэфэрэндум аб назве, пасьля чаго грэцкія заканадаўцы таксама павінны ратыфікаваць дамоўленасьці.
Пагадненьне разьвязала амаль 30-гадовую спрэчку паміж Атэнамі і Скопʼем. Грэцкі бок не задавальняла назва рэспублікі Македонія, бо, на яе думку, яна было занадта сугучнай з грэцкаю зямлёю Македоніяй. Менавіта праз назву Македонія не магла падаць заяўку на далучэньне да ЭЗ.