Кадыраў паказаў Віктару Лукашэнку ўнівэрсытэт у Чачні, дзе навучаецца расейскі спэцназ. ВІДЭА

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

Дэлегацыя Беларусі на чале са старэйшым сынам і памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнкам 25 чэрвеня наведала Чачню, дзе сустрэлася з Рамзанам Кадыравым.

Пра гэта кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Кадыраў напісаў у сябе ў Вконтакте.

«У Чачэнскую Рэспубліку зь сяброўскім візітам прыбыла дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з памочнікам прэзыдэнта РБ па нацыянальнай бясьпекі Віктарам Лукашэнкам. Падчас нашай сустрэчы Віктар Аляксандравіч перадаў мне і чэчэнскаму народу словы прывітаньня і добрыя пажаданьні ад прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі», — напісаў Кадыраў.

Кіраўнік Чачні таксама адзначыў, што адносіны паміж Беларусьсю і Чачэнскай Рэспублікай разьвіваюцца ва ўсіх сфэрах, уключаючы эканоміку, малы і сярэдні бізнэс, сельскую гаспадарку, культуру, спорт, турызм, гандаль.

А ў твітэры Кадыраў паведаміў, што зь Віктарам Лукашэнкам яны наведалі Расейскі ўнівэрсытэт у Гудэрмэсе, дзе «створаны найлепшыя ў сьвеце ўмовы для падрыхтоўкі падраздзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня».