Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які падазраецца ў забойстве жыхара паселішча Мангуш Данецкай вобласьці, да 17 жніўня будзе знаходзіцца ў Дняпроўскай псыхіятрычнай лякарні са строгім наглядам Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні Валадарскага раённага суду Данецкай вобласьці, неабходнасьць працягу псыхічнага лекаваньня пракурор матываваў «хваравітым станам» Ігара Кляўка. Такі стан, «згодна з заключэньнем псыхіятрычнай экспэртызы, пазбаўляе чалавека здольнасьці ўсьведамляць свае дзеяньні і кіраваць імі».
Паводле абвінавачаньня, беларускі добраахвотнік у такім стане «без адпаведнага лячэньня і мэдычнага назіраньня можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам, а таксама паўплываць на сьведак».
Прызначылі яшчэ адну псыхіятрычную экспэртызу
У той жа час суд прызначыў дадатковую псыхіятрычную экспэртызу, бо, паводле інфармацыі галоўнага ўрача Дняпроўскай псыхлякарні, за ўвесь час знаходжаньня ў гэтай установе ў Ігара Кляўка «не назіралася якіх-небудзь клінічных прыкмет часовых разладаў псыхічнай дзейнасьці ў форме цяжкай дэпрэсіі», як гэта было вызначана папярэдняй псыхэкспэртызай у лякарні Славянску.
Наступнае паседжаньне суду прызначанае на 13 жніўня.
У часе дасудовага сьледзтва і цяперашніх судовых паседжаньняў Ігар Кляўко заяўляў што ня мае дачыненьня да злачынства, перасьлед лічыць палітычна матываваным, а сабраныя сьледзтвам доказы — сфабрыкаванымі.
Беларускі добраахвотнік, якога ва Ўкраіне вінавацяць у забойстве, расказаў сваю вэрсію справы
Беларускі добраахвотнік зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру Ўкраіны з заявамі аб парушэньні сваіх правоў падчас затрыманьня і сьледзтва, але заявы вярталі для праверкі тым самым органам пракуратуры, якія і вядуць ягоную справу.
Пракуратура сьцьвярджае, што ўсё законна
У адказе на афіцыйны запыт Свабоды Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла, што справа Ігара Кляўка «знаходзіцца пад кантролем Галоўнай вайсковай пракуратуры, пры гэтым парушэньняў патрабаваньняў Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны з боку супрацоўнікаў вайсковай пракуратуры Марыюпальскага гарнізону ня выяўлена».
Намесьнік вайсковага пракурора Марыюпальскага гарнізону Яраслаў Міхальчук падкрэсьліў, што «затрыманьне Ігара Кляўка адбывалася прадстаўнікамі органаў унутраных спраў з выкананьнем патрабаваньняў заканадаўства Ўкраіны».
Паводле яго, сабраныя падчас дасудовага расьсьледаваньня доказы вінаватасьці Ігара Кляўка сталі «дастатковай падставай, каб паведаміць яму абгрунтаванае падазрэньне ў крымінальнай вытворчасьці і накіраваць у суд хадайніцтва аб абраньні прымусовых захадаў мэдычнага характару», паколькі экспэртная ўстанова ўстанавіла факт ягонага псыхічнага захворваньня.
Беларусу-добраахвотніку пагражае да 15 год турмы
Ігар Кляўко быў затрыманы летась у лютым у Ірпенскім вайсковым шпіталі на другі дзень пасьля апэрацыі на параненай назе. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выкраданьне чалавека, наўмыснае забойства і бандытызм.
Года таму, у чэрвені, Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы замены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.
Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнам «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.