Малінавы бізнэс у вёсках каля Гомля пачаўся ў канцы 90-х. Цяпер, бадай, за кожнай хатай у Пакалюбічах, Касьцюкоўцы ці Яроміне расьцягнуліся ягадныя шнуры.
«Нават п’яніцы дзьве ці тры соткі малінаў абавязкова маюць. Толькі багатыя з катэджаў не займаюцца ягадамі», — тлумачыць жыхарка Пакалюбічаў.
Вясковы «маліньнік» — закрыты для чужынцаў сьвет. Пытаньні пра схемы рэалізацыі ці прыбыткі мясцовыя сустракаюць ці насьцярожана, ці варожа. Просяць ня верыць плёткам пра звышпрыбыткі зь летніх ягад.
«На рамонт дому, падвод камунікацый, на зборы дзяцей у школу за сэзон зарабіць можна», — пагаджаюцца суразмоўцы. Больш маюць тыя, хто возіць ягады на аптовыя маскоўскія рынкі. Маліны ў кардоннай скрыначцы даходзяць ад беларускага куста да расейскага пакупніка менш як за суткі. Лягістыка выбудаваная без удзелу дзяржавы.
«Хай толькі не перашкаджае ніхто», — кажуць вяскоўцы.
«Дашкольнікі падносяць скрынкі, дзесяцігадовым давяраем рваць ягады»
У Пакалюбічах Гомельскага раёну малінамі займаюцца практычна ўсе жыхары — лекары, настаўнікі, прыбіральшчыцы, токары, навукоўцы.
Натальля — наш праваднік у закрыты сьвет «маліньніку». Яна працуе мэдсястрой у Гомлі. У Пакалюбічах сям’я мае дом. 10 сотак засаджаныя малінамі. Гэта практычна стандарт для вёскі.
«Ходзяць чуткі, што некаторыя маюць і па 50 сотак ужо, але гэта, можа, прадпрымальнікі, ці нелегальна карыстаюцца зямлёй», — кажа жанчына.
Яе дзеці лета ня любяць. Канец чэрвеня — сярэдзіна ліпеня — сэзон. Рабіць трэба шмат. Шасьцігадовыя падносяць дарослым кардонныя скрынкі, дзесяцігадовым давяраюць ужо рваць ягады. Рабіць гэта трэба асьцярожна — не зламаць галінкі, не памяць.
«Да малінаў лепей дакранацца толькі адзін раз пры зборы», — заўважае Натальля.
Зьбіраць ягады ідуць ад пятай раніцы. Важна, каб не было расы, дажджу — маліны пусьцяць сок.
«Чыстая адзежа, хустка, рукі, вёдры — гэта абавязкова. Тыя, хто вязе ягады на Маскву, павінны быць упэўненыя ў нас», — кажа Натальля. Яна акуратна зрывае маліны, кладзе ў вядзерца, перасыпае ў адмысловую кардонную скрынку, разьлічаную на кіляграм. Скрынкі бясплатна раздаюць «скупшчыкі» — мясцовыя, што гадамі возяць маліны на Маскву. Калі хочаш сам прадаваць ягады на кірмашы ў Гомлі — скрынкі можна набыць за 30 капеек. Ці зрабіць самім з таньнейшых загатовак.
На працу часам наймаюць «зборшчыкаў». Летась іх паслугі каштавалі 60 капеек за кіляграмовую скрынку. Спрытны зборшчык можа зарабіць больш як 15 рублёў за дзень.
«Я магу сабраць да 20 кг у дзень. Спрактыкаваныя зборшчыкі — да 30 і нават больш», — дадае жанчына.
«Нашы вусныя дамовы — мацнейшыя за законы, нормы і натарыяльныя паперы»
Скупляюць ягады ў вяскоўцаў свае людзі. Тыя, хто ўзьбіўся на ўласныя «колы».
Каб гнаць «бус» на Маскву, трэба ў яго загрузіць мінімум 600 кг малінаў. «Менш — нельга, больш — лепш», — тлумачыць Натальля. Ад тоны да дзьвюх будзе плён і прыбытак.
Здаюць ягады азэрбайджанцам на аптовых базах ля Масквы. У «скупшчыкаў» свая рызыка: начны пераезд па шашы, на якой можна «злавіць лася», трапіць у аварыю, заснуць за стырном. На аптовых базах могуць «кінуць» — узяць тавар і не аддаць грошы. Але звычайна справай займаюцца тыя, хто ведае ў Маскве ўсе хады і выхады, мае там «сваіх людзей». Вяскоўцы ў сваіх скупшчыках упэўненыя на ўсе сто.
«Нашы вусныя дамовы паміж сабой — мацнейшыя за любыя паперы зь пячаткамі. Калі чалавек на Маскву раптам зь нейкай прычыны не паехаў, то ён твае ягады забірае, як абяцаў. І яго праблема, куды яму дзець маліны — здаць, перапрадаць. Ці дамаўляцца зь некім, хто ў цябе забярэ маліны. Ненадзейны чалавек тут ня здолее працаваць. Кошт таксама аднолькавы — бо людзі тут жа адзін аднаму патэлефанавалі, перагаварылі — у цябе па якім кошце бралі? І хай толькі хто дасьць ці болей, ці меней за астатніх — ён тут працаваць наўрад ці будзе», — кажа Натальля.
Людзі зьбяруць на сваім гародзе хоць 10 кг, хоць 100 — яны ўпэўненыя ў тым, што ягады не прападуць, «забяруць пры любым раскладзе».
Першыя маліны, у пачатку сэзону, здавалі па 5 рублёў, 26 чэрвеня прымалі па 3,50. Колькі яны каштуюць у Маскве — вяскоўцы ня ведаюць. Апроч таго, што, натуральна, даражэй. Самім сунуцца на кірмаш у Гомель часта нявыгадна. Ня факт, што прадасі ўсё — першае. Другое — пакуль зьбярэш, пакуль даедзеш да гораду — які там ужо гандаль«, — махае рукой Натальля.
Усе таварна-грашовыя адносіны ўлагоджваюць самі. Дзяржава тут ні пры чым. Дый канкураваць яна ня можа. Гэта ж маліны: сёньня ня здаў — прапалі.
«Неяк вінзавод паставіў бочкі ў нашай краме, каб ягады здавалі ім. Можна было і дажджавыя ягады здаць, і перасьпелыя. Але кошт быў мізэрны, па-першае. Па-другое — сёньня бяруць па 2,50, напрыклад, заўтра ягады прынёс — па 50 капеек ужо. Або прынёс ягады — а яны бочкі не прывезьлі. Прапалі маліны! У нас жа, калі наш чалавек нявыгадна зьезьдзіў у Маскву — ён усё роўна кошт ня зьнізіць для людзей, бо ўва ўсіх аднолькавы кошт», — кажа жанчына.
Скупшчыкі зьбіраюць ягады па вуліцах. Расклад мясцовым вядомы: у адных забіраюць маліны ў 12.00, у другіх — у 14.00. Потым загружаны «бус» імчыць на Маскву. А трэцяй гадзіне ночы кіроўца павінен быць там на аптовай базе. «Чым пазьней прыехаў — тым горш здаў ягады. Прамарудзіць, спозьніцца — кожныя дзесяць хвілінаў цана на маліны падае», — кажа Натальля.
Аднаго баяцца мясцовыя — што не дадуць ім вазіць ягады на Маскву. Яны ня просяць дапамогі — абы не перашкаджалі. Неяк сельсавет раздаваў дадатковыя землі. Дрэвы і кусты там садзіць забаранялася. Вяскоўцы ўсё-ткі пасадзілі маліны. Тады ўлады гароды перааралі і нарэзалі ўчасткі па-новаму.
Колькі можна зарабіць у сэзон
Маліны — ня тыя ягады, якія будуць пакорліва пераносіць усе ўмовы надвор’я. Яны могуць вымерзнуць, высахнуць, загінуць ад тлі і іншых кузурак. За імі патрэбны догляд. Увосень трэба абразаць, узімку — накрываць, увесну — падразаць, падвязваць, апрацоўваць ад тлі і чарвякоў. Улетку — палоць, паліваць, апрацоўваць.
Вяскоўцы праполваюць кусты і кладуць паміж радамі салому — яна захоўвае вільгаць, не дае надта расьці пустазельлю. Ня любяць ягады зімы — бязь сьнегу, лета — без дажджу.
«Калі маліны засохлі ці вымерзьлі, неўраджай, карацей... Канечне, гэта не Сярэднявечча, калі карова здохла — сям’я рыхтуецца да галоднай сьмерці. Але надзеі руйнуюцца. Бо людзі маюць мэты. Некаму трэба дах новы, некаму — газавы кацёл, ваду правесьці, дзяцей у школу сабраць. Гэта ня грошы на ежу — усе ж працуюць, хоць прыбіральшчыцай, хоць на заводзе. Хто возіць па 15 гадоў маліны на Маскву — у тых і дамы дыхтоўныя, і некалькі аўтамабіляў, і дзецям, хутчэй за ўсё, ужо дамы пабудаваныя. Але гэта пякельная праца, нялёгкая. Рызыкі шмат. Можаш павезьці маліны — і вярнуцца ў мінусе», — разважае жанчына.
Сваю працу яна называе «прымітыўным земляробствам», бо сям’я не заўсёды мае час дагледзець ягады як мае быць. Таму і зьбіраюць з 10 сотак па-рознаму. Летась Натальля зь сям’ёй брала за дзень часам па 90 кг, сёлета — па 20–30. Зьбіраюць маліны празь дзень, значыць — 15 дзён у сэзон. У сярэднім зарабіць з 10 сотак можна за месяц каля 2 тысяч рублёў.
«Праца катаржная. А вынік часта залежыць ад надвор’я», — кажа Натальля.