Bild: целаахоўнік Усамы бін Ладэна атрымліваў у Нямеччыне дапамогу

Усама бін Ладэн

У Нямеччыне паліцыя затрымала ў мінулую пятніцу былога целаахоўніка Ўсамы бін Ладэна. Пра гэта сёньня паведаміла выданьне Bild.

У публікацыі гаворыцца, што ўлады ФРГ рыхтуюць выправаджэньне 42-гадовага ісламіста, імя якога не называецца, у Туніс, грамадзянiнам якой ён зьяўляецца.

Былы набліжаны «галоўнага тэрарыста», які кіраваў эктрэмісцкай сеткай «Аль-Каіда» і быў забіты ў выніку спэцапэрацыі ЗША 2 траўня 2011 году ў Пакістане, атрымліваў у Нямеччыне штомесячную дапамогу на сябе і сваю сям’ю ў суме каля 1 тысячы 200 эўра, паведамляецца ў публікацыі Bild.

Паліцыя затрымала яго ў горадзе Бохум, на захадзе Нямеччыны, дзе выхадзец з Тунісу жыве са сваёй сямʼёй ужо некалькі гадоў. Затрыманьне адбылося ў момант, калі паднаглядны былы паплечнік бін Ладэна, як звычайна, прыехаў у паліцэйскі ўчастак для штодзённай рэгістрацыі.

Праваахоўныя органы Нямеччыны вырашылі выдварыць яго як чалавека, «які прадстаўляе пагрозу грамадзтву». Тунісец упершыню прыбыў у Нямеччыну ў 1997 годзе. Вайсковую практыку прайшоў у лягерах у Аўганістане. Ад 1999 па 2000 год працаваў целаахоўнікам лідэра «Аль Каіды». Ад 2008 году атрымліваў у Нямеччыне штомесячную дапамогу. Члены яго сямʼi маюць грамадзянства ФРГ.