Беларускі дзяржаўны «Парытэтбанк», асноўным акцыянэрам якога зьяўляецца кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі, у другі раз накіраваў Нацыянальнаму банку Ўкраіны пакет дакумэнтаў для набыцьця ўкраінскай «дачкі» расейскага «Сбербанку».
«У нас было дастаткова часу, каб уважліва вывучыць патрабаваньні рэгулятара Ўкраіны і належным чынам падрыхтавацца да ўдзелу ў дамоўленасьці», – цытуюць на афіцыйным сайце камэнтар старшыні праўлення беларускага банку Сяргея Бялова.
Сёлета ў сакавіку Нацыянальны банк Украіны ўжо адмовіў «Парытэтбанку» у спробе набыць «Сбербанк России» ва Ўкраіне з-за таго, што пададзены пакет дакумэнтаў не адпавядаў патрабаваньням заканадаўства Ўкраіны.
Эканамічны аналітык Барыс Кушнірук, які ў свой час узначальваў адзін з украінскіх банкаў, лічыць малапэрспэктыўным наагул продаж «Сбербанка России» і тым больш, беларускаму банку.
«Шчыра кажучы, я ня бачу асаблівых пэрспэктываў з пункту гледжаньня ўзроўню капіталізацыі беларускага банку і яго магчымасьцяў падтрымаць «Сбербанк России» ва Ўкраіне, калі мы ня кажам, што гаворка ідзе аб падстаўных асобах (на карысьць Расеі – РС). «Парытэтбанк» можа належаць каму заўгодна, але мы ж разумеем, што грошай для гэтага ў іх няма», – кажа Барыс Кушнірук.
Барыс Кушнірук мяркуе, што «Сбербанк России» будзе закрыты, а не прададзены. «У момант, калі пачаліся найбольш вострыя падзеі – 2013-2014 гады – выявілася, што ў банку было вялікае рэфінансаваньне, накіраванае на крэдытаваньне бізнэсу. Потым стала зразумела, што большая частка гэтага пракрэдытаванага бізнэсу знаходзіцца або ў зоне акупацыі на ўсходзе, або ў Крыме, і пачаліся праблемы з капіталам банку», – тлумачыць экспэрт.
«На Захадзе будуць чакаць да 2020 году, калі пройдуць ва Ўкраіне выбары. Апроч таго, пытаньне агрэсіі Расеі ва Ўкраіну нікуды ня зьнікла. Таму з гэтага пункту гледжаньня такую вялікую зьдзелку ніхто ня будзе ажыцьцяўляць нават за намінал», – перакананы Барыс Кушнірук.
На выпадак раптоўнага зрыву ўгоды з-за непрадбачаных абставінаў падрыхтаваны запасны варыянт зь беларусамі
Вядомы ўкраінскі журналіст Аляксандар Дубінскі, якога зьвязваюць з алігархам Ігарам Каламойскім, сьцьвярджае, што ў Расеі зараз разглядаюць два варыянты продажу ўкраінскага «Сбербанку» – беларускаму «Парытэтбанку» і ўкраінскаму бізнэсоўцу Валерыю Харашкоўскаму, які ў розныя часы ўзначальваў Дзяржаўную мытную службу, Службу бясьпекі Ўкраіны, Міністэрства фінансаў і працаваў віцэ-прэм’ерам. Паводле журналіста, вартасьць пытаньня – 50 мільёнаў даляраў, але беларускі варыянт ёсьць запасным.
«Паводле маіх дадзеных, перавага аддаецца Харашкоўскаму, які сымпатычны Грэфу (Герман Грэф – кіраўнік «Сбербанка России» – РС) і дамовіўся аб падтрымцы з адміністрацыяй Парашэнкі. Аднак на выпадак раптоўнага зрыву ўгоды з-за непрадбачаных абставінаў (пратэстаў патрыётаў) – падрыхтаваны запасны варыянт зь беларусамі», – піша Аляксандар Дубінскі.
«Сбербанк России» у канцы сакавіка 2017 году абвясьціў аб продажы 100% акцый украінскай «дачкі». Банк раней хацелі набыць бізнэсовец Рыгор Гусельнікаў і сын расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцырыева Саід, аднак НБУ таксама адмовіў ім. Раней на гэты актыў прэтэндавалі грамадзянін Беларусі і Кіпру Віктар Пракапеня і бізнэсовец Валеры Харашкоўскі. Але паведамлялася, што яны адмовіліся ад сваіх плянаў.
«Парытэтбанк» — 15-ы банк Беларусі паводле памеру актываў, заснаваны ў 1991 годзе. Асноўным акцыянэрам зьяўляецца кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі (99,83%), астатнія 0,17% акцыяў належаць больш чым 2500 прыватным асобам. Сетка банку ўключае 25 аддзяленьняў, разьмешчаных па ўсёй тэрыторыі Беларусі.