WP: NATO ня спыніць Расею ў выпадку ўварваньня ў Балтыю

Вайсковыя вучэньні NATO ў Польшчы (архіўнае фота)

Амэрыканская армія і яе саюзьнікі па NATO не пасьпеюць спыніць расейскія войскі ў выпадку іх гіпатэтычнага ўварваньня ў краіны Балтыі і Польшчу. Да такіх высноваў прыйшлі ў Пэнтагоне пасьля штабных гульняў, якія ўключалі ў сябе сымуляцыю вайны з Расеяй.

Пра гэта паведамляе The Washington Post. Суразмоўцы выданьня распавялі, што прасоўваньне войскаў NATO на ўсход будзе запаволенае з прычыны вузкіх дарог і бюракратыі.

Газэта адзначае, што колькасьць войскаў NATO ва Ўсходняй Эўропе невялікая. Асноўным часткам у выпадку верагоднай вайны давядзецца пераадолець сотні кілямэтраў. Пры перакідцы войскаў у краіны Балтыі па чыгунцы вайскоўцам давядзецца затрымацца, каб зьмяніць колы для шырэйшых каляінаў. У NATO падкрэсьліваюць, што расейскае войска ведае інфраструктуру ўсходнеэўрапейскіх краін лепш, чым вайскоўцы Паўночнаатлянтычнага саюзу. Расія ўваходзіла ў арганізацыю Варшаўскай дамовы, а інфраструктура з тых часоў кардынальна не зьмянілася, удакладняе The Washington Post.

Суразмоўцы газэты паказалі, што яшчэ адной важнай праблемай застаецца бюракратыя. У прыватнасьці, адзначаецца, што Расея пасьпее захапіць усю Балтыю, пакуль штаб арміі ЗША будзе запаўняць 17 формаў, неабходных для перакіданьня войскаў.

Злучаныя Штаты і NATO ўмацавалі сваю прысутнасьць у Польшчы і краінах Балтыі пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе і аказаньня Масквой падтрымкі сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны. Расея сваю датычнасьць да ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны адхіляе.