Эрдаган абвясьціў пра сваю перамогу на выбарах да заканчэньня падліку галасоў

Дзейны лідэр Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган абвясьціў пра сваю перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, не чакаючы заканчэньня падліку галасоў.

У верагоднасьць другога туру выбараў ня верыць і сьпікер турэцкага ўраду віцэ-прэм’ер Бэкір Баздаг, які ўжо павіншаваў Эрдагана з новым тэрмінам на чале дзяржавы.

Паводле апошніх афіцыйных дадзеных ЦВК Турцыі, Эрдаган набірае 52,7% галасоў, тым часам як яго найбліжэйшы канкурэнт, Мухарэм Інджэ ад асноўнай апазыцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі, атрымаў падтрымку толькі 30,7% выбаршчыкаў. Падлічана 98% бюлетэняў, яўка склала 87,9%. Для перамогі ў першым туры кандыдату неабходна набраць больш за палову галасоў выбаршчыкаў.

«Народ Турцыі абраў Рэджэпа Таіпа Эрдаганэ першым прэзыдэнтам Турцыі з новай прэзыдэнцкай формай кіраваньня. Турэцкі народ сказаў, каб прэзыдэнт Эрдаган працягваў свой шлях», — сказаў Баздаг.

Сам Эрдаган падчас звароту да турэцкага народу па нацыянальным тэлебачаньні заявіў: «Паводле неафіцыйных вынікаў, наш народ даверыў мне ролю прэзыдэнта краіны, а парлямэнцкую большасьць — „Народнаму альянсу“. Спадзяюся зараз ніхто ня будзе ставіць пад сумнеў нашу дэмакратыю, каб схаваць свае няўдачы. прыйшоў час засяродзіцца на будучыні нашай краіны і пакінуць ззаду цяжкасьці перадвыбарчага пэрыяду».

У нядзелю, 24 чэрвеня, у Турцыі адбыліся датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлмэнцкія выбары, прычым яны ўпершыню праводзіліся адначасова. Галасаваньне праходзіла з 8:00 да 17:00 паводле мясцовага часу на 180 065 участках. На пост прэзыдэнта прэтэндавалі шэсьць кандыдатаў. Да парлямэнцкіх выбараў дапусьцілі 11 партый.

Фактычна датэрміновае галасаваньне зьменіць форму дзяржаўнага кіраваньня ў Турэччыне. Краіна ператворыцца з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку.