У Турэччыне апазыцыя занепакоеная паведамленьнямі пра парушэньні на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах у Турэччыне ў нядзелю, 24 чэрвеня.
Прадстаўнік вядучай апазыцыйнай сілы краіны — Народна-рэспубліканскай партыі (НРП) — Бюлент Тэскан распавёў пра некалькі скаргаў на працу мясцовых выбарчых камісій на ўчастках у Шанлыурфе на паўднёвым усходзе Турэччыны. Паводле яго, афіцыйныя асобы ўжо зьвярнуліся ў турэцкі ЦВК з адпаведнымі заявамі.
На прэс-канферэнцыі ў Анкары прадстаўнік НРП паказаў відэазапіс са сьведчаньнем відавочцы, які казаў пра ўкід бюлетэняў на ўчастку ў адным з раёнаў Шанлыурфы — Суручэ. Павадле Тэскана, на іншым участку ў гэтай правінцыі ў ноч на 24 чэрвеня ў урны былі ўнесеныя сотні бюлетэняў у падтрымку Партыі справядлівасьці і разьвіцьця Рэджэпа Таіпа Эрдагана і ўступіла зь ёй у альянс Партыі нацыяналістычнага руху.
Апытаньні грамадзкай думкі аддавалі Эрдагану перавагу над найбліжэйшым палітычным супернікам, лідэрам Рэспубліканскай народнай партыі Мухарэмам Інджэ. Усяго на пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць шэсьць кандыдатаў, у тым ліку лідэр пракурдзкай Партыі дэмакратыі народаў Сэлахатын Дэмірташ, які застаецца ў зьняволеньні.
На парлямэнцкіх выбарах, якія праходзяць адначасова з прэзыдэнцкімі, паводле апытаньняў, лідзіруюць прыхільнікі Эрдагана. Аднак яны могуць пазбавіцца большасьці ў парлямэнце, бо чатыры вядучыя апазыцыйныя партыі стварылі перадвыбарчы альянс.