Кадыраў зрабіў футбаліста Салаха «ганаровым грамадзянінам Чачні»

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што надаў футбалісту зборнай Эгіпту і брытанскага «Лівэрпуля» Махамаду Салаху званьне ганаровага грамадзяніна Чачэнскай рэспублікі.

Як напісаў Кадыраў у сваім Telegram-канале, ён уручыў Салаху копію ўказу і нагрудны значок на ўрачыстай вячэры ў Грозным. Па словах Кадырава, Салах «падзякаваў за цёплы і добры прыём». Камэнтароў футбаліста пакуль няма, у фэдэрацыі футболу Эгіпту пацьвердзілі, што Кадыраў зрабіў для гульцоў зборнай урачыстую вячэру.

Зборная Эгіпту на час правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе трэніруецца ў Грозным. Раней Кадыраў асабіста прывёз Салаха на адну з трэніровак і сфатаграфаваўся зь ім.

Каманда Эгіпту ўжо страціла шанцы на выхад у 1/8 фіналу, прайграўшы зборным Расеі і Ўругвая. Ёй трэба будзе згуляць яшчэ адзін матч, з Саудаўскай Арабіяй. Салах забіў у брамы зборнай Расеі гол з пэнальці.

Праваабарончыя арганізацыі выказалі сваё зьдзіўленьне і расчараваньне ў сувязі з распаўсюджанымі фота Салаха з Кадыравым і абвінавацілі кіраўніка Чачні ў выкарыстаньні футбола для ўмацаваньня сваіх палітычных пазыцый. Кадырава абвінавачваюць у масавых парушэньнях правоў чалавека.

Паводле канстытуцыі ў Расеі адзінае грамадзянства, аднак рэгіёны маюць права ўводзіць розныя ганаровыя званьні і ўзнагароды. СМІ паведамлялі, што званьне ганаровага грамадзяніна Чачні раней было прадастаўлена, напрыклад, дарадцу прэзыдэнта Расеі Ўладзіславу Суркову і актору Жэрару Дэпардзьё.