Эўразьвяз увёў пошліны на тавары з ЗША

Матацыклы Harley-Davidson

Штрафныя пошліны Эўразьвязу на некаторыя тавары з ЗША ўступілі ў сілу 22 чэрвеня. Такім чынам ЭЗ адрэагаваў на рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абкласьці пошлінамі сталь і алюміній з Эўропы, Канады і Мэксыкі.

Амэрыканскія мыты былі ўведзеныя ў ноч на 1 чэрвеня і склалі 25% на вырабы са сталі і 10% — з алюмінію. Яны закранаюць эўрапейскія тавары на агульную суму 6,4 мільярда эўра, паведаміла «Нямецкая хваля».

Пошліны Эўразьвязу, уведзеныя ў адказ, тычацца шэрагу тавараў з ЗША, сярод якіх — вырабы са сталі, віскі, арахісавае масла, матацыклы Harley Davidson і джынсы Levi’s. Іх агульны абʼём складае 2,8 млрд эўра.

Эўракамісар у пытаньнях гандлю Сэсілія Мальмстром напярэдадні падкрэсьліла гатовасьць Эўразьвязу да вырашэньня гандлёвага канфлікту. «Мы заўсёды адкрытыя да дыялёгу з ЗША», — заявіла Мальмстром, папярэдзіўшы, што гандлёвая вайна можа абрынуць усю сусьветную эканоміку. Раней яна патлумачыла, што ЭЗ не хацеў уводзіць гэтыя пошліны, але дзеяньні ЗША вымусілі яго да гэтай меры.

Трамп у сваю чаргу прыгразіў, што калі эўрапейцы не адмовяцца ад гэтага кроку, то Вашынгтон увядзе новыя пошліны на прадукцыю эўрапейскага аўтамабілебудаваньня і запчасткі да аўтамабіляў.