Чаму «вайна пачалася ў Берасьці», калі БССР была далей за Беласток 

Беласток пасьля далучэньня да БССР

Сымбалем пачатку савецка-нямецкай вайны 22 чэрвеня 1941 году стаў нямецкі напад на Берасьце. З абароны крэпасьці савецкая прапаганда зрабіла адзін з галоўных мітаў вайны. Але заходні пункт савецкай мяжы і мяжы БССР у 1941 годзе знаходзіўся за 150 кілямэтраў на захад ад Берасьця, у Беластоцкай вобласьці.

Што адбывалася там і чаму савецкія гісторыкі так зацята ўтойвалі падзеі першага дня вайны ў самым заходнім рэгіёне савецкай дзяржавы? Пра белыя плямы пачатку савецка-нямецкай вайны ў інтэрвію Свабодзе расказаў гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт унівэрсытэту Сэдэртарна ў Швэцыі.​

Андрэй Катлярчук

«Беластоцкі выступ»

У савецкія часы школьнікаў вучылі, што 22 чэрвеня ў 4.15 раніцы немцы адкрылі «ўраганны артылерыйскі агонь» па Берасьцейскай крэпасьці і так пачалася вайна. Гэта праўда. Берасьце было атакаванае, там была абарона, і трымалі яе больш за месяц у поўным акружэньні. Вядомы факт, што кіраўніцтва вэрмахту нават раскрытыкавала аўстрыйскую дывізію, якая ня здолела хутка захапіць крэпасьць. Але калі паглядзець на мапу БССР, яе заходнія межы праходзілі ў той час значна далей за Берасьце. Дык што адбывалася там, у заходніх раёнах Беласточчыны: Аўгуставе, Ломжы, Кольне, Ядвабнэ, Сьнядове?

Паводле Андрэя Катлярчука, за савецкім часам падзеі першых дзён вайны ў Беластоцкай вобласьці наўмысна замоўчваліся.

«22 чэрвеня ў Беластоцкай вобласьці знаходзіліся элітныя савецкія войскі, фактычна найлепшыя часткі 10-й арміі, у тым ліку 6-га мэханізаванага корпусу. Там тысяча танкаў, гэта адборныя часткі, якія чакаюць нападу, бо ўжо з 20 чэрвеня памежная служба была пераведзеная на „ўзмоцнены варыянт нясеньня службы“. Мы маем сытуацыю, калі ўжо недзе на сярэдзіну чэрвеня было ясна, што будзе вялікая вайна і вялікая катастрофа, падчас якой будуць зьнішчаныя сотні тысяч нашых грамадзян», — расказвае гісторык.

Мапа БССР, 1940 год

На той час дзейнічалі дзьве мілітарныя структуры — Беларуская вайсковая акруга і Беларуская пагранічная акруга. І яны дзейнічалі незалежна адна ад адной. Ужо 20 чэрвеня начальнік памежных войскаў усяго СССР Сакалоў нечакана прыехаў у райцэнтар Ломжа. Немцы дэманстратыўна вывелі тэхніку, гарматы, і паставілі іх насупраць пагранічных заставаў. Гэта 86-ы пагранатрад у Аўгуставе і 87-ы ў Ломжы. І менавіта там пачынаецца вайна, там пачынаецца катастрофа, кажа Катлярчук.

«Гэтае вядомае месца называецца Беластоцкі выступ. Калі мы паглядзім на мапу БССР, то пабачым, што там ёсьць клін. Адным з наступстваў пакту Молатава-Рыбэнтропа быў пралік Сталіна — вялізная мяжа зь Нямеччынай. Гэтая вялікая мяжа і стварала тое, што называла савецкая прапаганда — „вераломны і нечаканы напад“. Бо калі б быў калідор у выглядзе іншай краіны, то такі напад быў бы немагчымы».

На пытаньне, чаму праз тыдзень немцы былі ўжо ў Менску, а 10 ліпеня — пад Смаленскам, адказ адзін — Беластоцкі выступ, лічыць Катлярчук.

«Там адбылася татальная катастрофа. Была парушаная ўся сувязь, а гэта цэнтар вайсковага кіраваньня. Была паніка, было адступленьне, было больш за 300 тысяч палонных на магістралі ад Беластоку да Слоніма. Паводле нямецкіх дадзеных, было пакінута больш за 3 тысячы танкаў, абсалютна непашкоджаных, 245 самалётаў».

Многія гісторыкі лічаць, што прычынай фіяска савецкіх войскаў стаў памылковы сцэнар Генэральнага штабу. Савецкія вайскаводы чакалі галоўнага ўдару на Ўкраіне, а ён прыпаў на Беласток. Тое, што адбылося там у чэрвені, і вырашыла кампанію 1941 году, перакананы Андрэй Катлярчук.

«Большасьць памежнікаў гіне ў першых масіўных баях. Захаваліся мэмуары камандзіра пагранатраду ў Ломжы, украінца Гурыя Здорскага. Ён піша, што разам са сваёй групай памежнікаў выйшаў з акружэньня пад, увага, Рагачовам. Гэта цяжка ўявіць. Першыя баі ў Ломжы, а яны выходзяць з акружэньня пад Рагачовам. І ён напісаў, што ў яго было 2 тысячы салдатаў і зь іх загінула 1600. Кіраўніцтва Заходняга фронту было 2 ліпеня выклікана Сталіным у Маскву. Генэрал Паўлаў і ўсе ягоныя намесьнікі, начальнік сувязі фронту Грыгор’еў, былі расстраляныя», — кажа гісторык.

Беластоцкая трагедыя, паводле Катлярчука, — найменш вывучаная старонка першых дзён вайны. Пра яе сталі казаць пасьля распаду СССР. На сайтах пошуку сваякоў, якія зьніклі падчас вайны, Катлярчук часта сустракаў допісы накшталт «дзед зьнік пад Ломжай», «дзед зьнік пад Аўгуставам». Чаму тая трагедыя замоўчвалася?

«Гэта псавала гераічны міт вайны, дзе адны перамогі. Калі б пра гэта казалі ў савецкія часы, то давялося б тлумачыць, як так, што тэрыторыя СССР і БССР, якая да вайны была наша, ужо ня наша. Савецкая канцэпцыя „чужой зямлі ня трэба, сваёй не аддамо“ тут не спрацоўвала. Таму гэты кавалак вайны цалкам зьнік у савецкі час».

Кіеў змагаўся і быў захоплены ўвосень 1941-га, а ў Менску, трэцім найважнейшым цэнтры СССР, немцы былі ўжо праз тыдзень. Не пасьпела адбыцца эвакуацыя, і наступствы гэтага былі драматычныя.

Ядвабнэ і Галакост

Беларусам гэтая трагедыя малавядомая. 10 ліпеня 1941 году на акупаванай немцамі тэрыторыі БССР жыхары мястэчка Ядвабнэ ўчынілі пагром, у якім загінула больш за 300 мясцовых габрэяў. Гісторык польска-габрэйскага паходжаньня Ян Грос, які пакінуў Польшчу ў часы антысэміцкай кампаніі 1968 году і зрабіў бліскучую кар’еру на Захадзе, напісаў пра гэта ў 2001 годзе ў кнізе «Суседзі». Гэта адна з самых вядомых працаў па гісторыі Галакосту. Ён апісвае пагром, які пачаўся ад помніка Леніну.

«Ядвабнэ — гэта райцэнтар БССР, хоць і на польскіх этнічных абшарах. Гэта таксама пытаньне, навошта саветы ўзялі гэтую тэрыторыю, дзе не было этнічных беларусаў. Але там быў райвыканкам, райкам, помнік Леніну, існавала раённая газэта на беларускай мове», — кажа Катлярчук.

Канфлікт у Ядвабнэ быў яшчэ да вайны. Бо ў 1939 годзе мястэчка захапілі немцы, але потым аддалі яго саветам. Пачаліся дэпартацыі. Частка палякаў успрымае гэта як акцыю габрэяў. Але Ян Грос паказаў у сваёй кнізе, што былі і палякі, якія таксама актыўна супрацоўнічалі з камуністамі. 10 ліпеня мясцовыя палякі прымушаюць рабіна і габрэяў зьнішчыць помнік Леніну. Потым яны заганяюць 300 чалавек, у тым ліку і дзяцей і старых, у хлеў — і падпальваюць.

Помнік ахвярам пагрому ў Ядвабнэ

На думку Катлярчука, гэта быў першы выпадак Галакосту на тэрыторыі БССР, падобны да жахлівага сцэнару ў Хатыні. Немцы за ўсім назіралі, але нічога не рабілі.

«Рэй там вялі мясцовыя, сярод іншых супрацоўнікі раёнага НКВД. Яны думалі, што так могуць выслужыцца перад немцамі. Перадусім гэта Ежы Ляўданьскі, Караль Бардан. Яны сапраўды сталі нямецкімі жандарамі. Бо ў нас пануе перакананьне, што ўсё НКВД было ў партызанскіх зьвязах і што немцы ўсіх зьнішчалі. Але паўстае пытаньне: чаму да БССР былі далучаныя раёны з цалкам польскім і габрэйскім насельніцтвам безь беларусаў? А што там рабіла савецкая адміністрацыя ў 1941 годзе? А што яна рабіла ў 1944–45 гг.?», — кажа Катлярчук.

Гісторык цытуе амэрыканскага гісторыка Тымаці Снайдэра і кнігу «Чарназём» (Black Earth: The Holocaust as History and Warning).

«Ягоны тэзіс, што там, дзе была разбурана дзяржаўная структура, там мы маем найбольш інтэнсіўны Галакост. І якраз заходняя Беларусь — гэта абшары разбуранай дзяржаўнай структуры. Польская структура разбураная, савецкая цалкам яшчэ не пасьпела паўстаць. Паводле Снайдэра, няма мясцовай адміністрацыі, якая б усё гэта тармазіла», — кажа гісторык.

Улетку 1941 году айнзацкаманды, СС, якія ішлі за вэрмахтам, пачалі вынішчаць цывільнае насельніцтва, габрэяў, ромаў і мэнтальна хворых. Вынішчэньне было дэманстратыўным, падкрэсьлівае Катлярчук.

«І тут палягае адрозьненьне ад „Вялікага тэрору“ савецкага таталітарнага рэжыму. НКВД хавала свае злачынствы. Калі яны ў 1937–38 забівалі людзей, то хавалі гэта і афіцыйна казалі: „ён сасланы ў Гулаг на 10 гадоў без права ліставаньня (такой нормы, між іншым, не было ў законе) і вернецца“. Пра Курапаты ніхто цягам вайны не даведаўся. Гэта прыклад, як добра яны схавалі гэтае страшэннае злачынства. Пра Катынь немцы даведаліся выпадкова, а пра Курапаты — не. Усе сьведкі маўчалі, усе баяліся нешта казаць. А нацысты прыйшлі з масавымі рэпрэсіямі і злачынствамі ў адкрытым стылі», — кажа гісторык.

У першыя ж дні вайны нацысты пачалі арыштоўваць чальцоў савецкага супраціву, затым польскага, вешаць іх на галоўных вуліцах Менску і іншых гарадоў.

«Ужо на лета 1941 году было ясна, што адзін таталітарны рэжым зьмяніўся на другі, які быў нават больш брутальны ў сэнсе паказальнасьці злачынстваў. Гэта значыць, што тая Беларусь, якую беларускія дзеячы на нямецкім баку зьбіраліся будаваць, будавалася б на касьцях. Ніякіх ружовых акуляраў на людзях, якія абіралі тады нацыстаў, ужо не было», — лічыць Катлярчук.

Беларусы на нямецкім баку

Менск у часе нямецкай акупацыі

​Пра беларусаў, якія падчас вайны былі на баку камуністаў, вядома шмат. У савецкі час пра іх здымалі фільмы, пісалі кнігі, ім ставілі помнікі. Польскія гісторыкі да драбніцаў дасьледуюць тэму польскага супраціву ў Заходняй Беларусі. А што вядома пра тых беларусаў, якія ў чэрвені 1941 году абралі супрацоўніцтва з нацыстамі?

Ужо ў 1939 годзе ствараецца беларускае прадстаўніцтва па справах беларускіх эмігрантаў у Бэрліне. Яно шчыльна супрацоўнічала зь нямецкімі спэслужбамі, з СД, вяло работы сярод палонных беларусаў. Гэта быў адзіны такі інстытут.

Першым кіраўніком гэтага прадстаўніцтва быў Фабіян Акінчыц. Яшчэ ў 1933 годзе ён стварыў беларускую партыю сацыял-нацыяналістаў, за гэта яго перасьледавалі польскія ўлады. Паўстае таксама друкаваны орган беларускага прадстаўніцтва, газэта «Раніца» ў Бэрліне ў 1939 годзе.

«Немцы загадзя пачалі працаваць зь беларусамі, эстонцамі, украінцамі, латышамі, літоўцамі. Вядома таксама пра першую вайсковую беларускую адзінку ў немцаў — Першы беларускі штурмавы зьвяз. (Як ён дакладна называўся ў немцаў, невядома.) Гэтая дывэрсійная арганізацыя складалася з ваеннапалонных польскага войска беларускага паходжаньня. Была нават свая дывэрсійная школа, заняткі ў якой пачынаюцца 1 траўня 1941 году. Набіраецца 52 чалавекі, гэта ў асноўным падафіцэры, і ў Прусіі іх трэніруюць на дывэрсантаў. Было з каго вэрбаваць, бо ў нямецкім палоне было да 20 тысяч беларусаў», — кажа гісторык.

Курс навучаньня дэсантнікаў быў разьлічаны на 2 месяцы, але 15 чэрвеня іх пачынаюць з парашутаў выкідаць на тэрыторыю БССР. Адну групу саветы злавілі, але дывэрсантам усё ж удалося пашкодзіць тэлефонную сувязь 10 арміі, той, што дысьлякавалася ў Беластоцкай вобласьці. Адсутнасьць сувязі разбурыла ўсю сыстэму кіраваньня савецкай арміяй на 22 чэрвеня. Потым гэтая праблема была вырашаная за кошт лэнд-лізу. Амэрыканцы паставілі савецкаму войску 245 тысяч тэлефонных апаратаў і дзясяткі тысяч кілямэтраў дроту.

«Гэта сьведчыць пра тое, што ў нацыстаў былі пляны выкарыстоўваць беларусаў у палітычным і мілітарным сэнсе ўжо ад пачатку вайны. Ясна, чаму менавіта беларусы. Калі нацысты пачалі плянаваць захоп СССР, то яны не маглі на тэрыторыі Беларусі супрацоўнічаць з габрэямі, бо лічылі, што іх трэба зьнішчыць. Палякаў яны лічылі ворагамі, расейцы былі сынонімам СССР. У Беларусі была толькі адна этнічная група — беларусы. Гэта быў выбар нацыстаў, а не беларусаў. Але калябарантамі гэтыя людзі былі толькі ў дачыненьні да Польшчы, а не СССР, бо яны былі польскімі, а не савецкімі грамадзянамі», — кажа Катлярчук.

Але сур’ёзных намераў адносна Беларусі, паводле гісторыка, немцы ня мелі. Нацысты нават не дазволілі дзейнасьць нацысцкай партыі ў Генэральнай акрузе Беларусь, у адрозьненьне, напрыклад, ад таксама акупаваных Даніі ці Нарвэгіі.

«Немцы лічылі беларусаў унтэрмэншамі, расава непрыдатным матэрыялам. Толькі пасьля Сталінграду яны пачынаюць зьмяняць свае нацысцкія погляды і глядзець на беларусаў з пункту гледжаньня мілітарнага і палітычнага», — лічыць Андрэй Катлярчук.

Яшчэ адной структурай, якую стварылі немцы, але пра якую рэдка ўзгадваюць навукоўцы, была служба прапаганды, якая называлася «Вінета». Яе стварыла міністэрства прапаганды Гёбэльса.

«Вінета — гэта легендарны славянскі горад у Балтыцы. Мэтай было стварыць радыёвяшчаньне і займацца прапагандысцкімі ўлёткамі. Архіў „Вінеты“ захаваўся. Там быў створаны беларускі аддзел, які займаўся радыё. Іншая справа, хто яго слухаў. Але яны таксама перакладалі прапагандысцкія ўлёткі, у тым ліку і антысэміцкія, і масава завозілі іх у Беларусь. Як бачна па хроніцы, усё расклейвалася да апошняй вёскі. І там былі імёны вядомых беларусаў», — кажа гісторык.

Юліяна Вітан-Дубейкаўская

Кіраўніцай аддзелу з 18 чэрвеня 1941 году была Юліяна Вітан-Дубейкаўская. З 1941 году яна была ў Нямеччыне. Ва ўспамінах пра сваю працу яна піша наступнае: «Перакладчыца ў беларускім аддзеле, асобай інстытуцыі міністэрства для патрэбаў вайны». І дадае: «Добра, што ў гэтай Dienststelle я апынулася сярод беларусаў, якія туды былі прысланыя на працу, тут мы маглі памагаць сабе ўзаемна». Успаміны яна напісала ў Нямеччыне ў 1966 годзе, а выдадзеныя яны былі ў Вільні ў 1994 годзе.

«Як этнічная немка Юліяна Вітан-Дубейкаўская стала грамадзянкай Рэйха і пераехала ў Бэрлін у траўні, да пачатку вайны. Яна была шэфам беларускай рэдакцыі «Вінеты». Гэта была магутная прапагандысцкая структура і засакрэчаная», — кажа Катлярчук.

Вайна 22 чэрвеня, лічыць гісторык, спрычынілася да наймацнейшых грамадзянскіх канфліктаў на тэрыторыі Беларусі. Часта паміж сабою варагавалі людзі, якія да вайны сябравалі.

«Выкарыстоўваючы немцаў, палякі казалі, што беларусы супрацоўнічаюць з савецкімі партызанамі, і іх арыштоўвалі, забівалі настаўнікаў і праваслаўных сьвятароў. А беларусы, выкарыстоўваючы немцаў, высылалі палякаў, у тым ліку ксяндзоў, у канцэнтрацыйны лягер у Калдычаве. Гэта вынік жорсткай нацысцкай палітыкі панаваньня. І страты Беларусі большыя, чым брытанскія, францускія і амэрыканскія разам узятыя. Мы маем зьнішчэньне этнічных меншасьцяў: габрэяў, ромаў, беларускага насельніцтва малых партызанскіх вёсак. Гэта была акупацыйная вайна, за фасадам якой адбывалася грамадзянская вайна, закладзеная магутнымі таталітарнымі рэжымамі. І ў 1941 годзе гэта проста выбухнула».

Як нікога і нічога не забыць

Падыход да памяці пра тую вайну не павінен быць бальшавіцкім, калі абіраецца адна чорна-белая лінія і адкідаецца ўсё, што не пасуе, лічыць Андрэй Катлярчук.

«Усе гэтыя малыя памяці павінны ўключацца ў адзіны кантэкст. Мы маем шэраг вялікіх траўмаў: беларускага насельніцтва, польскага, габрэйскага, ромскага. І гэта павінна ўключацца ў агульны наратыў памяці вайны. Бакі павінны знайсьці агульную плятформу памяці, і галоўнае, што кожны мае свой голас і мае права выказацца».

Гісторык прыводзіць прыклад Гішпаніі, дзе адбываецца працэс уключэньня, распаўсюджаны на франкістаў і тых, хто быў супраць іх. У Фінляндыі за апошнія 10 гадоў цалкам зьмяніўся вобраз грамадзянскай вайны 1917 году паміж чырвонымі і белымі.

«І так званыя „белафіны“ перамаглі. Але было зьнішчана шмат чырвоных, камуністаў, сацыял-дэмакратаў. Іх забівалі, былі масавыя расстрэлы, дзейнічалі канцэнтрацыйныя лягеры. Левыя актывісты стваралі нават жаночыя аддзелы, жанчыны ў якіх насілі замест спадніц штаны. Бо зьнішчалі проста па штанах, бачылі жанчыну-фэміністку ў штанах і яе забівалі таксама. Гэта цалкам замоўчвалася, бо, маўляў, яны былі за чырвоных, ворагаў Фінляндыі», — кажа Андрэй Катлярчук.

Але новае пакаленьне фінскіх гісторыкаў цалкам зьмяніла гэты погляд. Паводле новай канцэпцыі, усё гэта былі прадстаўнікі адной фінскай нацыі, якая была падзеленая на розныя палітычныя групоўкі. Ва ўсіх гэтых месцах масавых забойстваў і лягераў сёньня пабудаваныя мэмарыялы, вісяць табліцы.

«У нас таксама мы маем розныя наратывы: злачынствы польскіх і савецкіх партызанаў, напрыклад. Усё ж адседзець 2–3 гады ў лесе маладым хлопцам і быць анёламі было вельмі складана. Таму ня трэба нешта выбіраць, маўляў, вось толькі так было, як нам казалі ў савецкія часы. Бо было і так, і так, і так. Вайна — гэта зло. Гэта страшная трагедыя, якая разбэшчвае людзей, забівае нявінных, дзяцей. Акцэнт на гераізацыю, на маю думку, павінен быць вельмі малы».

Хатынь

Гісторык лічыць, што ў гэтым напрамку Беларусь працавала яшчэ ў савецкія часы. Ён прыводзіць прыклад мэмарыялу ў Хатыні, аднаго зь першых у СССР, які быў адкрыты ў 1969 годзе.

«А такія вёскі ёсьць і ва Ўкраіне, і ў Расеі. Савецкае беларускае кіраўніцтва адкрыла гэты мэмарыял менавіта ахвярам вайны, а не героям. Пра герояў, вядома, варта ўзгадваць, але галоўнае ў вайне — гэта катастрофа і ахвяры. І гэта галоўны сэнс памяці пра вайну, пра 22 чэрвеня».