Васіль Быкаў пражыў у Горадні 30 год. За гэты час зьмяніў зь дзясятак адрасоў. У памяці гарадзенцаў засталіся тры зь іх. Карэспандэнты Свабоды завіталі ў госьці да тых, хто цяпер жыве ў кватэрах пісьменьніка, і нечакана натрапілі на сям’ю ягонага ўнука Яўгена.
1. Вуліца Алега Кашавога, дом 28, кватэра 20
Цяпер гэта вуліца Вялікая Траецкая, квартал у цэнтры гораду за некалькі крокаў ад пешаходнай Савецкай.
Трохпавярховы дом на тры пад’езды. Сталінскі ампір. «Абкамаўскі» дом. Кватэры тут выдавалі членам партыі.
«Нашу паліто ад Быкава»
На лаўцы бабуля чытае газэту. Соф’і Паўлаўне 88 год, тут жыве 60. Раней працавала шэф-кухарам у шпіталі. Яна адзіная ў доме, хто яшчэ добра памятае Васіля Быкава.
«Учора ў яго быў дзень народзінаў. Канешне, мы сьвяткуем», — кажа жанчына.
У маладосьці яны сябравалі зь сям’ёй пісьменьніка, хадзілі адзін да аднаго ў госьці, «жылі як адна сям’я».
«На мой дзень народзінаў на 30 год яны падарылі мне з Надзяю (Надзея Андрэеўна Кулагіна, першая жонка Быкава. — РС) воўну. Я паліто пашыла. Дагэтуль нашу», — расказвае Соф’я Паўлаўна.
З падарункаў Быкава застаўся куфар. Ён стаіць на шафе «гадоў трыццаць». Пакрыўся тоўстым слоем пылу. У ім аўдыёкасэты і ніткі.
На пытаньне пра жонку бабуля цяжка ўздыхае: «Во-о-ой, маўчыце». Узгадвае, як Надзея Андрэеўна захварэла.
«Памятаю, бяжыць, мяне ўбачыла: „Сонечка, я паміраю“. Я яе суцяшала. Але яна хутка сканала».
Пра Быкава кажа, што быў модны і ладны. Дзеўкі на яго заглядаліся. Але неганарысты, заўсёды прывітаецца. Гаварылі зь ім «пра ўсё, што ў доме».
Ейная дачка Вера ўзгадвае, як малой таксама хадзіла да Быкавых. Памятае, што частавалі сёмгай з-за мяжы. «Надта смачная была».
Некалькі разоў каля дома ставілі шыльду з надпісам «У гэтым доме жыў пісьменьнік Васіль Быкаў» і партрэтам. Але нехта ўвесь час яе прыбіраў. Пасьля рамонту дома на фасадзе зьявіўся партрэт пісьменьніка. Але празь месяц яго зь цьвікамі выдзерлі.
«Думаю, як гэта рука падымаецца. Каму ён перашкаджаў? Тут жа турысты ходзяць», — кажа знаёмая Соф’і Паўлаўны Тацяна, што зайшла ў госьці.
«Ворагаў, думаеце, мала?» — дадае гаспадыня.
«Ня бачыліся, не перасякаліся, ня ведаем»
Кватэра Васіля Быкава на першым паверсе. Вокны выходзяць на Вялікую Траецкую. Адчыняе гаспадыня сярэдніх гадоў Тацяна. Выходзіць і старэйшая жанчына. Выбягаюць дзьве дзяўчынкі. Малая дачка цягне ката Макса і дае патрымаць гасьцям.
Пасьля таго як Быкаў пераехаў, кватэру далі Тацянінаму дзядулю. Ён быў вайсковец, на пэнсіі працаваў у аблвыканкаме.
Трохпакаёўка з высокай стольлю. Пляніроўку пасьля пісьменьніка не мянялі. Гэта, бадай, адзінае, што тут ад яго засталося.
«Ня бачыліся, не перасякаліся, ня ведаем. Звычайная, сярэднестатыстычная сям’я з двума дзецьмі, не пісьменьнікі, ня творчых прафэсій», — кажа Тацяна.
Аднак на пытаньне пра жытло Тацяна з гонарам адказвае новым знаёмым: «Жыву ў цэнтры, у кватэры Быкава».
Жанчына мяркуе, што ставіць шыльду пакуль ня варта, бо дом памяняўся зьнешне, у кватэры няма чаго паказваць. Дый «лішнія праблемы зь дзяржавай не патрэбныя».
2. Вуліца Парыскай Камуны, дом 9, кватэра 11
Сяміпавярховік стаіць на пачатку вуліцы — а насамрэч у яе канцы, калі ад цэнтру гораду. Ісьці пяць хвілін. У народзе дом клічуць «сёмае неба». Ня толькі за колькасьць паверхаў. Бо іншая назва з савецкіх часоў — «дом для чыноўнікаў».
Дом-сьвечка на адзін пад’езд вылучаецца сярод невысокай забудовы. Узьведзены ў 1970-я гады. На адной зь ім вуліцы — пабэрнардынскі касьцёл, гарадзкая гімназія. У 2010 годзе беларусы зьбіралі подпісы, каб перайменаваць яе ў вуліцу Васіля Быкава.
Антрэсолі былі заваленыя лістамі
Гэта апошні горадзенскі адрас пісьменьніка. Тут ён жыў на шостым паверсе ў чатырохпакаёўцы. Нядоўга, бо хутка пераехаў у Менск.
Дзьверы адчыняе дзяўчына Анастасія. Кватэру далі ейнаму дзядулю Яўгену Сямёнавічу Палубінскаму. Ён быў памочнікам першага сакратара абкаму партыі Леаніда Кляцкова.
Цяпер у кватэры дзяўчына жыве разам з бацькамі і дзядулем. Ведае, што Быкаў быў першым гаспадаром гэтага жытла.
Кватэра перайшла да іх пустая. Толькі антрэсолі былі заваленыя паштоўкамі і лістамі. Многія так і засталіся нерасьпячатанымі. Іх дасылалі чытачы, у тым ліку з-за мяжы. Тры вялікія торбы лістоў дзядуля перадаў сыну Быкава Васілю.
Адзінае, што тут засталося з часоў Быкава, — паркет. Падчас шліфоўкі новыя гаспадары зьнялі некалькі слаёў ляку. Дзяўчына кажа, што і так гэта нязручная падлога, бо рассыхаецца.
«Тут шмат перароблена. Кватэра ў сучасным стылі. Тут былі шкляныя дзьверы, якія раскладаліся, як кніжка. Цяпер таксама са шклом, але іншыя», — кажа Анастасія.
«Ён казаў: „Бог нам Пазьняка даў“»
На выхадзе з дому сустракаем ейнага дзядулю, які акурат вярнуўся зь лецішча. Яўген Сямёнавіч ня раз сустракаўся з Быкавым падчас працы. Памятае «раньняга Быкава», як той маладым прыходзіў у рэдакцыю газэты «Горадзенская праўда», бяз гальштука, як па чарцы выпівалі зь ім пасьля працы.
Аднак мяркуе, што пасьля выхаду аповесьці «Альпійская баляда», калі пісьменьнік раптам стаў знакаміты, ён зьмяніўся.
«Вядомасьць была на ўзроўні Саюзу і сьвету. Яму пачалі даваць Ленінскія прэміі, узнагароды. Ён стаў зазнавацца, горды стаў, недаступны», — кажа былы партыйны работнік.
Пэнсіянэр распавядае, як Васіль Быкаў «супрацоўнічаў з Шушкевічам, перайшоў на беларускую мову, не прыняў новую беларускую ўладу».
«Зьвязаўся з Пазьняком. Чуў, як ён казаў: „Бог нам Пазьняка даў“».
У рэдакцыі над ім паджартоўвалі: «Васіль, а колькі ў цябе грошай на кніжцы, мо дзесяць, дваццаць тысяч? То давай тысячу сюды». А ён сьмяяўся.
«Усё ж такі гэта нацыянальны паэт (так і сказаў. — РС). Гэта Быкаў. Усе яго ведаюць. І мы павінны яго прызнаваць. А хто лепшы ў нас?» — кажа суразмоўца.
3. Вуліца Сьвярдлова, дом 18, кватэра 30
Непрыкметны пяціпавярховік стаіць недалёка ад папярэдняга адрасу. «Брэжнеўка», пабудаваная ў 1970-я гады. Гэта таксама быў дом для «няпростых людзей». Цяпер побач «Эўраопт» і некалькі элітных дамоў.
У двары дзіцячая пляцоўка. Маладыя мамы кажуць, што на доме павінна вісець шыльда з інфармацыяй пра дом Быкава. Шыльды няма.
У кватэры № 30 ніхто не адказвае. Вядома, што гэта чатырохпакаёўка. Гаспадары засяліліся напрыканцы 1980-х.
«У іх першых зьявіўся відэамагнітафон»
Адказвае сусед зьверху Ўладзімер. Яму давялося бачыць пісьменьніка.
«Памятаю, як ён прыяжджаў на белай „Волзе“, і яны з унукамі ішлі гуляць на Савецкую, у цэнтар».
Тады тут ужо жыў сын пісьменьніка Васіль Васільевіч зь сям’ёй. У яго былі два сыны — Васіль і Жэня.
Сусед кажа, што Жэня ня быў зорным хлопчыкам. Напрыканцы 1980-х у Быкавых першых з усіх ягоных знаёмых зьявіўся відэамагнітафон.
«Жэня хваліўся, што дзядуля напіша для яго кніжку пра салдат. Ня ведаю, ці напісаў. Надзея Андрэеўна — прыемная бабулька, жыла ў шматпавярховіку побач. Заўсёды прывітаецца з намі», — кажа мужчына.
Хлопцы лазілі па дрэвах. А малы Жэня заўжды абараняў дуб, які пасадзіў дзядуля.
«Казаў: «Гэта мой дуб, ня лезьце! Гэта мой дзядуля пасадзіў».
Уладзімер кажа, што сапраўдны адрас Васіля Быкава іншы — кватэра № 28, а не № 30. Бо гаспадары памяняліся кватэрамі. Яны акурат адна пад адной. Цяпер тое жытло належыць унуку Быкава Яўгену.
«Энэргетыка была вельмі прыемная»
Яўгена няма дома. Адчыняе ягоная жонка Іна. Яна бачыла свайго знакамітага сваяка толькі аднойчы, 15 хвілін, і запомніла на ўсё жыцьцё.
У 2003 годзе Іна прыехала да хлопца ў войска пад Менск. На сустрэчу прыехаў і дзед. Гэта былі апошнія месяцы ягонага жыцьця. Але хворым ён не выглядаў. Ён тады жыў у Нямеччыне і часам бываў у Менску.
Васіль Уладзімеравіч падарыў Іне цукеркі. Каробку ад іх дзяўчына захоўвае дагэтуль.
«Энэргетыка была вельмі прыемная. Ён запытаўся, кім я працую. Я тады не паступіла і працавала на заводзе. Ён сказаў, што кожная праца добрая. Пра Жэню добрыя словы сказаў і якая я прыгожая», — кажа жонка быкаўскага ўнука.
Іна працуе ў дзіцячым шпіталі. На дзень народзінаў Васіля Быкава супрацоўнікі прыходзяць і віншуюць яе. Яна ганарыцца быць Быкавай. Аднак ніхто з новых знаёмых ня верыць у сваяцтва.
Дзяўчына прызнаецца, што дае інтэрвію ўпершыню. Кажа, што і ейны муж вельмі сьціплы.
Яны сустракаліся з Жэняй з 11 клясы. Тады настаўніца прасіла Іну прывесьці на ўрок ейнага хлопца, але той саромеўся.
Двое сыноў, трое ўнукаў, трое праўнучак
У Васіля Быкава засталіся два сыны, трое ўнукаў і тры праўнучкі. Сын Сяргей, вайсковец, жыве ў Менску.
Васіль застаўся ў Горадні. Доўгі час працаваў лекарам у дзіцячым шпіталі. Цяпер разам з двума сынамі Яўгенам і Васілём займаецца рыбалкай. Унук Васіль пэўны час вучыўся ў Лёндане. Больш за год таму вярнуўся ў Горадню. Сям’і пакуль ня мае.
Цяпер бацька і сыны паехалі на рыбалку на Камчатку. Там яны палююць на ласося, асятра.
«Васіль Быкаў — наш дзядуля, які ваяваў на вайне»
У сям’і Яўгена і Іны растуць дзьве дачкі: Улада, 11 год, пойдзе ў шостую клясу, і Аляксандра, 10 год, пойдзе ў чацьвертую. Па-беларуску ў сям’і не размаўляюць.
— Дзяўчаты, вы ведаеце, кім быў ваш прадзядуля?
— Так, — хорам адказваюць дзяўчаты. — Васіль Быкаў.
— А хто такі Васіль Быкаў?
— Гэта наш дзядуля, які ваяваў на вайне.
— А чаму іншыя людзі яго ведаюць?
— Ён пісьменьнік.
Зь вялікай сям’і Быкавых пакуль ніхто не пайшоў сьлядамі пісьменьніка. Найбольш творчая — Саша. Яна грае на піяніна, спрабуе пісаць музыку, малюе «нешта сваё», ходзіць у мастацкую школу.
Your browser doesn’t support HTML5
Саша забягае дадому і, не зважаючы на гасьцей, адразу сядае за інструмэнт. Сёстры самі даглядаюць хамячкоў. Саша знаёміць гасьцей з усімі гадаванцамі па чарзе.
Пра Ўладу маці кажа, што яна больш сьціплая, але мае сваю думку і ня пойдзе за натоўпам.
На разьвітаньне Іна кажа, што дзядулю ў сям’і не забываюць.
«Як уваходжу ў той пакой з партрэтам, адразу яго ўзгадваю. Такое немагчыма забыць», — кажа жонка ўнука пісьменьніка.
Васіля Быкава ня стала 15 год таму, 22 чэрвеня 2003 году.