Як Ісьляндыя стала футбольнай нацыяй безь вялікага стадыёну. Тлумачыць адзін з самых вядомых ісьляндцаў

Гатльґрымюр Гэльґасон (справа)

Ісьляндыя — найменшая краіна-ўдзельніца футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі. Усё насельніцтва гэтай выспы магло б зьмясьціцца ў Горадні. На апошнім чэмпіянаце Эўропы ў Францыі Ісьляндыя дайшла да чвэрцьфіналу. Першую гульню ў Расеі, з Аргентынай ісьляндцы згулялі ўнічыю. Як гэта магчыма, што такая невялікая краіна дае рады тытуляваным зборным з наймацнейшых футбольных краін?

Пра гэта Свабодзе адказвае ісьляндзкі пісьменьнік, мастак, заўзятар і ўнук гульца першай ісьляндзкай зборнай у футболе Гатльґрымюр Гэльґасон.

«У нас ніколі ня было нават травы, каб на ёй гуляць»

— Беларусы ўяўляюць Ісьляндыю як халодную краіну. Краіну лёду, ветру, вульканічнай лявы, дажджу і сьнегу. Ня вельмі камфортныя ўмовы, каб займацца футболам, аднак вам удаецца ня толькі гуляць, але і праходзіць у прэстыжныя спаборніцтвы. Як гэта стала магчыма?

— Гуляць добра у футбол — заўсёды было нашай марай, бо мы ніколі асабліва добра не гулялі. Мы імкнуліся да гэта дзесяцігодзьдзямі. Агулам кажучы, у нас ніколі ня было нават травы, каб на ёй гуляць. Мой 14-гадовы сын займаецца футболам на штучнай траве. Ягоныя сябры зь іншых камандаў трэнуюцца ў залях.

Зборная Ісьляндыі

— А пры якой тэмпэратуры займаецца футболам ваш сын?

— Памятаю, што мінулай восеньню ён трэнаваўся на адной з базаў адпачынку. Я стаяў ля краю поля і хацеў паглядзець на гульню, але ледзь яго бачыў празь сьнегу. Гульня пры сонцы і тэмпэратуры 25 градусаў — гэта вельмі і вельмі рэдкія выпадкі. Гэта проста шчасьце. Зь іншага боку, такія ўмовы загартоўваюць. Магчыма, гэта і дало штуршок нашаму посьпеху.

— Але наўрад ці ён стаў асноўнай прычынай. Інакш усе футбалісты трэнаваліся б у лядоўнях.

— Я думаю, што ключ да нашага посьпеху — адно слова: Лярс. Гэта Лярс Ляґербэк (Lars Lagerbäck), швэдзкі трэнэр, дзякуючы якому ісьляндзкая зборная трапіла на футбольны чэмпіянат Эўропы ў Францыі ў 2016 годзе. Усе лічылі, што гэта немагчыма, але ён даказаў, што можна зрабіць усё. На першым трэнаваньні зборнай ён сказаў, што наша мэта — Францыя. Гэтая вялікая мэта здолела зьмяніць задачу ў галовах гульцоў. Апрача гэтага, у Ляґербэка быў добрыя матэрыял — гульцы так званага «залатога пакаленьня» Ёўган Бэрґ Ґюдмюндсон (Jóhann Berg Guðmundsson), Ґільві Тоўр Сыгюрдсон (Gylfi Sigurðsson). Гэта быў пік іхнае формы. Ісьляндцы перапоўненыя прагай да бою, гатовыя змагацца, а швэдзкі трэнэр здолеў прыручыць гэты ісьляндзкі вулькан. Цяпер у нас новы трэнэр Гэймір Гатльґрымсон (Heimir Hallgrímsson), былы вясковы стаматоляг, які вучыўся ад Лярса. І ён працягвае ягоную працу і мэтады. І я лічу, што яму ўдаецца нават больш, чым Лярсу. Але, вядома, у гэтага посьпеху шмат фактараў.

«Футбольны посьпех узьняў наш дух пасьля дэпрэсіўнага пэрыяду»

— Падчас Эўра-2016 фурор зрабіла ня толькі вашая зборная, але і ісьляндзкія заўзятары. Іх былі тысячы, усе ў нацыянальных колерах, зь вельмі арыгінальнымі споклічамі. Як той посьпех і ўвогуле футбол паўплывалі на ісьляндцаў?

— Вельмі паўплывалі. Гэта ўзьняло наш дух пасьля дэпрэсіўнага пэрыяду, які пачаўся ад фінансавага крызісу 2008 году. Гэта была вельмі своечасовая перамога, вакол яе аб’ядналася нацыя. Людзі куплялі білеты і ляцелі ў Францыю, гэта было як вялікі фэст для цэлых сем’яў. Перад пачаткам чэмпіянату ў Расеі у нас было трохі пэсымізму, бо многія нашыя гульцы былі траўмаваныя. Магчыма, гэтым разам ня будзе так, як у Францыі, але першы матч з Аргентынай быў добрым пачаткам і, я думаю, галоўным ударам, які мы вытрывалі.

Яшчэ да матчу я глядзеў перадачу па нашай тэлевізіі. Там былі інтэрвію з ісьляндзкімі футбалістамі, запісаныя яшчэ да пачатку чэмпіянату. І на пытаньне, што яны думаюць пра матч з Аргентынай, яны адказвалі: мы іх можам перамагчы. Калі ў іх спыталі, ці змогуць яны выгуляць чэмпіянат, то яны таксама казалі: так, вядома. Гэта былі адказы нават без сэкунды рэфлексіі. Я тады моцна зьдзівіўся. Гэтыя хлопцы думаюць інакш, чым большасьць ісьляндцаў, у іх цалкам новы падыход, трошкі як у палітычных лідэраў.

— Вы ўзгадалі фінасавы крызіс, які моцна ўдарыў па вашай краіне. У Беларусі не было такога крызісу, які б прынёс грамадзянам так шмат даўгоў. Хаця, зь іншага боку, шмат хто лічыць, што ў Беларусі крызіс пэрманэнтны. Аднак у сьпісе ФІФА вы на 22-м месцы, Беларусь на 78-м. Як грошы ўплываюць на спорт у Ісьляндыі?

— Гэтым разам ісьляндцы ня так ахвотна едуць цэлымі сем’ямі ў Расею, як у свой час у Францыю. Гэта значна далей. Мае два браты паехалі ў Расею, але я палічыў гэта надта дарагім задавальненьнем. Пасьля крызісу 2008 году ў нас былі розныя часы, але краіну пачало наведваць мноства турыстаў. Яны выратавалі нашую эканоміку. Ад пачатку гэтага году да нас ужо прыехалі 2 мільёны турыстаў. Гэта сапраўдны бум, людзі дзякуючы турызму багацеюць. Але ў дзяржавы ўсё яшчэ не стае грошай шмат на што. У нас усё яшчэ няма сапраўднага стадыёну, мы яго ня можам збудаваць праз брак сродкаў. Нашая найбольшая пляцоўка зьмяшчае менш за 10 тысяч чалавек.

Галоўны стадыён Рэйк'явіку

Таму нас яшчэ цяжка назваць футбольнай нацыяй. Але мы на гэтым шляху. Усе нашыя гульцы гуляюць за мяжой: у Ангельшчыне, Італіі, Галяндыі, Скандынавіі. Магчыма, яны не такія багатыя людзі, як Раналду ці Мэсі, але яны і ня бедныя. Яшчэ пару гадоў таму мы былі ў другой сотні ФІФА, цяпер 22-я. Гэта паказвае, што ўсё магчыма. Трэба быць аптымістам.

— Здымкі з Рэйк’явіку 2 гады таму ўражвалі. Дзясяткі тысяч заўзятараў. Неверагодная эўфарыя, нібыта вы выгулялі тры чэмпіянаты запар. Ці тое самае адбываецца цяпер?

— На першы матч з Аргентынай сабралася трошкі менш людзей, бо было дажджліва. Але 60% ісьляндцаў глядзелі першы матч дома. Не магу зразумець, дарэчы, чаму не 100%. Футбол папулярнасьцю набліжаецца да гандболу, які мы лічым сваім нацыянальным спортам.

«Калі ты вырастаеш у маленькай сям’і, то мусіш усё рабіць сам»

— Ісьляндыя лідэр у многіх рэйтынгах. У вас выдаецца найбольш кніг, найбольшая колькасьць музычных гуртоў, фільмаў. Вы традыцыйна ўваходзіце ва ўсе рэйтынгі эфэктыўных краін. Падзяліцеся гэтым сакрэтам.

— Гэта проста такая краіна. Ісьляндыя — дзіўнае і адначасова прыгожае месца, якому належыць маё сэрца. Калі я вандрую па Эўропе, то адчуваю гэтую ўнікальнасьць маёй краіны, унікальнасьць быцьця ісьляндцам. Тут жыве мала людзей і — хочаш ці ня хочаш — ты мусіш рабіць усё сам, выкарыстоўваць усе свае веды і таленты. Калі ты вырастаеш у маленькай сям’і, то мусіш усё рабіць сам. Быць пекарам, садоўнікам, рабіць усё. Я гэта тлумачу так.

Рэйк'явік

— У 2008 годзе вашу краіну ахапіў магутны фінансавы крызіс. У вашай краіны калясальныя даўгі. Але што зьмянілася ад таго часу? Ці акрыяла эканоміка і людзі?

— Да крызісу мы ўжо страцілі нашую ісьляндзкасьць. А пасьля крызісу вярнулася нашая старадаўняя Ісьляндыя. Мы сталі больш ісьляндзкімі. Зноў вярнуліся да нашай культуры, літаратуры, прыроды. Наклады і продажы кніг пасьля крызісу значна вырасьлі. Да нас пачалі прыяжджаць турысты. Гэта моцна мяняе выспу. У вёсках зьяўляюцца гатэлі, у Рэйк’явіку адкрываецца ўсё больш рэстаранаў. Саміх ісьляндцаў усяго 350 тысячаў, але цяпер на высьпе блізу мільёну чалавек. У цэнтры Рэйк’явіку складана пачуць ісьляндзкую мову. І, дарэчы, нас трошкі насьцярожвае, што нашыя гарады губляюць ісьляндзкі дух. Мы хвалюемся наконт заўтра, але цешымся нашымі вадаспадамі і прыродай. Ісьляндыя мяняецца ўвесь час, але яна заўсёды застаецца Ісьляндыяй.

— У вольны паміж падарожжамі па высьпе час вы пішаце кнігі. У Беларусі найбольш вядомая кніга «101 Рэйк’явік» і аднайменны фільм. Пра што будзе ваша наступная кніга?

— Пра мінулае. Гэта будзе гістарычны раман, падзеі якога разгортваюцца ў паўночнай Ісьляндыі. Людзі вельмі бедныя, жывуць на фэрмах без выгодаў і электрычнасьці. Гэта як каменны век у Ісьляндыі. І вось прыходзіць сучаснасьць. Прыходзяць нарвэжцы і вучаць нас лавіць рыбу. Паступова мы пераходзім да новага этапу, багацеем і становімся сучасным грамадзтвам. Гэта будзе вялікі гістарычны раман зь вялікай колькасьцю зьнішчальных катастрофаў, драмаў і сьмеху.

— Ці будзе там нешта пра футбол?

— Не, пакуль што ня ў гэтай кнізе. Бо ўсе падзеі там адбываюцца яшчэ да таго, як мы навучыліся гуляць у футбол. Дарэчы, мой дзед быў гульцом першай ісьляндзкай зборнай. Ён гуляў у гістарычным матчы супраць Даніі ў 1904 годзе. Першую гульню яны прагулялі 2:0. І потым ісьляндцы запрасілі данцаў пакатацца на ісьляндзкіх конях. Госьці з Даніі былі настолькі стомленыя, ім усё так балела, што ў матчы на наступны дзень Ісьляндыя перамагла. Гэта адзіная гульня з данцамі, у якой мы перамаглі. Мы гулялі зь імі разоў 50 і нічога не атрымлівалася. Вось такая хітрасьць.

Ісьляндзкія коні

​***
Гатльґрымюр Гэльґасон — пісьменьнік, мастак, перакладнік, публіцыст. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Рэйк’явіку. Скончыў Ісьляндзкую акадэмію мастацтваў, вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Мюнхэне. Удзельнічаў у 30 выставах у розных краінах. Жыў у Нью-Ёрку, Парыжы. У 1990 годзе выдаў першую кнігу. Дагэтуль напісаў 9 кніг прозы і 2 зборнікі паэзіі.