21 чэрвеня каля рэстарацыі «Поедем поедим» нясе вахту партыя БНФ. У шэрагу пікетоўцаў шмат незнаёмых журналістам твараў. Адкуль гэтыя актывісты, чаму далучыліся да пікету?
«Колькі можна маўчаць і баяцца?»
Андрэй Анішын з Бабруйску прыехаў у Менск на дзень. Ён індывідуальны прадпрымальнік, гандлюе на бабруйскім аўтарынку запчасткамі для аўтамабіляў. Чаму не працуецца на звыклым месцы?
«Ведаеце, надакучыла маўчаць і баяцца. Трэба аб’ядноўвацца і нешта рабіць, альбо зусім зьяжджаць з гэтай краіны», — кажа Андрэй і распавядае пра былое сяброўства ў БНФ. Што першы раз падаў заяву ў БНФ яшчэ непаўналетнім, у канцы 80-х мінулага стагодзьдзя. Як споўнілася 16, яго прынялі ў Фронт, але потым была служба ў войску, праца, і паступова палітычная і грамадзкая дзейнасьць для яго адышла на другі плян. У дзясятых гадах гэтага стагодзьдзя, паводле Андрэя, сытуацыя ў краіне дайшла да тупіку, але ў Бабруйску гэта прывяло толькі да разгубленасьці.
«У Бабруйску арганізацыя БНФ распалася, але цяпер я бачу, што патрэба ў ёй ёсьць. Сёлета я быў на Дні волі, на Чарнобыльскім шэсьці, на мітынгу ў Курапатах, і вось прыехаў на пікет сюды, да рэстарацыі „Поедем поедим“. А яшчэ сёньня я перадаў заяву аб аднаўленьні сяброўства ў партыі БНФ».
Дарэчы, у суразмоўцы аказалася даволі рэдкая пазыцыя наконт будучыні рэстарацыі «Поедем поедим», закрыцьця якой ужо тры тыдні тут дамагаюцца актывісты розных партый і грамадзкіх арганізацый. Андрэй Анішын ня супраць, каб на гэтым месцы працавала і рэстарацыя, але бяз гучнай музыкі і, галоўнае, без гасьцявых дамкоў.
«У горадзе ёсьць жа рэстарацыі ў жылых дамах, дзе гучная музыка забароненая. Калі тут будзе музэй, хай будзе і рэстарацыя, на пэўных умовах. Але чаго ні ў якім разе нельга — гэта гасьцявых домікаў. Зразумела, для якіх яны патрэб, але бардэль тут — гэта блюзьнерства», — мяркуе Андрэй Анішын.
Актывісты партыі БНФ Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус прыехалі на пікет зь Ліды. Якім яны бачаць лёс рэстарацыі?
«Зьнесьці альбо разабраць, але ў любым выпадку хай шукаюць іншае месца. А тут можна пабудаваць музэй, магчыма, зь невялікай кавярняй. Бо такі вялікі будынак пад прыняцьце ежы таксама непатрэбны. Трэба, каб тут быў адпаведны настрой, бо гэта месца смутку», — мяркуе Сяргей Пантус.
Сяргей будаўнік, зарабляе на жыцьцё замовамі на ўзьвядзеньне муроў і будаўніцтва дахаў. Ягоны сябар Вітольд Ашурак, вядомы на Лідчыне актывіст, таксама працуе будаўніком.
«Будзе музэй тут ці ў іншым месцы — гэта вырашаць адмыслоўцам, дзе зручней і прыдатней. Галоўнае, каб тут не было гэтага вэрхалу з гучнай музыкай, з фаервэркамі. Не, я не ханжа, я таксама люблю весяліцца. Але мы ж ня робім на могілках дыскатэку, а тут вырашылі, што гэта дапушчальна. Значыць, нехта з нас ня мае рацыі», — кажа Вітольд Ашурак.
Званок з райвыканкаму: А вы не ў Курапатах?
Сяргей і Вітольд распавялі цікавую дэталь: іх знаёмаму, вядомаму лідзкаму краязнаўцу Станіславу Судніку некалькі гадзін таму званілі зь Лідзкага райвыканкаму, цікавіліся, хто яшчэ зь мясцовых жыхароў паехаў на пікет у Курапаты.
«Нашы вэртыкальшчыкі баяцца атрымаць ад начальства за тое, што недапільнавалі сваіх людзей. Як перашкаджаюць ехаць у Менск на мітынгі, гэтак, думаюць, і тут трэба „не пускаць“. Баяцца, што Курапаты зноў аб’яднаюць народ, як было ў канцы 90-х», — пракамэнтаваў званок лідзкіх чыноўнікаў Вітольд Ашурак.
Пікетоўцы з партыі БНФ маюць намер стаяць на вахце ў Курапатах да 22 гадзіны. Бліжэй да вечара да іх далучылася яшчэ некалькі актывістаў з грамадзянскай ініцыятывы «Дзея», якую арганізаваў Алесь Лагвінец. Дарэчы, сёньня Алесь Лагвінец стаў адзіным, на каго супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху. Пры гэтым цягам усяго дня пікетоўцы не давалі праяжджаць у рэстарацыю аўтамабілям з прадуктамі, а наведнікаў прапускалі толькі пешых.
Усяго каля 300 актывістаў за тры тыдні пікетаваньня бралі ўдзел у гэтай доўгатэрміновай акцыі, сказаў Павал Севярынец на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася апоўдні каля рэстарацыі. У пікетаваньні бяруць удзел ужо больш за 10 грамадзкіх рухаў і партый. Больш актыўны ўдзел сваіх сяброў па партыі ў пікетаваньні каля Курапат абвясьціў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Паводле яго, АГП мае намер разам з «Альтэрнатывай» узяць на сябе адказнасьць за пікетаваньне ў панядзелкі.
«Пытаньня пра тое, колькі хопіць сілаў пікетаваць, няма. Колькі трэба, столькі і будзем стаяць», — сказаў Свабодзе намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы. МАПЫ
«Схему зон аховы я намаляваў сваёй рукой» — экс-чыноўнік Мінкульту, пры якім пабудавалі рэстаран «Поедем поедим»
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.