У Гомлі «дзеда» з унутраных войскаў пакаралі 2,5 гадамі «хіміі»

Суд Савецкага раёну Гомля 21 чэрвеня вынес рашэньне ў крымінальнай справе аб дзедаўшчыне ў вайсковай частцы № 5525 (унутраныя войскі). Абвінавачаны — 19-гадовы сяржант Уладзімер Санковіч. Яму інкрымінавалі артыкул 455 Крымінальнага кодэксу (перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў з прымяненьнем сілы).

Суд пакараў яго 2,5 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). У тэрмін залічаць тры месяцы пад арыштам (адзін дзень у СІЗА — два дні «хіміі»).

Пацярпелыя — пяцёра салдатаў. Адзін зь іх паскардзіўся лекару на гвалт з боку сяржанта. Зьвесткі дайшлі да кіраўніцтва вайсковай часткі — і пачалося сьледзтва.

Паводле абвінавачаньня, Уладзімер Санковіч «наўмысна, прыніжаючы годнасьць», прымушаў аднаго салдата ўжываць белы хлеб у празьмернай колькасьці, хоць той меў гастрыт, другога — звыш меры піць кефір. Астатнія пацярпелыя зазналі на сабе, што такое «чапля», «конь», «лось» і «акантоўка» — на вайсковым жаргоне так называюцца ўдары па розных частках цела.

21 чэрвеня ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў. Паводле прадстаўніка абвінавачаньня Аляксея Гаўрыкава, вінаватасьць сяржанта даказаная. «Праз такіх людзей у нас складваецца нэгатыўны імідж войска, і маладыя людзі не ідуць служыць. Праз апошнія справы па дзедаўшчыне ўсё наша войска зьняслаўленае», — заявіў намесьнік пракурора Гомля.

Абвінаваўца заявіў, што такія дзеяньні нельга называць «свавольствам», паводле абвінавачанага, бо «сяржант месяц тэрарызаваў нядаўніх прызыўнікоў у мэдсанчастцы».

У калідоры суду

Адвакат Алег Юрчанка не пагадзіўся з абвінавачаньнем.

«Судзяць канкрэтнага чалавека за канкрэтныя ўчынкі. Ён не павінен адказваць за ўсё войска, за ўсю дзедаўшчыну. Дзедаўшчына бывае рознай. У Печах павесіўся, ці яго павесілі, чалавек. Дык што — Санковіча цяпер трэба расчляніць ці чацьвертаваць?»

Адвакат лічыць, што салдаты павінны былі самі вырашаць, ці есьці ім звыш меры хлеб, ці піць кефір. І маглі б не рабіць гэтага.

«Тут не злачынства, а стасункі паміж салдатамі, якія ад няма чаго рабіць нудзіліся ў мэдсанчастцы, зноў жа — гармоны, энэргія», — дадаў Алег Юрчанка.

Ён паставіў пад сумнеў словы свайго падабароннага, што пра спосабы фізычнага гвалту, такія як «чапля», «акантоўка», «конь» ці «лось», сяржант даведаўся з інтэрнэту.

«Можа, ён у частцы гэта спазнаў. І ня варта ўсе праблемы войска звальваць на плечы аднаго Санковіча», — заклікаў адвакат.

Пацярпелыя прасілі не караць былога сяржанта строга і казалі, што «цалкам даравалі» яму.

Уладзімер Санковіч у апошнім слове папрасіў прабачэньня ў салдат і сваіх бацькоў. Ён сказаў, што ўсьвядоміў свае памылкі, і прасіў не пазбаўляць яго волі, бо дома чакае дзяўчына. Заявіў, што хоча ажаніцца і весьці прыстойны лад жыцьця.

На вынясеньне прысуду з вайсковай часткі прывялі каля 25 вайскоўцаў.

Гвалт у войску

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат, сталі паўторна пераглядаць вынікі сьледзтва па некалькіх дзясятках ужо закрытых крымінальных спраў, заведзеных пасьля выпадкаў суіцыдаў і траўмаваньня салдат тэрміновай службы.

«Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войску

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску. Адбыўся шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Сілавікі перад Лукашэнкам прызналі, што не зрабілі ўсяго, каб прадухіліць дзедаўшчыну