Бізнэсовец Ізраілевіч папрасіў прабачэньня ў Алены Анісім і купіў ёй кветкі. Што на гэта Анісім

У рэдакцыю Радыё Свабода зьвярнуўся беларускі бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч і сказаў, што больш ня мае прэтэнзіяў да старшыні Таварыства беларускай мовы і дэпутаткі Алены Анісім.

15 чэрвеня онлайн-выданьне «Ежедневник» разьмясьціла блог Аркадзя Ізраілевіча пад назвай «Навошта дэпутат Алена Анісім раскручвае ў Беларусі "габрэйскую змову"?» Гэта быў адказ на артыкул «Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты», які апублікавала газэта «Новы час». Ізраілевіча там назвалі датычным да будаўніцтва рэстарану каля Курапатаў.

«Чытаючы гэты тэкст, я некалькі разоў лавіў сябе на думцы, што вось яшчэ трошкі, і далей у артыкуле прагучыць выснова, што гэта мы, габрэі, расстрэльвалі ў Курапатах бязьвінных беларусаў, таму цяпер так імкнёмся схаваць сьляды сваіх злачынстваў», — напісаў Ізраілевіч.

Паколькі заснавальнікам выданьня «Новы час» ёсьць Таварыства беларускай мовы, бізнэсмэн зрабіў Алену Анісім аб’ектам сваёй публікацыі.

«Мяне абурыў той артыкул. Але мне падказалі, што сама Алена Анісім ня мае дачыненьня да гэтай публікацыі. Я ёй патэлефанаваў і папрасіў прабачыць. Яна растлумачыла, што "Новы Час" ствараўся для таго, каб даносіць аб’ектыўную інфармацыю. Але чаму яны тады мне не пазванілі і не спыталі?», — сказаў Свабодзе Аркадзь Ізраілевіч.

Пасьля публікацыі блогу Ізраілевіча на сайце «Ежедневника» Алена Анісім публічна запрасіла яго далучыцца да захаваннья памяці пра габрэяў у Беларусі. А сёньня ў сваім Фэйсбуку Анісім запатрабавала ад Ізраілевіча публічна прадаставіць доказы яе дзейнасьці ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

У размове са Свабодай бізнэсовец прызнаўся, што памыліўся і ня ведаў пра дзейнасьць Алены Анісім.

«Мяне спачатку трошкі падставілі. Але цяпер мая пазыцыя зьмянілася, бо яна ня мае дачыненьня да распальваньня варожасьці. Мне расказалі, што гэта вельмі талерантны чалавек. Я прыехаў у сядзібу ТБМ, каб перадаць ёй кветкі, але спадарыня Анісім, на жаль, за горадам. Я патэлефанаваў і мы дамовіліся, што я перадам гэтыя кветкі пазьней», — сказаў Ізраілевіч.

Мы пазванілі Алене Анісім, каб запытацца, ці прыняла яна прабачэньні?

«Я цяпер праводжу прыём на сваім участку. Спадар Ізраілевіч сапраўды званіў, і яму сказала, што магу зь ім сустрэцца ў панядзелак. Тады мы і вырашым гэтае пытаньне», — адказала старшыня ТБМ.

Пазыцыя наконт самога выданьня і згаданага артыкулу, як сказаў Аркадзь Ізраілевіч, у яго не зьмянілася.

«Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка», — бізнэсовец з топ-100 кажа, што не зьвязаны з рэстаранам у Курапатах