Афшоры Мэсі і Назарбаевых. Апублікавалі другую частку «Панамскага архіву»

Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) апублікаваў новыя дакумэнты з «Панамскага архіву», зьвязаныя зь юрыдычнай кампаніяй Mossac Fonseca, якія ахопліваюць пэрыяд 2016-2017 гадоў. Паводле зьвестак журналістаў, фірма першапачаткова ня ведала і не магла ідэнтыфікаваць амаль 75% сапраўдных уладальнікаў афшорных кампаній, паведамляе «Настоящее время».

Афшоры Ліянэля Мэсі

Згодна з новай уцечкай, аргентынскі футбаліст Ліянэль Мэсі і ягоны бацька ўхіляліся ад выплаты падаткаў праз Панамскую кампанію.

Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 2016 годзе Мэсі заявіў журналістам, што ягоная кампанія Mega Star Enterprises Inc. «наогул неактыўная», новая ўцечка дакумэнтаў паказвае, што бізнэс славутага футбаліста ўсё ж вядзе дзейнасьць. Паводле аднаго з супрацоўнікаў Mossac Fonseca, іх уругвайскі офіс мае пацьверджаньні.

У лютым 2017 году юрысты накіравалі аргентынскім уладам даклад аб «падазронай актыўнасьці» бізнэсу Мэсі.

Адэскі мэр-расеец

Генадзь Труханаў, мэр Адэсы, які знаходзіцца пад карупцыйным сьледзтвам, мае расейскае грамадзянства, як вынікае з новай уцечкі. Журналісты, якія займаліся расьсьледаваньнем, у архівах выявілі копію ягонага расейскага пашпарта. Згодна з украінскім заканадаўствам, мець другое грамадзянства забаронена.

Гадамі Труханаў адмаўляў наяўнасьць у сябе расейскага пашпарта, што пацьвярджалі і Масква, і Кіеў. Нягледзячы на тое, што ўкраінскія журналісты выяўлялі дадзеныя Труханава ў базах расейскай Фэдэральнай падатковай службы, СБУ так ніякіх пацьверджаньняў наяўнасьці ў мэра Адэсы другога грамадзянства і не знайшла.

Паводле зьвестак украінскіх журналістаў, Труханаў атрымаў пашпарт яшчэ ў 2003 годзе. У копіі, апублікаванай OCCRP, тэрмін дзеяньня пашпарта ўказаны з 26 чэрвеня 2003 па 26 чэрвеня 2008 году.

Таксама з новай уцечкі вынікае, што зь сям’ёй Труханава зьвязаныя як мінімум дзьве афшорныя кампаніі. Імі валодае ягоная дачка Кацярына, зарэгістраваная па адрасе ў маскоўскай кватэры, якой, у сваю чаргу, з 2003 году валодае маці мэра. Гэтую нерухомасьць Труханаў ні разу не дэкляраваў, паводле афіцыйнай дэклярацыі ягоная маці жыве зь ім.

Зьнішчаная перапіска аргентынскага прэзыдэнта

OCCRP ва ўнутранай перапісцы супрацоўнікаў паміж панамскім і ўругвайскім офісам даведаліся аб плянах супрацоўнікаў падрабіць дакумэнты, зьвязаныя з афшорнымі кампаніямі цяперашняга прэзыдэнта Аргентыны Маўрысьё Макры на Багамах.

Супрацоўнікі хацелі задняй датай падпісаць дакумэнт аб уласьніку, каб утаіць тое, што Mossac Fonseca ня ведала, што іх кліент — аргентынскі прэзыдэнт. Тым ня менш супрацоўнікі адмовіліся ад ідэі, таму што яна «занадта рызыкоўная».

Як высьветлілі журналісты, Mossac Fonseca таксама ня ведала пра сувязі сям’і Макры з BF Corporation, што вядзе дзейнасьць зь нямецкімі банкамі афшорнай кампаніяй, якой валодалі два браты Макры. За дзень да абраньня Макры ў 2015 годзе, кампанія перавяла ўсе свае актывы ў швайцарскі банк і папрасіла банк Нямеччыны «зьнішчыць усю перапіску».

Прысмакі Казахстану, канадзкія лясы і ўрад Малайзіі

  • З новых дакумэнтаў вынікае, што дачка прэзыдэнта Казахстану і старшыня Камітэту міжнародных адносінаў, абароны і бясьпекі Сэнату краіны Дарыга Назарбаева з 2007 году аднаасобна валодае кампаніяй Asterry Holdings Ltd. на Брытанскіх Віргінскіх астравах. Менавіта гэтая кампанія праз ланцужок іншых валодае часткай актываў кандытарскага бізнэсу Казахстану, сьцьвярджаюць журналісты. Камэнтаваць інфармацыю Назарбаева адмовілася.
  • OCCRP таксама выявіла, што адна з кампаній, зарэгістраваных на Брытанскіх Віргінскіх астравах, належыць брату былога прэм’ер-міністра Малайзіі Наджыбу Разаку. Цяпер у дачыненьні Разака вядзецца сьледзтва — за час ягонага кіраваньня зь дзяржаўнага інвэстыцыйнага фонду зьнікла некалькі мільярдаў даляраў. У прыватнасьці, пракуратура расьсьледуе выпадак, калі з рахункаў фонду было пераведзена 10,6 млн даляраў на банкаўскі рахунак Разака.
  • Сярод новых дакумэнтаў журналісты таксама выявілі шэраг кампаній, якія належаць нашчадкам вядомага францускага ювэліра П’ера Карцье. Паводле дадзеных OCCRP, сям’я Карцье праз панамскія афшорныя кампаніі валодала участкам лесу ў Канадзе і некалькімі рахункамі ў швайцарскіх банках. Ні спадчыньнікі, ні іх фінансавыя дарадцы не пагадзіліся даць камэнтар журналістам, якія праводзілі расьсьледаваньне.

«Панамскі архіў» — гэта больш за 10 мільёнаў дакумэнтаў адной з самых буйных юрыдычных афшорных кампаній, панамскай Mossack Fonseca. Асноўнай тэматыкай апублікаваных вынікаў стала выскрыцьцё схаванай уласнасьці палітыкаў і зьвязаных з гэтым канфліктаў інтарэсаў. У матэрыялах згадваецца, у прыватнасьці, 12 дзеючых і былых кіраўнікоў дзяржаваў. Першыя вынікі расьследаваньня былі апублікаваныя 3 красавіка 2016 году.

Жыцьцё пасьля «Панамы»

Дакумэнты леглі ў аснову расьсьледаваньня Міжнароднага кансорцыюму журналістаў (ICIJ) і Цэнтру дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), а таксама шэрагу буйных міжнародных выданьняў. Усяго больш за 400 журналістаў з розных краін узялі ўдзел у гэтым сьледзтве. «Панамагейт» стаў найбуйнейшай уцечкай дакумэнтаў у гісторыі. Публікацыя «панамскія дакумэнтаў» 3 красавіка сёлета выклікала вялікую ўвагу міжнародных СМІ, грамадзкасьці многіх краін і палітыкаў.

Паводле зьвестак журналістаў, якія ўдзельнічалі ў міжнародным расьсьледаваньні, 35 афшорных кампаній з «Панамскага сьпісу» маюць уладальнікаў зь Беларусі.

Беларускія імёны Панамы: цікавыя супадзеньні

Таксама стала вядома, што афшорнымі кампаніямі валодаюць больш за 2 тысячы грамадзян Расеі. Для параўнаньня прыводзяцца дадзеныя аб афшорах грамадзян ЗША — такіх 4,5 тысячы.

Апублікаваныя сьведчаньні маштабнага адмываньня грошай атачэньнем Уладзіміра Пуціна