Лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка заявіла, што прыме ўдзел у выбарах прэзыдэнта Украіны ў 2019 годзе.
Пра гэта яна паведаміла ў сераду падчас відэаканфэрэнцыі ў Facebook.
«Я буду балятавацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны» — сказала палітык.
Паводле яе слоў, першае, што яна зробіць, калі пераможа, — правядзе рэфэрэндум па новай Канстытуцыі. Таксама Цімашэнка паабяцала не «гуляць у аўтарытарызм і манаполію ўлады».
Цімашэнка разьлічвае, што ўжо па новай Канстытуцыі ўвосень 2019 году будуць праведзеныя парлямэнцкія выбары.
Акрамя таго, на пасадзе прэзыдэнта лідэр «Бацькаўшчыны» плянуе дэманапалізаваць уладу, «зрабіць яе, з аднаго боку, мацней у пляне рэалізацыі стратэгій, а з другога боку — правільна збалянсаванай, арганізаванай, падкантрольнай грамадзтву».
Цімашэнка выказала меркаваньне, што пасьля зьмены Канстытуцыі яна можа стаць апошнім прэзыдэнтам Украіны, пасьля чаго краінай будуць кіраваць канцлеры.
Паводле вынікаў апытаньня Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялёгіі, калі б выбары прэзыдэнта Ўкраіны праходзілі ў красавіку 2018 году, то ў першым туры больш за ўсё галасоў атрымала б Юлія Цімашэнка.