Чэскі пісьменьнік, ляўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Чэхіі за 2017 год Яхім Топал сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што ведае пра сытуацыю вакол Курапатаў і сочыць за яе разьвіцьцём.
Яхім Топал цяпер знаходзіцца зь сям'ёй на адпачынку, таму інтэрвію было кароткае.
— Як бы вы пракамэнтавалі зьяўленьне ў шчыльнай блізкасьці ад народнага мэмарыялу Курапаты забаўляльнага прыдарожнага комплексу?
— Вельмі коратка. Курапаты — месца, дзе НКВД забіла дзясяткі тысяч людзей — павінна быць помнікам, а ня месцам забавы і турызму.
— Ці можа нешта падобнае здарыцца ў Чэхіі?
— У нас у Тэрэзыне, дзе падчас Другой сусьветнай вайны быў канцэнтрацыйны лягер, плянавалі зрабіць цір і арганізаваць турыстычны бізнэс. Але ўзьніклі пратэсты і з маральных прычын гэтага не адбылося, ад плянаў адмовіліся. Таму, на маю думку, вельмі важна, каб і ў Беларусі гэтае месца смутку і пашаны да забітых засталося ў спакоі.
— Што б вы сказалі ўладальнікам рэстараннага комплексу, які разьмешчаны за 50 мэтраў ад ахоўнай зоны Курапатаў?
— Я б сказаў, што вашага рэстарану тут быць не павінна. Рэстаран мае быць вельмі далёка адсюль, а ня ў шчыльнай блізкасьці ад месца смутку і памяці.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.