Сёньня македонскія заканадаўцы ратыфікавалі пагадненьне з Грэцыяй аб зьмене назвы былой югаслаўскай рэспублікі. Дэпутаты пагадзіліся з перайменаваньнем краіны на Паўночную Македонію.
Цяпер у верасьні адбудзецца агульнанацыянальны рэфэрэндум, пасьля чаго грэцкія заканадаўцы таксама павінныя ратыфікаваць дамоўленасьці.
Асноўная македонская апазыцыйная партыя ВМРО-DPMNE байкатавала паседжаньне.
На гэтым тыдні падчас пратэстаў супраць зьмены назвы ў сталіцы краіны Скоп’е пацярпелі паліцыянты і дэманстранты, дзясяткі людзей былі затрыманыя. Каля будынка парлямэнту некаторыя дэманстранты выкарысталі выбуховыя прылады і зьнесьлі ахоўны плот, спрабуючы трапіць у парлямэнт. Пратэсты пачаліся 17 чэрвеня, калі міністры замежных спраў Македоніі і Грэцыі падпісалі пагадненьне аб зьмены назвы Македоніі.
Падпісаньне адбылося на возеры Прэспа каля мяжы, якая падзяляе бальканскіх суседзяў. Паводле дамовы, накіраванай на спыненьне 27-гадовай спрэчкі паміж Скопʼе і Атэнамі, Макэдонія будзе называцца Рэспубліка Паўночная Македонія.
Прадстаўнікі ўраду Македоніі заявілі, што, дзякуючы заключанай дамове, яны спадзяюцца забясьпечыць пачатак перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ на саміце Эўразьвязу ў канцы чэрвеня і запрашэньне далучыцца да NATO да сярэдзіны ліпеня.
Спрэчка паміж Скопʼе і Атэнамі бярэ пачатак з 1991 году, калі Македонія мірна выйшла са складу Югаславіі, абвясьціўшы сваю незалежнасьць пад назвай Рэспубліка Македонія.
Грэцыя выказала пярэчаньні супраць назвы Македонія, баючыся тэрытарыяльных прэтэнзіяў да яе аднайменнага рэгіёну.
Праз пярэчаньні Грэцыі Македонія была прынятая ў ААН з назвай — Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія.
Грэцыя, чалец ЭЗ і NATO, спасылаецца на спрэчку, каб ужыць вэта на намер Макэдоніі далучыцца да абедзьвюх арганізацый.