20 чэрвеня споўнілася б дзевяноста гадоў беларускаму мастаку Гаўрылу Вашчанку. Ён адзін зь першых у Беларусі пачаў пазьбягаць у сваіх манумэнтальных працах патасу сацрэалізму. Па-новаму адкрыў у сэрыі жывапісных палотнаў хараство Палесься. Цураўся афіцыёзу і не баяўся ў застойныя часы актыўна прапагандаваць у сваіх творах нацыянальных дзеячоў.
Нягледзячы на тое, што пры савецкай уладзе меў добрыя пасады і званьні, радаваўся, калі разваліўся СССР, які душыў, паводле словаў мастака, свабоду: «Бо свабода і незалежнасьць — даражэй за ўсё».
1. На 40-годзьдзе перамогі над нацыстамі зьбянтэжыў савецкае начальства, калі выставіў палатно, прысьвечанае Грунвальду
«У Палацы мастацтва да 40-годзьдзя Перамогі адчынялася рэспубліканская выстава. Вашчанка вырашыў паказаць там сваю фундамэнтальную работу. /.../ Сакратар Саюзу мастакоў па выставачнай дзейнасьці адкрыта запытаўся:
— А якое дачыненьне Грунвальд мае да Вялікай Перамогі?
Вашчанка не сумеўся. /.../
— Пасьля Грунвальдзкай бітвы Тэўтонскі ордэн быў разгромлены. І немцы чатырыста гадоў да нас носа не паказвалі. Вось што такое Грунвальд!» (Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
2. Цудам уратаваўся, каб яго не спалілі немцы
«Немцы пасьля чарговага нападу партызанаў зрабілі /.../ аблаву. /.../ гляджу, а за нашай хатай, па лузе і полі /.../ ідзе ланцуг людзей з аўтаматамі і сабакамі. /.../ бегчы няма куды. Я паспрабаваў схавацца ў хляве. У дзьвярах зьявіўся немец у камуфляжнай вопратцы і паказаў — аўтаматам паміж лапатак — выходзь. Гляджу, так па ўсіх хатах, выводзяць на вуліцу цётак, дзетак, дзядоў. Прывялі нас да пляца /.../ Акружылі ланцугом аўтаматчыкаў, ззаду якіх стаялі вершнікі і крыху ў аддаленасьці некалькі бэтээраў.
Памятаю, калі вялі па вуліцы, усё думаў, як бы зьбегчы. А калі прывялі на пляц і я пабачыў, што стаіць трайны ланцуг і ніякай надзеі на выратаваньне няма, ахінула поўнае раўнадушша: хутчэй бы ўсё скончылася. Я ж ведаў, што за дзень да гэтага ў вёсцы, што ад нас за сем кілямэтраў, сагналі людзей у хлеў і спалілі. Дагэтуль не магу зразумець, як нас пакінулі ў жывых. Раптоўна аднекуль ззаду прагучаў сыгнал, першымі ад’ехалі бронемашыны, хутка зьніклі вершнікі і аўтаматчыкі. Можа, партызаны распачалі бой і немцы паклікалі на дапамогу? Гэта было настолькі неспадзявана і фантастычна, што не ўкладвалася ў нашы галовы»
(Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
3. Кінуў сябраваць зь Міхаілам Савіцкім, пасьля таго як пабачыў ягоныя «Лічбы на сэрцы»
Сын Кастусь згадвае: «Бацька вельмі цаніў творы Савіцкага 60-х гадоў, у якіх была шчырасьць, манумэнтальнасьць, стрыманая тонкасьць калярыту. Яны сябравалі да таго моманту, як Савіцкі ня выставіў сваю знакамітую сэрыю „Лічбы на сэрцы“. Бацька не прыняў гэтага мастацтва. Па ягоных словах, там было больш каньюнктуры, чым праўды. А канчаткова іх разьвяла ў розныя бакі — палітыка. Бацька вітаў усе тыя цудоўныя зьмены, якія адбываліся ў Беларусі на пачатку 90-х, радаваўся, што ізноў дзяржаўнымі сымбалямі сталі бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня. Палітычныя ж перакананьні Савіцкага, як вядома, былі іншымі».
4. Называў свайго блізкага сябра, выдатнага манумэнталіста Аляксандра Кішчанку — Мюнхгаўзэнам і захапляўся ягонымі аповедамі пра вайну
Спадар Кастусь успамінае: «Бацька заўсёды зь вялікай, чыста дзіцячай радасьцю слухаў фантасмагарычныя і «вельмі праўдзівыя» апавяданьні Кішчанкі пра Другую сусьветную вайну. Тата сьмяяўся, а ягоны сябар захоплена гаворыць і сам жа верыць сваім словам: «Узяў я нямецкую каску, паклаў пад яе гранату і сеў. Раптам як бахне! Падкінула мяне ад гэтага выбуху! Лячу, а пада мной домікі такія маленькія-маленькія!» Бацька казаў: «Ну, Саша, ты проста Мюнхгаўзэн!»
5. Яго раздражняла, калі чуў пра эўрапейскі ўзровень нашага мастацтва
«Мне заўсёды дзіўна чуць аб эўрапейскім узроўні беларускага выяўленчага мастацтва. У гэтым ёсьць нейкая ўсярэдненасьць. Што можа быць горш?» (Ізяслаў Катляроў. «Сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму», — лічыць народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка / Полымя, 2009, № 3).
6. Напаўлегальна працаваў над знакамітым манумэнтальным росьпісам «Асьветнікі»
«Пакуль Гаўрыіл Вашчанка працаваў над эскізамі, выбіраў і вывучаў постаці асьветнікаў, адбыўся сход інтэлігенцыі, і з высокай трыбуны партыйныя кіраўнікі адзначылі, што /.../ у беларускім мастацтве зьявілася нездаровая тэндэнцыя звароту да мінулага, што гісторыю перайначваюць літаратары, мастакі, якія ўздымаюць манахаў у сутанах ды розных асьветнікаў. Гаўрыіл Вашчанка прыйшоў з эскізамі да міністра асьветы — зацьвердзіць свае ідэі. Той /.../ сказаў:
— /.../ мне падабаюцца эскізы, але я іх не падпішу.
— Вы спыняеце работу?
— Я магу вам дазволіць працаваць далей, але на свой страх і рызыку». (Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
Пазьней мастак казаў: «Неяк скульптар Анатоль Анікейчык, зьвяртаючыся да некаторых „адраджэнцаў“, сказаў: „Вы кідаецеся на амбразуру, абараняючы беларушчыну, ведаючы, што кулямёты адтуль даўно вынесены. Вашчанка ж рабіў гэта тады, калі былі сапраўдныя доты“. Але я нікуды ня кідаўся, а проста рабіў сваю справу» (Ізяслаў Катляроў. «Сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму», — лічыць народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка / Полымя, 2009, № 3).
7. Яго дзівосныя вітражы, зробленыя для Чырвонага касьцёла, прысаромілі Машэрава, які хацеў зруйнаваць гэты храм
Па словах Вашчанкі: «Я зрабіў вітражы ў Доме кіно. Цяпер там зноў касьцёл Сымона і Алены. /.../ настаў дзень, калі ў канфэрэнц-залі Дома кіно абмяркоўвалі пэрспэктывы забудовы Менску. Памятаю, было сонечнае надвор’е. Помню, як сыпануць промні па вітражах — уся заля зіхаціць. Машэраў маўчаў, азіраючыся, а потым выдыхнуў: «Божа мой, а мы хацелі зьнесьці такую прыгажосьць!» (Ізяслаў Катляроў. «Сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму», — лічыць народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка / Полымя, 2009, № 3).
8. Яго палатно «Воблака» настолькі напалохала беларускіх камуністаў, што карціну хацелі зьняць з экспазыцыі. У Расеі ж менавіта гэты твор упрыгожыў вокладку пэрсанальнага альбома Вашчанкі
«Аднойчы летам, на Палесьсі (я там плаваў па рэках зь сям’ёй, пісаў этуды) з-за гарызонту выплыла воблака — вялізнае, як атамны грыб. Яно мяне так уразіла, што я напісаў карціну /.../ і прадставіў яе на выставу да чарговага зьезду партыі. Мне прапанавалі /.../ зьняць твор з экспазыцыі. «Чаму?» — «Прыедуць дэлегаты, могуць не так зразумець...» — «А навошта тады мастацтва, калі яно не задае пытаньняў?» — сказаў я. Праўда, карціну ніхто не рызыкнуў зьняць, і яе ўбачылі гледачы. Сёньня гэты твор можна было б назваць прадчуваньнем трагедыі. Тады ж гэта быў проста выразны плястычны вобраз, які выклікаў безьліч розных асацыяцый. (Палесьсе і сьвет Гаўрылы Вашчанкі / Мастацтва, 2008, № 7).
9. Умеў ненавязьліва пазбаўляцца ад шумных турыстаў
Сын Кастусь успамінае: «Мой самы лепшы адпачынак — гэта калі мы ўсёй сям’ёй вандруем на нашым катэры. Спыніліся аднойчы, каля аднаго ціхага маляўнічага месца. Зрабілі вялікі навес. Расклалі агонь. Цуд, хараство, цішыня. І раптам зьяўляецца шумная сям’я. Пачынае побач з намі раскладацца, і мы разумеем — нашай ідыліі канец. Падыходзіць да іх мой бацька, і так ціха, зь лёгкай трывогай і заклапочанасьцю кажа: „Толькі вы тут зь дзецьмі сваімі асьцярожна, і не хадзіце, крый Божа, басанож“. „А што такое?“ — насьцярожыліся нашы суседзі. „Дык тут зьмеі бываюць...“ Празь пяць хвілін мы ізноў радаваліся нашай адзіноце і цішыні».
10. Любіў фэхтаваць са сваім сынам
Па словах спадара Кастуся: «Калі я быў малы, мы з татам часта фэхтавалі. Гэта ён прыдумаў такі від падзарадкі і далучэньня мяне да спорту. У нас былі завостраныя пікі [якія зрабіў старэйшы сын-мэталіст Мікалай. — В. Дэ Эм.]. Фэхтавалі мы дома. Але аднойчы я расьсек тату павека, і мы кінулі гэты занятак».
11. Вельмі любіў опэру, дзякуючы якой у студэнцтве пазнаёміўся са сваёй жонкай
«Аднойчы ў Львоў прыехаў папулярны барытон Павал Лісіцыян, саліст Вялікага тэатру. Сьпяваў у опэры Джузэпэ Вэрдзі „Травіята“. Гаўрыіл купіў квіткі сабе і дзяўчыне, сябра таксама прыйшоў зь дзяўчынай. /.../ Калі скончылася прадстаўленьне, завіталі ў кавярню /.../ выпадкова атрымалася, што Гаўрыіл сеў побач з Мацільдай. /.../ аркестар зайграў палянэз Агінскага. /.../ І тут высьветлілася, што Мацільда родам з вёскі Калодзежная, што побач на Капыльшчыне /.../. недзе на другім пляне засталася дзяўчына, якую сам запрасіў у опэру і ў кавярню, і сябар, які пайшоў яе праводзіць. А Гаўрыіл застаўся з Мацільдай /.../ на ўсё жыцьцё»
(Натальля Шаранговіч /Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
12. З рок-музыкі цаніў раньні Genesis, бо яму падабалася, як аформлены вокладкі іх альбомаў
Па ўспамінах сына:
«Бацька вельмі не любіў папсу, ні расейскую, ні беларускую. Да року ставіўся спакойна, але цікавіўся мастацкім аздабленьнем рок-кружэлак, якія там былі шрыфты, наколькі нечаканая кампазыцыя, колеры. Асабліва яму падабаўся раньні Genesis, калі там яшчэ быў Пітэр Гэбрыэл. Музыку гэтага гурту бацька слухаў.
Цікава, што зараз мая дачка гэтаксама вельмі любіць менавіта тыя альбомы Genesis, якія падабаліся тату».
13. Далікатна скіроўваў сваіх студэнтаў да нацыянальнай тэматыкі
«Калі раптоўна студэнт прапаноўваў афрыканскую тэматыку — гэта, безумоўна, экзатычна, вельмі цікава, я ніколі не забараняў. Проста гаварыў: „Давай пойдзем ад іншага. Ці зрабіў бы афрыканец кампазыцыю на беларускую тэму? Прывядзі мне хоць адзін прыклад“. І хлопец пачынаў задумвацца» (Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
14. Высокія адзнакі і агульная пасьпяховасьць яго вучняў ня мелі для Вашчанкі значэньня
Спадар Кастусь успамінаў, што «бацька ніколі не сварыўся за двойкі, не хадзіў на бацькоўскія сходы. Калі я мог даказаць, што маю рацыю, то станавіўся на яго бок. Памятаю, як аднаго вельмі таленавітага юнака, які павінен быў вучыцца ў таты, не прымалі ў Тэатральна-мастацкі, бо хлопец кепска напісаў сачыненьне. Тата, як толькі пра гэта даведаўся, прыйшоў да экзамэнацыйнай камісіі і ўльтыматыўна сказаў: „Што хочаце рабіце, але ён павінен напісаць гэтае сачыненьне“. Неўзабаве гэты юнак ужо быў студэнтам на курсе ў таты».
15. Быў занепакоены сучасным станам манумэнтальнага мастацтва
«Адносіны да сюжэтна-тэматычнай карціны зьмяніліся пад уплывам каньюнктуры рынку. У Беларусі, мне здаецца, першы адчуў гэта М. Селяшчук. Яго заказчык не дзяржава, а прыватная асоба. Таму прыёмы пісьма, тэматычная пабудова твора, памер разьлічаны не на музэй, а на калекцыянэра. Гэта зусім іншае мастацтва ў параўнаньні з сацрэалістычным. Зьмены ў творчай скіраванасьці маладзейшых калег непазьбежныя. На жаль, у нас няма Трацьцякова, які мог сабе дазволіць купіць сямімэтровае палатно са шматфігурнай кампазыцыяй Сурыкава. /.../ З трывогай адзначаю, што сытуацыя, якая склалася зараз у краіне, ня толькі не спрыяе стварэньню буйных палотнаў — яна не дазваляе маладому мастакоўскаму пакаленьню выявіць свой час. Гэта немагчыма зрабіць у невялікіх карцінках, што разьлічаныя на хатнія інтэр’еры /.../....мяне непакоіць, ці не застанецца сёньняшні дзень незапоўненай мастацкімі вобразамі белай плямай» (Гаўрыла Вашчанка. Новая каньюнктура / Мастацтва, 2007, № 11).
16. Не цярпеў прымусу
«...ніколі не прымушаў сваіх студэнтаў працаваць. Імкнуўся ім патлумачыць, што і чаму неабходна зрабіць. Дый сам ніколі не прымаў загадаў ад іншых людзей, нават самых блізкіх. Калі папросяць, амаль заўсёды пагаджуся. Як бы ні было цяжка выканаць просьбу /.../ А як пачынаюць прымушаць — не магу. І ўсё» (Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
17. Стаў леўшуном праз калецтва
Па словах спадара Кастуся: «Бацька пасьля вайны пачаў будаваць уласную хату. Бліжэйшы лес скарыстаны на пабудову бліндажоў, якія прасьцей было ўзарваць, чым разабраць. Выбухоўкі ж на той пасьляваенны час хапала. Пасьля няўдалага выбуху тата пашкодзіў правую руку. Асколкі пасеклі сухажыльлі. Прафэсійнай мэдычнай дапамогі не атрымаў. Памазалі алеем, завярнулі руку і заматалі. Так і зраслося».
18. Быў пакрыўджаны на Васіля Быкава
«Быў такі выпадак. Быкаў напісаў „Знак бяды“ і падараваў мне толькі што выдадзеную кнігу. Я яе за ноч прачытаў і страшэнна абурыўся. Мне здавалася, што маю вёску ўтапталі ў бруд, і добра, што я назаўтра з гарачай галавой не патэлефанаваў яму, бо мы пасварыліся б. Калі крыху адлягло, я пачаў аналізаваць і паспрабаваў паглядзець на вясковае асяродзьдзе зь іншага боку. /.../ Толькі на трэці ці чацьвёрты дзень я патэлефанаваў» (Натальля Шаранговіч / Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палесьсем. 2008).
19. Сапраўдным мастаком сябе адчуў толькі ў Беларусі
«Я скончыў інстытут і ўжо быў ляўрэатам некалькіх конкурсаў маладых мастакоў, удзельнічаў у рэспубліканскіх выставах. Але сапраўдным творцам сябе адчуў, калі пераехаў з Малдовы ў Менск — на радзіму. Я пісаў натурморт „Галінка цыклямэна“. Я яго ня сьпісваў, а ствараў. Толькі тады адчуў, што я творца. Гэта было маё фармальнае сьцьвярджэньне. Я знайшоў сваё разуменьне плястыкі, свой почырк. А грамадзянскае сьцьвярджэньне я адчуў, калі напісаў карціну „Маё Палесьсе“. Гэта былі людзі, якіх я бачыў на Піншчыне, Гомельшчыне» (Гаўрыіл Вашчанка. Партрэт у інтэр’еры часу / Беларусь, 2008, № 8).
20. Памёр на руках у сына, гледзячы на месячнае неба
Па словах спадара Кастуся: «Я прыйшоў да яго ноччу. Сьвятло не запальваў. Бацька аднымі вачыма папрасіў, каб я пасадзіў яго да вакна. Ніколі не забуду велічны, асьветлены поўняй твар таты, і такі спакойны пагляд яго блакітных вачэй. Я абняў яго, тата, гледзячы ў неба, сышоў...»
Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Кастусю Вашчанку.