Сэнат, верхняя палата парлямэнту Канады, прагаласаваў у аўторак за легалізацыю марыхуаны. Закон набудзе сілу праз 8-12 тыдняў.
Канада стала другой пасьля Уругваю дзяржавай, якая ўзаконіла вытворчасьць, ужываньне і раздробны продаж марыхуаны. Канадцы змогуць законна мець пры сабе да 30 грамаў марыхуаны і вырошчваць да чатырох расьлін. Гэтае рашэньне было прынята пасьля шматгадовых абмеркаваньняў ў адпаведнасьці з рэкамэндацыяй спэцыяльнай камісіі.
Прэм’ер-міністар Канады Жустэн Трудо вітаў рашэньне парлямэнтарыяў. «Нашым дзецям было занадта лёгка дастаць марыхуану, а злачынцам — сарваць прыбытак. Сёньня мы мяняем сытуацыю», — напісаў Трудо ў паведамленьні ў «Твітэры». Легалізацыя марыхуаны была адным зь перадвыбарных лёзунгаў Трудо.
Праціўнікі гэтага рашэньня настойваюць на тым, што наркатычная расьліна стане занадта даступнай для дзяцей і падлеткаў і наступствы такога прадказаць цяжка. Мала таго, паводле іх, яно прывядзе да легалізацыі крымінальных вытворцаў марыхуаны.
У апошнія гады раздробны продаж марыхуаны быў дазволены ў 9 штатах у ЗША, аднак згодна з фэдэральным законам такі продаж незаконны.
У Беларусі марыхуана лічыцца наркатычным сродкам і яе ўжываньне забароненае, а за продаж жорстка караюць, але ў шэрагу краінаў сьвету дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна сапраўды можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага) марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне сапраўды мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на больш цяжкія наркотыкі.
Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»
Беларусы нават зьбіралі подпісы за легалізацыю і дэкрыміналізацыю марыхуаны. Аўтары пэтыцыі сьцьвярджалі, што ў Беларусі на ўтрыманьне асуджаных за ўжываньне ці захаваньне канопляў траціцца 6 млн даляраў на год, а саджаюць іх на 8–15 гадоў.
Ня так жорстка, як у Беларусі. Што пагражае «за наркотыкі» ў суседніх краінах
Увогуле ў Беларусі вельмі жорсткія пакараньні за наркатычныя злачынствы. Напрыклад, артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад 5 гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у беларускіх турмах адбываюць пакараньне 13 760 асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Гэта больш за траціну ад усіх асуджаных у месцах пазбаўленьня свабоды на 1 студзеня 2018 году.
Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА
У красавіку-траўні актывісткі «Маці 328» (сваякі асуджаныя па наркатычных артыкулах) правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (шматлікія пакараньні за дробны распаўсюд, захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў), а таксама зьменаў у заканадаўства. 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў, а 11 траўня Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкулу.